Крамлёўская шпілька Лукашэнку: няхай змагаецца сам

Рэакцыя крамлёўскага прэсавага сакратара Дзьмітрыя Пяскова на скасаваны чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусі ўяўляе сабой выразны кантраст з тымі рытарычнымі громамі і маланкамі, якія гучаць на гэты конт ад прадстаўнікоў афіцыйнага Менску, піша Юры Дракахруст.

Фото kp.ru

«Скрадзенае сьвята», «спонсары сталі ахвярамі палітычных гульняў» «прэцэдэнт, пры якім спаборніцтвы могуць дагаджаць інтарэсам палітыканаў» - словам, гарачае абурэньне.

А з Крамля гучыць усяго толькі шкадаваньне. І пры гэтым – з нагоды таго, што «такія рашэньні  давялося (!) прыняць».

Іншымі словамі, для Пяскова скасаваньне чэмпіянату ў Менску - гэта ня прошукі падступнага Захаду, «ворагу славянства», не ідэалягічная дывэрсія, не замах на сувэрэнітэт Беларусі.

Проста давялося. Так жыцьцё склалася. Зьбег абставінаў непераадольнай сілы. А можа Беларусь і сапраўды ня здолела гарантаваць належную бясьпеку спаборніцтва, што стала афіцыйнай матывацыяй пераносу чэмпіянату зь Менску.

А то там то каранавірус «псыхозам» абвесьцяць, то парад на 9 траўня зладзяць, то адсутнасьць карантынных мераў абвесьцяць найлепшай стратэгіяй барацьбы з «псыхозам». Ненадзейна ўсё, словам. Ня тое, што ў Расеі. 

Напэўна, ня варта перабольшваць значэньне гэтага кантрасту паміж палкасьцю афіцыйнага Менску ў гэтым пытаньні і касьмічным холадам крамлёўскай рэакцыі.

Але гэта безумоўна шпілька, намёк на тое, што ў супрацьстаяньні Беларусі з Захадам Крэмль ня будзе сабакам, якім круціць хвост.

У Крамля сваё супрацьстаяньне з Захадам і ён ад яго адмаўляцца не зьбіраецца.  А ў Лукашэнкі – сваё. Хай змагаецца. Сам.

Карбалевич: Что не даст превратить Беларусь в концлагерь

Герасименя: Перенос ЧМ по хоккею — один из маленьких ударов, который не даст Лукашенко утвердиться

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(48)