Филин

Міхаіл Мішкін

Класкоўскі: У жаданні мець ядзерны дручок усе дыктатары вельмі падобныя

Прага ядзернай зброі і незгінальнасць перад санкцыямі. Што яшчэ беларускі рэжым імкнецца скапіраваць з паўночнакарэйскага?

Вярхоўны народны сход Паўночнай Карэі прыняў закон аб ядзернай зброі, які дазваляе яе прэвентыўнае выкарыстанне для абароны ад знешняга нападу — пра гэта паведаміла паўночнакарэйскае дзяржаўнае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва. Лідар КНДР Кім Чэн Ын абвясціў, што цяпер ядзерны статус краіны «незваротны», а дыскусіі аб дэнуклеарызацыі не маюць сэнсу, бо Карэя ў супрацьстаянні з ЗША ніколі не адмовіцца ад ядзернай зброі.

Што гэтая заява значыць для міжнароднай супольнасці — ці аказаўся ядзерны шантаж Крамля дурным прыкладам, які падхопяць іншыя недэмакратычныя рэжымы, і ці варта суседзям КНДР і наогул усяму свету напружыцца? Гэтыя і іншыя пытанні, а таксама паралелі паміж паўночнакарэйскай дыктатурай і беларускім рэжымам «Филин» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.

Аляксандр Класкоўскі

— Наўрад ці варта думаць, што Кім Чэн Ын узяў прыклад з Пуціна і таму стаў пагражаць планеце ядзерным дручком, — гаворыць аналітык. — З Пхеньяна гэтыя пагрозы чуюцца даўно, і тут цяжка казаць, хто з каго бярэ прыклад, бо ўвогуле гэта фірмовы стыль дыктатараў: пагражаць і свету, і сваім грамадзянам таксама, за кошт гэтага такія дзеячы трымаюцца пры ўладзе.

Пуцін, калі браць ягоную «спецыяльную вайсковую аперацыю», з самага пачатку даволі празрыста намякаў, што Масква можа ўжыць ядзерную зброю, — каб напалохаць Захад і каб з таго боку была меншая падтрымка Украіны.

Але тады, на першым этапе, гэта не спрацавала, пастаўкі зброі Кіеву нарасталі, таму Крэмль перайшоў да гібрыдных пагроз, першая з якіх звязаная з сітуацыяй вакол Запарожскай АЭС, якую рускія захапілі і цяпер стараюцца разыграць гэтую карту.

Еўропе сапраўды няўтульна, мяркуе Аляксандр Класкоўскі, бо калі на ЗАЭС рване, то нікому мала не здасца — наступствы могуць быць параўнальныя з Чарнобыльскай катастрофай ці нават горшыя.

— Спекулючы на гэтай тэме, Крэмль стараецца накінуць і Кіеву, і Захаду свае ўмовы перадышкі на сённяшні дзень, бо відавочна, што сіл у Масквы нестае, каб атрымаць нейкую хаця б адносную перамогу ў сваёй вайсковай авантуры. А ў прынцыпе за кошт агрэсіўных дзеянняў, і ў прыватнасці ядзернага шантажу, Масква хацела б навязаць нейкую новую вялікую дамову пра падзел свету і сферы ўплыву.

Свае ядзерныя амбіцыі, зазначае аналітык, ёсць і ў Лукашэнкі. Ён неаднойчы публічна шкадаваў пра тое, што першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, маўляў, не падумаўшы, згадзіўся вывесці з беларускай тэрыторыі ядзерную зброю, аддаць боегалоўкі, якія дасталіся ад Савецкага Саюза і якімі быў нашпігаваны беларускі стратэгічны плацдарм.

— Лукашэнка жорстка крытыкаваў з гэтай нагоды Шушкевіча і казаў адкрытым тэкстам, што калі б Мінск да сёння валодаў такой зброяй, то з намі «іначай бы размаўлялі». Гэта ключавая фраза, і Лукашэнка дасюль марыць пра вяртанне ядзерных боезарадаў, у той ці іншай форме, на беларускую зямлю. Відаць, невыпадкова з новага варыянту Канстытуцыі знікла згадка пра бяз’ядзерны статус Беларусі, — гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

Для чаго яму гэта патрэбна? Лукашэнка адчувае, што яго становішча не надта трывалае, вялікая частка грамадства незадаволеная, а тут яшчэ і Захад цісне санкцыямі, у тым ліку і за саўдзел у расійскай агрэсіі. І было б някепска мець ядзерны дручок, каб ямчэй трымацца ва ўладзе і каб баяліся насядаць «праклятыя імперыялісты».

Гэтая рыса, на думку эксперта, аб’ядноўвае ўсіх згаданых дыктатараў: і паўночнакарэйскаму правадыру, і Пуціну, і Лукашэнку неабходны ядзерны «аргумент» для ўплыву на міжнародную палітыку, бо іншых аргументаў — нармальных, станоўчых, міралюбівых — гэтыя рэжымы папросту не маюць.

Пры ўсіх ядзерных амбіцыях Лукашэнкі Крэмль скарыстоўвае яго ў сваёй геапалітычнай гульні. Беларускі правадыр лічыць сябе вельмі важным гульцом, але ён усяго толькі адна з фігур на шахматнай дошцы, хадамі на якой Пуцін хоча застрашыць Захад.

Пры гэтым, на думку палітычнага аглядальніка, Крэмль насамрэч ніколі не дасць ядзерныя боезарады ў рукі Лукашэнкі, бо той можа скарыстацца такім козырам і для шантажу самой Масквы. Але Пуціну важна стварыць момант дадатковай непрадказальнасці для Захаду.

Згадаем чэрвеньскую сустрэчу расійскага і беларускага саюзнікаў у Санкт-Пецярбургу, дзе быў разыграны на публіку цэлы спектакль: «малодшы брат» заявіў, што яго непакояць палёты самалётаў НАТО, якія патэнцыйна могуць несці ядзерную зброю, таму добра было б даць нейкі сіметрычны адказ. Праўда, і Пуцін, і Лукашэнка блыталіся ў марках самалётаў, чым нямала павесялілі авіяэкспертаў: адзін хацеў мадэрнізаваць Су-35, якіх наогул няма ў беларускіх ваенна-паветраных сіл, другі казаў пра Су-25 (старыя савецкія дагукавыя штурмавікі, якія ніхто ў свеце не прыстасоўваў пад ядзерную зброю).

Несці ядзерныя боезарады могуць Су-24 — але гэтую таксама савецкую яшчэ тэхніку ў Беларусі вывелі са складу Узброеных сіл яшчэ дзесяць год таму.

— І хоць тэарэтычна гэтыя машыны можна было б мадэрнізаваць, але, па-першае, выклікае пытанні іх тэхнічны стан, а па-другое, у кожным разе гэта нельга зрабіць за два месяцы — а Лукашэнка напрыканцы жніўня пераможна заявіў, маўляў, усё гатова і ў любы момант гэтыя самалёты мы можам скарыстаць, — нагадвае суразмоўца «Филина». — Гэта выглядае найхутчэй што блефам, звышзадача якога і для Крамля, і для Мінска — настрашыць Захад, выкарыстоўваючы рэпутацыю Лукашэнкі як кіраўніка імпульсіўнага, непрадказальнага, ад якога невядома чаго чакаць.

Тут, зноў жа, узнікае паралель з Кім Чэн Ынам. Сама па сабе Паўночная Карэя — адсталая краіна, невялікая, яна не мае істотнай палітычнай і эканамічнай вагі ў свеце. Але мы бачым, што і Вашынгтон мусіць з Пхеньянам цацкацца, хадзіць вакол гэтага рэжыму, як вакол хворай скулы, каб не раздражняць лішні раз — бо хто яго ведае, які нумар можа адмачыць дыктатар, які, магчыма, не вельмі сябруе з галавой.

Цяперашняя дэклараваная канцэпцыя Пхеньяна аб тым, што ядзерны ўдар можа быць нанесены ў пэўных умовах нават аўтаматычна, прычым прэвентыўна, таксама скіраваная на тое, каб Захад напружыўся і каб непрадказальнасць рэжыму была ягоным козырам у торгу. У гэтым плане ўсе дыктатары вельмі падобныя.

— З беларускім рэжымам узнікае асабліва многа паралеляў. Заява КНДР, што ядзерны ўдар можа быць нанесены ў адказ на «непазбежнасць нападу», наўпрост адсылае да «карты, адкуль рыхтаваўся напад на Беларусь», і тэза, што «Карэя не здасца нават пасля ста год санкцый», як з Лукашэнкі спісаная, і — вішанькай на торце — віншаванне ад Лукашэнкі з днём утварэння КНДР, дзе ўжыты дзіўны пасаж пра «падабенства гістарычных лёсаў беларускага і карэйскага народаў».

Ці можна меркаваць, што іншыя палітычныя мадэлі, прынамсі казахстанская, расчаравалі беларускія ўлады, і тыя ўсё больш схіляюцца да паўночнакарэйскага ўзору?

— Лукашэнка цяпер як шчупак у нераце. У свой час ён усё ж і ў палітычную адлігу спрабаваў пагуляць, і даваў адмашку на нейкія абмежаваныя прагрэсіўныя пераўтварэнні ў эканоміцы, куртатыя, але ўсё ж рынкавыя рэформы, і вылучаў на вядучыя месцы ва ўрадзе ўмоўных рыначнікаў, такіх як Сяргей Румас — але перад выбарамі 2020 года акурат яго прыбраў з пасады, таму што палічыў такога ліберальнага кіраўніка ненадзейным.

Як бачна, калі паўстае выбар паміж захаваннем улады і хаця б адноснай дэмакратызацыяй, рынкавай свабодай, то Лукашэнка робіць выбар на карысць улады. І ў выніку трапляе ў каляіну, з якой практычна немагчыма выскачыць.

Гэта адбылося ў 2020-м, калі Крэмль напоўніцу скарыстаўся тым, што крэсла Лукашэнкі захісталася ад пратэстаў, і ўзяў таго ямчэй пад сваю апеку. Другой адсечкай у закабаленні Беларусі стала 24 лютага сёлета: саўдзел у агрэсіі — чыннік, які прывязвае Лукашэнку да Масквы яшчэ мацней.

Хоць, натуральна, зараз будзе пагаршацца эканамічнае становішча і будуць узрастаць рызыкі забурэнняў на гэтай глебе ў Беларусі, але ў Лукашэнкі варыянтаў практычна няма. Масты ў дачыненнях з Захадам спаленыя, а супраць Пуціна ён пайсці не можа. Таму ўсё, што застаецца, — падгульваць Крамлю ў спадзеве на нейкія фінансава-эканамічныя даброты ад яго, рабіць свой рэжым яшчэ больш жорсткім, закручваць гайкі і працягваць рэпрэсіі.

Працяг гэтага трэнду мы бачым проста цяпер. Нават калі Лукашэнка пасылае пэўныя сігналы Захаду і грамадству абяцаннем амністыі, то паводле задумы амністыя будзе абмежаванай, а разам з тым ідуць размовы пра пазбаўленне грамадзянства змушаных эміграваць палітычных праціўнікаў рэжыму. І гэта сігнал наменклатуры, сілавікам, што па вялікім рахунку палітыка не змяняецца. Таму — так, гэта павольнае спаўзанне рэжыму ў бок Паўночнай Карэі.

Аднак гістарычныя лёсы ў нашых народаў вельмі адрозныя, нягледзячы на рытарычныя рэверансы Лукашэнкі перад Пхеньянам. У беларускай нацыі вялікі еўрапейскі бэкграўнд з часоў сярэднявечча. На жаль, у сённяшняй сітуацыі Мінск рве гэтыя сувязі з Еўропай. Але 2020 год, на маю думку, паказаў, што грамадства перарасло рэжым і ёсць вялікі слой людзей, якія хочуць жыць паводле еўрапейскіх правіл і каштоўнасцяў.

Таму барацьба будзе працягвацца, нягледзячы на спробы беларускага і расійскага рэжымаў спыніць час і ізаляваць свае народы дзеля задавальнення інтарэсаў кіроўных вярхушак. І ніякі ядзерны шантаж гэтыя гістарычна асуджаныя рэжымы ў рэшце рэшт не ўратуе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)