Асобна скажу пра Грузію. У кастрычніку мінулага года мяне там затрымлівалі па запыту беларускіх уладаў праз тое, што я нібыта ўдзельнічала ў нейкім тэрарыстычным акце.
Колесава-Гудзіліна: «Мяне затрымлівалі ў Грузіі па запыту беларускіх уладаў»
Прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна і сузаснавальніца дабрачыннай ініцыятывы «Партызанка» Ганна Маціеўская назвалі самыя бяспечныя і небяспечныя краіны для беларусаў.
— Спіс краін, у якія не трэба ехаць беларускім актывістам ці тым, хто пакінуў краіну з-за грамадзянскай пазіцыі, пашырыўся. Сітуацыя стала горш, — адзначыла Марыя Колесава-Гудзіліна на Еўрарадыё.
Яна пералічылі небяспечныя краіны:
— Першае, куды не трэба ехаць, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Кыргызстан, Казахстан, Узбекістан. Таксама не раю Азербайджан, Арменію і Сербію.
У Грузіі зараз незразумелае палітычнае становішча і невядома, што будзе далей, ці будуць яны супрацоўнічаць з афіцыйнай Беларуссю.
Так, там усё яшчэ дапамагаюць беларусам, ёсць шэлтары, якія прымаюць уцекачоў, працуюць розныя праграмы, але тут гаворка пра тое, што дапамагаюць беларусам самі беларусы. Падкрэслю, дзяржава не дапамагае.
Вядома, у Грузіі жывуць беларусы і стала. Павінна сказаць, што гэта не небяспечна. Калі ў вас ёсць магчымасць з’ехаць з Грузіі і не жыць там стала, параю выбіраць іншую краіну.
Таксама хацела б папярэдзіць тых, хто праз 364 дні знаходжання ў Грузіі плануюць ехаць на візаран у Арменію. Калі ласка, не рабіце гэтага. Мы стаміліся ўжо, бо гэта не адзін і не два выпадкі, а шмат людзей, якіх затрымліваюць у Арменіі. Гэта праблема.
Ці будзе яна вырашацца, невядома, але зараз яна актуальная. Калі вам трэба зрабіць візаран, лепш паехаць у Турцыю, толькі не ў Арменію ці Азербайджан.
У той жа час Грузію можна разглядаць для таго, каб выехаць з Беларусі, бо гэта амаль не адзіны маршрут. Калі выбіраць паміж Турцыяй і Грузіяй, то лепш, напэўна, Грузія, калі вы не знаходзіцеся ў міжнародным вышуку.
Як першы пункт на маршруце, Грузія можа быць, але для сталага жыцця я бы не стала яе разглядаць, — кажа Колесава-Гудзіліна.
Пра краіны, дзе беларусы могуць адчуваць сябе пад абаронай, распавяла таксама Ганна Маціеўская:
— Доўгатэрміновыя перспектывы выглядаюць такім чынам, што Грузія не з’яўляецца бяспечнай для беларусаў краінай. І сітуацыя там можа толькі пагоршыцца.
Таму раю разглядзець магчымасці пераезду і легалізацыі ў краіны, дзе беларус можа адчуваць сябе бяспечна.
Зараз перш за ўсё такой краінай з’яўляецца Польшча, таксама Літва.
Читайте еще
Избранное