Кожнае чацьвёртае дзіця ў Беларусі нараджаецца па-за шлюбам

На Магілеўшчыне наагул — кожнае трэцяе дзіця. На Гарадзеншчыне — кожнае шостае. Па-за шлюбам нараджаюць часьцей за ўсё жыхаркі гарадоў.Чаму жанчыны адважваюцца нараджаць самастойна, без сужанца?

Сёлета ў Беларусі нарадзілася 21788 немаўлятак па-за шлюбам. Траціна пазашлюбных дзетак нарадзілася ў маладых жанчын — ад 20 да 24 гадоў. Але ўсё часьцей сталі нараджаць сьвядома, без мужоў, даволі пасьпяховыя жанчыны за 30, якія атрымалі добрую адукацыю (часьцяком не адну), зрабілі кар’еру, прыстойна зарабляюць.

Лекар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру "Маці і дзіця" Андрэй Вітушка.

(Вітушка: ) "Гэта насамрэч вельмі сумна. Гэта сьведчыць пра тое, што мужыкі ў нас, так бы мовіць, драбнеюць. І жанчыны ўсё часьцей нараджаюць дзяцей самастойна для сябе. Таму што хочацца зрэалізавацца як мама, і ўсё часьцей дзеля гэтага не патрэбны мужчына. Гэта паказвае стан нашага грамадзтва, зьяўляецца яшчэ адным адлюстраваньнем недабрабыту ў такім сацыяльным сэнсе".

Тлумачэньні спадарыні Ірыны, 33-гадовага эканаміста саліднай камэрцыйнай фірмы.

(Ірына: ) "Выйсьці замуж дзеля таго, каб завесьці дзіця — зараз у гэтым няма ніякай неабходнасьці. Я сама дастаткова зарабляю, і магу падняць дзіця сама. А муж як зьява прыроды мне абсалютна не патрэбны. Я выкарыстала знаёмага мужчыну па прызначэньні і нарадзіла сама. На ролю біялягічнага бацькі ён яшчэ падыходзіць, а на ролю выхавацеля — наўрад ці. Я лепш сама яго выгадую, сама забясьпечу".

Калі жанчына вырашыла нарадзіць па-за шлюбам, ёсьць мноства прычын, кажа псыхоляг Жанна Міцкевіч.

(Міцкевіч: ) "Першая крыецца ў цяжкіх абставінах сямейных. Маецца на ўвазе — у сваёй сям’і, дзе яна вырасла. Яна бачыла аблічча бацькі — непрыгляднае, і яна ня хоча быць побач з мужчынам, яна хоча выгадаваць дзіця, але каб не было ўплыву мужчынскага. Так яна выхаваная. Выхаваньне такое бывае ў няпоўнай сям’і, калі маці дае такую ўстаноўку, што ўсе мужчыны дрэнныя, і лепш мужчыну ня мець. Другая прычына — жанчына жадае мець кагосьці для сябе. Яна ня хоча падзяляць дзіця з кімсьці — такі ўласьніцкі характар любові да дзіцяці. Трэцяе — індывідуальныя прычыны, у кожнай свая. Можа быць, яна і не хацела па-за шлюбам дзіця мець, але, як кажуць, “па залёту”. Між іншым, залёт — тэрмін псыхалягіны".

Жанна Міцкевіч узгадала і так званы "люстраны прынцып" у псыхалёгіі, калі дзіця назірае за паводзінамі пары, мужчыны і жанчыны, і гэта кладзецца на яго падсьвядомасьць. Дзеці, якіх гадавала і выхоўвала адна маці, звычайна ня ўмеюць будаваць у будучым сваё ўласнае сямейнае жыцьцё.

Меркаваньне лекара Андрэя Вітушкі:

(Вітушка: ) "Безумоўна, я перакананы як мужчына, як лекар, як хрысьціянін, што дзіця павінна расьці ў сям’і. Нават з мэдычнага пункту гледжаньня, каб рос здаровы і фізычна, і псыхічна арганізм, каб у чалавечка маленькага быў прыклад як жаночых паводзінаў, так і мужчынскіх паводзінаў. Бо даўно ўжо даказана псыхолягамі, што ў дзяцей, якія растуць у няпоўнай сям’і, у іх часьцей здараюцца псыхалягічныя асаблівасьці".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)