Котаў: «Увесь гэты бруд і негатыў давядзецца разграбаць не Шаўцову, не Лукашэнку»
Зміцер Шаўцоў застаецца кіраўніком Беларускага Чырвонага крыжа, хоць гэта пагражае спыненнем сяброўства і фінансавання ад міжнароднай федэрацыі. У гісторыі БЧК можна ставіць кропку? I дзе тут асацыяцыi з паводзінамі гопніка.
У Беларускім Чырвоным Крыжы паведамілі, што Зміцер Шаўцоў, які адзначыўся паездкамі на Данбас і ўдзелам у вывазе ўкраінскіх дзяцей у РБ, працягвае працу на пасадзе генеральнага сакратара арганізацыі. Такое рашэнне, як сцвярджаецца, «адзінагалосна» было прынятае яшчэ на вераснёўскім з’ездзе.
Нагадаем, скандал вакол дзейнасці БЧК і асабіста Шаўцова разгарэўся летам, калі ў сеціве з’явіліся доказы паездкі Шаўцова на Данбас — нібыта з гуманітарнай місіяй, але пры тым генсек Чырвонага Крыжа публічна выкарыстоўваў Z-сімволіку расійскіх агрэсараў.
Пад ціскам беларускіх актывістаў Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца пачала праверку, па выніках якой прыйшоў да высновы: дзеянні Шаўцова парушылі асноўныя прынцыпы і палітыку добрасумленнасці арганізацыі. Амаль месяц таму праўленне МФЧК заклікала беларускае аддзяленне звольніць Зміцера Шаўцова з пасады да 30 лістапада бягучага года — у адваротным выпадку сяброўства ў міжнароднай структуры аўтаматычна будзе прыпыненае, гэтак сама як і фінансаванне.
І вось, падобна, надыходзіць апошні этап гэтай эпапеі: прадстаўнікі БЧК дэманструюць, што не збіраюцца гуляць па міжнародных правілах. Што будзе цяпер, і як спыненне міжнароднай фінансавай падтрымкі паўплывае на працу з неабароненымі і ўразлівымі групамі ў Беларусі? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітолагам Анатолем Котавым.
— Да ўступлення ў сілу рашэння МФЧК ёсць амаль месяц, але, падаецца, іншага рашэння не будзе, у Беларусі сваю пазіцыю агучылі, да таго ж сёння ў Мінск дэманстратыўна прыязджае Львова-Бялова. Гэта магло б быць сур’ёзным міжнародным скандалам, калі б сёння Беларусь увогуле зважала на такія скандалы, — мяркуе палітолаг. — Па-першае, відавочна, што сама сістэма руху Чырвонага Крыжа і Паўмесяца, мякка кажучы, не ведае, як на такія гуманітарныя крызісы рэагаваць.
А тое, што ў гэтым сэнсе робіць беларуская арганізацыя — на жаль, вельмі прадказальна і паслядоўныя дзеянні.
Так, для іх пэўны час было важна мець магчымасць знаходзіцца пад шыльдай міжнароднай структуры. Нават на ўнутраным полі мела значэнне, што беларуская арганізацыя з’яўляецца часткай міжнароднага руху; гэта давала падставы лічыць: усё, што яна робіць (альбо, наадварот, не робіць), робіцца прынамсі без супраціву і негатыўнай ацэнкі з боку міжнароднай арганізацыі.
Такім чынам, заўважае Анатоль Котаў, нават калі і гучала зрэдчас крытыка, але наогул лічылася прымальным, што БЧК рэгулярна прыцягвалася да назірання за беларускімі выбарамі — «то бок, да назірання за фальсіфікацыямі і пацверджання таго, што фальсіфікацый як быццам не было».
— Не выклікала заклапочанасці ў Міжнароднай федэрацыі і тое, чаго беларускае аддзяленне ніколі не рабіла — не займалася сур’ёзна зняволенымі, у прыватнасці, палітвязнямі, не аказвала ім ніякай дапамогі.
Цяпер гэтая сітуацыя зменіцца. Але, напэўна, для беларускага рэжыму ўжо не так важна, каб над дзеяннямі ці бяздзейнасцю БЧК быў міжнародны флёр.
Мяркую, зараз рэжым узважваў наступствы аднаго і другога рашэння: мяняць ці не мяняць Шаўцова на пасадзе кіраўніка. Калі не мяняць — ну, выключаць з міжнароднай сістэмы, спыніцца фінансаванне — але ж фінансаванне з боку дзяржсістэмы, паборы з медыкаў застануцца.
Ну, забароняць карыстацца сімволікай. Скандальна, канешне — але ж улады краіны, якая афіцыйна дазваляе займацца пірацтвам, парушаючы міжнародныя правы інтэлектуальнай уласнасці, могуць выпусціць яшчэ адзін указ і ў сувязі з «недружалюбнай дзейнасцю» Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца дазволіць беларускай арганізацыі карыстацца сімволікай надалей.
Калі вырашаць пабыць больш-менш законапаслухмянымі — магчыма, зменяць колер гэтага крыжа на сіні, альбо яшчэ чорны падыйдзе. Нават абрэвіятура не зменіцца, будзе тое ж БЧК.
Напэўна, на гэтым сімвалічныя пакаранні і наступствы для рэжыму скончацца.
Пры гэтым, паўтаруся, унутраныя крыніцы фінансавання не зменяцца, палітыку мяняць таксама не трэба, затое ўсім дэманструецца, што «сваіх не кідаем». Узважыўшы мінусы і плюсы, улады вырашылі, што Шаўцоў больш важны за міжнародны імідж, ад якога амаль нічога ўжо не засталося нават у гуманітарнай сферы.
Такі крок, з аднаго боку, пакажа іншым маналітнасць сістэмы, а з другога — і Шаўцоў, і яго паплечнікі будуць больш ахвотна падтрымліваць не надта законныя дзеянні беларускага і расійскага рэжыму на Данбасе, пад гэта будуць атрымлівацца грошы з бюджэту так званай Саюзнай дзяржавы, дый Лукашэнка таксама нешта падкіне.
На жаль, мяркуе Анатоль Котаў, з прыпыненнем міжнароднага фінансавання нейкія карысныя праграмы інфармавання, дапамогі непрацаздольным і самотным пажылым, людзям з ментальным разладам, дзецям з інваліднасцю будуць скарочаныя.
— Найхутчэй, праграмы, якія дзяржава фінансавала ў апошнюю чаргу, будуць яшчэ больш скарочаныя. І яшчэ, як заўжды, рэжым стане ў позу, як неаднаразова было: маўляў, нам не даюць грошай, і такім чынам здзекуюцца з нашых нямоглых і старых.
Сітуацыю палітолаг параўноўвае з паводзінамі гопніка, які выпадкова патрапіў у прыстойную кампанію.
— Ён робіць тое, што не прынята ў нармальным грамадстве, і яшчэ падсмейваецца: ну, і што вы мне зробіце? Нават, як у тым фільме «Аб чым гавораць мужчыны», «пардоньце» не скажа, — дадае Анатоль Котаў. І бачыць яшчэ адну непрыемную перспектыву:
Пасля, праз месяц ці праз год, калі ўсё ж адбудуцца змены і Беларусь будзе так ці інакш вяртацца на нармальны лад, у тым ліку ў рамках міжнародных арганізацый — увесь гэты бруд і негатыў давядзецца разграбаць не Шаўцову, не Лукашэнку, не нейкім яшчэ функцыянерам з Міністэрства аховы здароўя ці таго, што застанецца ад Беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа — а нармальным беларусам.
Читайте еще
Избранное