Калі паглядзець у нядаўнюю гісторыю — Каардынацыйная рада стваралася ў іншых умовах і, скажам шчыра, з іншай місіяй. Гэта структура паўстала ў жніўні 2020 года, калі бушавалі вулічныя пратэсты, і многім здавалася, што ўлада ўжо хістаецца і самы час весці з рэжымам перамовы пра нейкі транзіт улады…
Класкоўскі: «Цяпер вырашальны момант. Мяч на баку тых, хто ўвойдзе ў новы склад Каардынацыйнай рады»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — пра тое, ці будуць выбары ў «протапарламент» значнай падзеяй для беларусаў па абодва бакі мяжы.
На мандаты новага складу Каардынацыйнай рады прэтэндуе 280 чалавек. Усяго было пададзена 13 спісаў кандыдатаў, цяпер прыём заявак спынены. Неўзабаве распачнецца агітацыя, а 25–28 траўня, як плануецца, пройдзе ўласна галасаванне.
Аднак стаўленне да протапарламента ў беларусаў неадназначнае. Калі адны мяркуюць, што гэта рух у бок дэмакратызацыі і атрыманы досвед абавязкова спатрэбіцца ў новай Беларусі, іншыя задаюць пытанне: што ўжо зроблена Каардынацыйнай радай, ці ўплывае гэтая структура на жыццё дыяспары і беларусаў унутры краіны, і калі не — то навошта яна?
Тое, наколькі значнымі ёсць для беларусаў такая палітычная інстытуцыя і выбары ў яе, як паўплывалі на рэпутацыю ўнутраныя крызісы і разборкі, што выплюхваліся ў публічную прастору, якія перспектывы мае КР, Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандрам Класкоўскім.
— Мы бачым, што абвяшчэнне выбараў ускалыхнула, ва ўсякім разе, палітычную эміграцыю: пачаўся «варушняк», балатуецца даволі шмат яркіх асоб, — зазначае аналітык. — Той жа Павел Латушка вылучыўся — калі згадаць папярэднія падзеі, ён быў гучна грукнуў дзвярыма Рады і сышоў, цяпер зноў хоча ў яе ўвайсці. Ён пэўна ж не дасць там сумаваць. Альбо, скажам, Вадзім Пракоп’еў — таксама цікавая, пасіянарная асоба, каліноўцы ідуць на выбары — шмат каго можна назваць.
З іншага боку, за час існавання Каардынацыйнай рады да яе назапасілася шмат вострых пытанняў.
Але сёння я б не быў такім катэгарычным суддзём, які выносіць канчатковы прысуд — мае гэта структура права на існаванне ці не. Думаю, мяч будзе на баку тых, хто ўвойдзе ў новы склад.
Таму што цяперашні склад (ці папярэдні, не ведаю, як тут лепш назваць — бо паўнамоцтвы скончыліся ў лютым, але, як вядома, самі чальцы Рады іх працягнулі, што таксама выклікала негатыўны рэзананс у часткі палітызаванай публікі) пакінуў больш пытанняў, чым адказаў.
Аднак, як вядома, падзеі павярнуліся зусім іначай: пратэсты былі здушаны, Лукашэнка ўзяў сітуацыю ў абцугі і трымае яе пакуль што моцна. Многіх з таго першага складу Рады ці пасадзілі ў турму, ці выціснулі ў эміграцыю, ці хтосьці сам лёг на дно, сцішыўся — то бок, яна была разгромлена.
З таго часу пачаліся змушаныя пошукі новай нішы, новай місіі — і калі паглядзець на дзеянні папярэдняга складу КР, то поспехаў тут не было дасягнута. І нейкіх выразных сэнсаў свайго існавання, якія былі б зразумелымі для шырокай публікі, мне здаецца, гэтыя чальцы рады не знайшлі.
Гэтая кадэнцыя запомнілася найперш нейкімі скандаламі, гучнымі выхадамі са складу, нават абвінавачваннямі ў карупцыі. Што яшчэ? Знялі (ну, дакладней, дамагліся зняцця) Аляксандра Азарава з пасады ў Аб'яднаным пераходным кабінеце — вельмі ўмоўнае дасягненне, бо дагэтуль няма чалавека на яго месца, што сведчыць пра праблему кароткай лаўкі запасных і нежаданне многіх ісці на гэтую «расстрэльную» пасаду.
Але самая вялікая прэтэнзія, мяркуе Аляксандр Класкоўскі, — за зрыў тэрмінаў выбараў у КР, уся фішка якіх была ў супрацьпастаўленні так званым «бязвыбарам», як трапна назвалі беларусы сёлетні «адзіны дзень галасавання» ў Беларусі 25 лютага.
— Усё гэта было бяздарна правалена, — падкрэслівае аналітык, — Лукашэнка ж ніяк не замінаў чальцам Рады вызначыць своечасова механізм выбараў і правесці іх менавіта тады, у лютым. Але з-за ўнутраных спрэчак гэта не атрымалася.
Відавочна, што былі вялікія «цёркі» паміж КР і камандай Ціханоўскай, былі гучныя заявы з абодвух бакоў, ніяк не маглі прыйсці да згоды ў пытанні выбарчай сістэмы.
Кажуць, маўляў, КР — протапарламент, школа дэмакратыі для беларусаў і г.д. З гэтым можна згадзіцца, але ўсё ж парламенцкія баталіі не павінны ператварацца ў самамэту. Навучанне навучаннем, а мусіць быць і нейкая адказнасць, і кейс са зрывам тэрміну выбараў вельмі расчароўвае.
Цяпер — вырашальны момант.
Думаю, перыяд дзейнасці новага складу КР і вызначыць лёс гэтай структуры. Калі тыя людзі, каторыя прыйдуць у яе, дакажуць на справе, што гэта патрэбная структура, якая можа быць эфектыўнай і ствараць моцныя палітычныя сэнсы — гэта адна гісторыя.
Калі ж працягнецца валтузня і далейшы шлях Рады будзе азнаменаваны толькі скандаламі і сваркамі — тады, мяркую, нават палітызаваныя беларусы ў ёй расчаруюцца.
Што да значэння выбараў для беларусаў унутры краіны і па-за межамі — зразумела, гаворыць Аляксандр Класкоўскі, што для беларусаў у Беларусі яны не стануць адметнай падзеяй.
Бо, па-першае, мноства людзей не адчуваюць перасячэння сваіх інтарэсаў і дзейнасці Рады, а па-другое, шмат каго ўтрымае ад удзелу ў галасаванні элементарны страх і клопат пра бяспеку (раптам натрапіш на фэйкавы бот сілавікоў). «Прагаласаваць, а потым сесці на вялікі тэрмін у турму — задавальненне так сабе», — канстатуе аналітык.
— Нават спікер Рады Андрэй Ягораў напачатку казаў, што жаданая планка — 100 тысяч выбаршчыкаў, пазней знізіў яе да 50 тысяч. Калі спраецыраваць яе на колькасць выбаршчыкаў у Беларусі, гэта меней за 1%, таму лічба сама за сябе гаворыць.
Я не кажу, што гэта структура апрыёры бескарысная. Але ёй трэба неяк сфармуляваць сваю місію і паказаць, што чальцы Рады здольныя сапраўды напоўніць сэнсам сваю дзейнасць.
Трэба акрэсліць нейкую праграму, бо на сёння распаўсюджанае меркаванне, што рада — такая валізка без ручкі, якая стваралася ў адзін перыяд, які здаваўся пераходным да дэмакратыі, а сёння перыяд ужо зусім іншы: рэжым, наадварот, пераходзіць да таталітарызму. І перспектыва жаданых перамен адцягваецца, магчыма, на доўгі час.
Што цяпер рабіць? Давайце паразважаем. Традыцыйная задача парламента— прымаць законы. Але рабіць гэта паралельна з «палаткай» рэжыму, якая штампуе свае законы — па-першае, няма такіх рэсурсаў, дый законы гэтыя могуць састарэць да таго часу, калі надыдзе час рэальных перамен у Беларусі. Мы не ведаем, будзе гэта праз год, ці праз пяць ці дзесяць, і пісаць законы ў стол — таксама рэч няўдзячная.
Быць галіной улады, якая кантралюе кабінет Ціханоўскай? Ужо спрабавалі, у выніку знялі Азарава. І з аднаго боку, гэтая функцыя кантролю карысная, а з іншага — можа спарадзіць новыя канфлікты і стаць крыніцай бясконцых сварак, высвятлення адносінаў. У той час, калі дэмакратычным сілам і так нестае кансалідаванасці.
Займацца практычнымі пытаннямі для дыяспары? Гэтым, па ідэі, больш лагічна займацца выканаўчай уладзе, кабінету. І АПК гэта ўжо робіць, напрыклад, прасоўвае праект пашпарта Новай Беларусі — праўда, пакуль што не бачна вялікіх поспехаў.
Таму пакуль што я асабіста не адчуваю выразнай місіі Рады. І падаецца, што новы яе склад на пачатку сваёй дзейнасці павінен даць грамадскасці гэты адказ.
Читайте еще
Избранное