Коўшык: Досвед вымушанай эміграцыі — гэта велізарны ўрок, які ўзмацніць нас як нацыю
Прадстаўніца АПК на нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык — пра перамовы дзеля змен у краіне і досвед вымушанай эміграцыі беларусаў.
— Мы разумеем, што ёсць некалькі сцэнароў змены ўлады ў Беларусі. Але мне асабліва хацелася б спадзявацца, што гэта адбудзецца мірным шляхам, шляхам перамоў. Такія рэчы магчымыя. Так адбылося, напрыклад, у Польшчы. І я перакананая, што пры пэўных умовах гэта магчыма і ў Беларусі, — кажа Аліна Коўшык у эфіры Еўрарадыё, адказваючы на пытанне, як яна бачыць вызваленне Беларусі.
Калі будзе круглы стол, за якім можна будзе дамовіцца пра тое, як далей будзе існаваць наша дзяржава, гэта было б найлепшым вынікам для ўсіх нас. Але, канешне, ёсць адна важная перадумова: бокам гэтых перамоў не можа з’яўляцца Аляксандр Лукашэнка.
Гэта будуць тыя людзі, якія зараз знаходзяцца на баку рэжыма. Наіўна было б казаць, што нам не трэба будзе з імі працаваць, вырашаць пэўныя пытанні. Але рабіць гэта трэба будзе асцярожна, захоўваючы нашы ідэалы і тыя важныя рэчы беларусаў, якія хочуць змяніць краіну.
У выніку, калі Лукашэнкі не будзе, прадстаўніца АПК лічыць, што трэба будзе дзейнічаць вельмі хутка, імкліва і рашуча.
— Безумоўна, мы разумеем, што трэба будзе вельмі хутка вяртацца, бо з-за мяжы гэтай змены рабіць немагчыма. Таксама мы разумеем, што актывізавацца будзе і Расія — тыя сілы, якія ў Беларусі падсілкоўваюцца расійскім рублём, спецслужбамі і г.д. Таму трэба будзе вяртацца і вырашаць праблемы.
Людзі, якія зараз знаходзяцца на баку рэжыму, таксама выдатна аналізуюць сітуацыю і разумеюць, што іх справа зараз вельмі цяжкая: фактычна, яны не маюць будучыні, падтрымліваючы дыктатара Лукашэнку і больш за тое, агрэсара Пуціна.
Коўшык таксама лічыць, што цяжкі досвед вымушанай эміграцыі беларусаў павінен спрацаваць на плюс.
— Нас пераставілі ў зусім іншыя ўмовы: функцыянавання дзяржавы, адукацыі, сістэмы здароўя, мясцовых уладаў, урада. Калі я пайшла з маімі бацькамі тут (у Польшчы — С.) прапісацца, маці не магла паверыць, што цягам 15 хвілін усё было зроблена. Што можна купіць квіток на цягнік, не выходзячы з дому, і яшчэ выбраць месца, якое табе падабаецца. Ёсць вельмі шмат рашэнняў, якім мы зараз можам вучыцца. Гэта сапраўды змяняе парадыгму нашага мыслення, расшырае рамкі.
Бо калі ты жывеш у сістэме страха… А тут ты раптам разумееш, што свет бязмежны, магчымасці бязмежныя і толькі ад цябе залежыць, як ты іх скарыстаеш. Я думаю, што гэта велізарны ўрок, які нас узмацніць як нацыю.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное