Политика

Кізім: «Паняцця «прабачыць» не будзе»

Якое месца павінна заняць Беларусь у будучых мірных перамовах, і дзе знаходзяцца беларуска-ўкраінскія стасункі зараз? Reform.news паразмаўляў з паслом Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігарам Кізімам.

Ігар Кізім. Фота: Радыё Свабода

— Ці павінна Беларусь удзельнічаць у патэнцыйных мірных перамовах? Калі так, то ў якім фармаце — праз прадстаўнікоў рэжыму ці дэмакратычных сіл? 

— Пытанне складанае. Я думаю, гэта будзе залежаць ад фармату перамоваў, які будзе прыняты. Па меншай меры, я не бачу рэжыму Лукашэнкі або Беларусі ў нейтральнай пазіцыі.  

Я бачу ролю Беларусі праз прызму адказнасці за саўдзел у агрэсіі. Такога паняцця як «прабачыць» не будзе. Мы зафіксавалі факт саўдзелу ў агрэсіі і замацавалі яго юрыдычна. З тэрыторыі Беларусі запускаліся ракеты, нават калі гэта рабілі расійскія войскі. Паводле ўсіх існуючых канвенцый, гэта парушэнне міжнароднага права. Беларусь стала саўдзельнікам.  

Шмат што будзе залежаць ад умоў, у якіх будуць адбывацца перамовы, і ад таго, што для нас будзе лічыцца перамогай.

Для нас галоўнае — разам з вамі перамагчы, спыніць вайну і прымусіць Расію вярнуцца ў «стойла» міжнароднага права. У якім фармаце будзе ўдзельнічаць Беларусь ці яе рэжым, менш важна, чым рэалізацыя гэтых мэт.

— Free Belarus Center у сваім даследаванні ацаніў узровень стасункаў Украіны і беларускіх дэмакратычных сілаў даволі аптымістычна. Ці карэктная гэта ацэнка?  

— Я цалкам згодны, што там вызначана пазітыўная дынаміка. Сам факт стварэння пасады спецпрадстаўніка па супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі сведчыць пра тое, што мы пачалі больш-менш пазітыўны дыялог з беларусамі. Мы зацікаўленыя ў супрацы з усімі, хто дапамагае нам перамагчы нашага ворага — Пуціна. Гэта наша галоўная мэта.  

— А што беларускія дэмакратычныя сілы не робяць цяпер, але маглі б рабіць? 

— Беларускія дэмсілы робяць тое, што могуць. Бачыце, беларускія дэмакратычныя сілы — гэта вельмі шырокае паняцце. Гаварыць цяпер пра нейкі адзін цэнтр нельга. Напрыклад, Офіс Святланы Ціханоўскай, наколькі мне вядома, выступае на міжнародных сустрэчах у падтрымку Украіны і адкрыта заяўляе пра важнасць яе падтрымкі. Але ёсць і іншая частка сілаў, якая ваюе ці аказвае гуманітарную дапамогу беларускім добраахвотнікам.  

Мы супрацоўнічаем з той часткай беларускага грамадства, якая лічыць сябе саюзнікам Украіны, можа, і часовым, у барацьбе з расійскай агрэсіяй. У адрозненне ад афіцыйнага рэжыму Лукашэнкі, які падтрымлівае вайну, прадастаўляе тэрыторыю, зброю і трэніруе расійскіх вайскоўцаў.

— У якіх пытаннях украінская дзяржава можа пайсці насустрач беларускім сілам? 

— Мы так пытанне не ставім. Давайце будзем сумленнымі: усё ж такі Украіна больш патрабуе дапамогі для перамогі над нашым супольным ворагам. Гэта, у тым ліку, у інтарэсах беларускага грамадства. Па вялікім рахунку, нам патрэбная дапамога і фізічная, і публічная. Нам патрэбныя танкі, зброя, ракеты. На жаль, беларускія дэмакратычныя сілы не вырабляюць нічога такога.  

— Ці магла б Украіна пайсці насустрач, напрыклад, у пытаннях легалізацыі?  

— Гэта іншае пытанне. Яно не адносіцца непасрэдна да ўкраінскай дзяржавы. Гэтую праблему павінны вырашаць беларусы тут. Ёсць шляхі для яе вырашэння. Калі ласка, працуйма.  

Тут трэба зразумець адну рэч вельмі дакладна. Вельмі цяжка адрозніць «дрэнных» і «добрых» беларусаў. Беларусь ці, дакладней, беларускі рэжым уцягнуў вашу краіну ў вайну на баку нашага ворага — Расійскай Федэрацыі.

Стаўленне да беларусаў, нават ва Украіне, не вельмі пазітыўнае. Нягледзячы на тое, што беларусы ваююць за Украіну, успрыманне Беларусі, на жаль, застаецца такім, што яна з’яўляецца суагрэсарам. І рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб гэтае ўспрыманне захоўвалася. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(26)