Днямі падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Азербайджана Алі Асадавым беларускі правіцель заявіў, што ў эканамічных стасунках з гэтай краінай у Беларусі «ніякіх праблем няма», толькі пажадана было б паскорыцца.
А што, уласна, перашкаджае?
Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч заўважыў, што і ўнутры Беларусі, нават калі ёсць прамы загад «зверху», многія рэчы робяцца з фантастычнай хуткасцю — толькі са знакам мінус. І прывёў красамоўныя выпадкі, дзе аналогіі з прытчай пра Хаджу Насрэдзіна, які абяцаў шаху за 20 год навучыць асла гаварыць, напрошваюцца самі сабой:
— Не так даўно звольнілі дырэктара беларускай кампаніі, якая выпускае вакцыны (былы гендырэктар «БелВітУніфарм» Сяргей Бальшакоў — С.), — нагадвае Аляксандр Кныровіч у эфіры Еўрарадыё. — Калі пачынаўся каранавірус, ён абяцаў выпусціць беларускую вакцыну, што называецца, ледзь не заўтра.
У 2021 годзе ён гэта абяцаў, у 2022-м, у 2023-м. На 1 траўня 2024 года быў прызначаны ўжо запуск у серыю беларускай антыкавіднай вакцыны. Не атрымалася. І некалькі месяцаў таму яго ўсё ж такі знялі — праз тры гады пасля таго, як ковід скончыўся. А беларускай вакцыны ад яго так і няма.
Гэта адзін прыклад, а другі адбыўся на мінулым тыдні. Прэм’ер Галоўчанка прыехаў на Белджы, яму павінны былі паказаць, як мы робім імпартазамяшчэнне на гэтых аўтамабілях (мы разумеем, што купілі аснову і цяпер можам рабіць з гэтым аўтамабілем усё, што пажадаем).
І вось яму паказалі — ён глядзіць, а там толькі пластыкавы бампер. То бок, за год мы зрабілі адзін толькі беларускі пластыкавы бампер. Прэм’ер стаяў, часаў патыліцу і кажа: «Бампер ёсць, а дзе люстэркі? Вы ж мне абяцалі».
А з люстэркамі пакуль не вельмі. Ён разышоўся, крычаў на дырэктара, маўляў, мы стаім на месы, а гэта дзяржаўная справа, прэзідэнт і ўрад паставіў задачу.
А далей ён пайшоў да пытання электрамабілю, і ведаеце, што высветлілася?
Першы раз электрамабіль павінен быў быць выпушчаны ў 2018 годзе — 2 тысячы штук, апошні раз абяцалі, што ўжо напрыканцы 2024 года будзе серыйны выпуск беларускіх электрамабіляў.
Да канца года засталося меней за 100 дзён. Згадаў прэм’ер гэтае пытанне на Белджы і сказаў, што вось вопытныя ўзоры зрабілі, стаім перад серыяй — але які будзе сабекошт, не ведаем. І наогул не ведаем, і трэба іх прадукаваць, бо калі гэта будзе 2-3 тысячы, то невядома, патрэбны нам гэты электрамабіль, або не?
А нагадаю, што быў загад Лукашэнкі, і гэтыя электрамабілі павінны былі быць выпушчаныя даўно.
І вось, адштурхоўваючыся ад хуткасці, з якой працуе дзяржаўная прамысловасць, і прыходзім да высноў: а нічога, выбары на носе, Галоўчанку можна мяняць, таму ўсё застанецца на сваіх месцах.
На пачатку 2023 года, дадае Аляксандр Кныровіч сумную гісторыю з Мінскага мотавелазавода, павінен быў з’явіцца і беларускі веласіпед — ім займалася, між іншым, асабіста Наталля Качанава (то бок, не займалася, а «трымала пытанне на кантролі»).
У выніку 14 буйных прамысловых прадпрыемстваў уключыліся ў вытворчасць, перад новым 2023 годам Качанава праверыла, што нічога не гатова, і абяцала пасадзіць усіх за сабатаж…
— А праз год усё скончылася праграмай развіцця прамысловасці, дзе было прапісана, што ў 2027 годзе 50% беларускага веласіпеда ўсё ж такі будзе, — рэзюмуе прадпрымальнік. — Таму я разумею прэм’ера Азербайджана, але яго чакаюць вялікія неспадзяванкі найбліжэйшым часам.