Политика
Радыё Свабода

Казуліну прад'явілі абвінавачаньне ў двух крымінальных злачынствах

Аляксандру Казуліну прад’явілі абвінавачваньне ў хуліганстве і арганізацыі групавых дзеяньняў з парушэньнем грамадзкага парадку. Максымальнае пакараньне за такія злачынствы — да 6 гадоў зьняволеньня. Аляксандр Казулін вінаватым сябе не прызнаў і абвінаваціў улады ў “правакацыі”. Ён лічыць, што яго перасьледуюць паводле палітычных матываў.

30 сакавіка падчас допыту ў Жодзінскім сьледчым ізалятары Аляксандру Казуліну прад’явілі абвінавачваньне. Адвакат Ігар Рынкевіч прысутнічаў на допыце былога кандыдата на прэзыдэнты.

(Рынкевіч: ) “Аляксандар Казулін абвінавачваецца ў двух крымінальных злачынствах паводле трох эпізодаў. 17 лютага ў будынку Нацыянальнага прэсавага цэнтру — гэта злоснае хуліганства, гэтаксама і эпізод 2 сакавіка ў Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі, і эпізод па 25 сакавіка — абвінавачваньне ў арганізацыі групавых дзеяньняў з парушэньнем грамадзкага парадку”.

Нагадаем, 17 лютага Аляксандр Казулін зьбіраўся правесьці прэсавую канфэрэнцыю ў будынку Нацыянальнага прэсавага цэнтра, але яго з прыхільнікамі ў будынак не пусьцілі. У вэстыбюлі адбылася сутычка з ахоўнікамі.

2 сакавіка кандыдат на прэзыдэнта спрабаваў зарэгістравацца на Усебеларускім сходзе, але ў будынку Палацу чыгуначнікаў на яго напалі, зьбілі і адвезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі. Там Аляксандр Казулін разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

25 сакавіка былы кандыдат на прэзыдэнта пасьля мітынгу ў сквэры Янкі Купалы ўзначаліў калёну тых, хто накіраваўся да турмы на Акрэсьціна. Паводле зьвестак міліцыі, Казуліна затрымалі, калі калёна спрабавала прарваць ачапленьне міліцыі на праспэкце Дзяржынскага. Сам кандыдат на прэзыдэнты казаў, што на яго напалі ззаду міліцыянты, калі ён угаворваў дэманстрантаў вярнуцца да царквы на Нямізе, дзе правесьці набажэнства за тых, хто быў арыштаваны.

Паводле адваката Рынкевіча, Аляксандр Казулін не прызнаў сябе вінаватым па ўсіх трох эпізодах. Ён лічыць, што адказнасьць за сутычкі з прадстаўнікамі праваахоўных органаў ляжыць на беларускіх уладах.

(Рынкевіч: ) “Ён гэтак вызначыў сваю пазыцыю што да абвінавачваньня. “Па-сутнасьці прад’яўленага абвінавачваньня, — цытую — відавочная грубая правакацыя і фальсыфікацыя фактаў. Таксама відавочная палітычная падстава гэтай справы, расправа з палітычным канкурэнтам”. Падпісана — Казулін”.

Тры дні таму адбылося першае наведваньне Аляксандра Казуліна адвакатам. Тады стала вядома, што палітык пры затрыманьні быў моцна зьбіты, у яго траўмы хрыбта і нагі. Як пачуваецца Аляксандр Казулін зараз?

(Рынкевіч: ) “Самаадчуваньне лепшае, але скаргі на болі ў сьпіне засталіся, гэтаксама як і на болі ў нагах, ў каленях. Мэдычная дапамога яму аказаная, але ён адмаўляецца ад уколаў зь вядомых прычынаў. Толькі прымае таблеткі”.

Адвакат Ігар Рынкевіч паведаміў, што абаронай Казуліна заяўлена некалькі хадайніцтваў, у тым ліку аб правядзеньні судова-мэдычнай экспэртызы траўмаў Аляксандра Казуліна, а таксама экспэртызы траўмаў пацярпелых падчас падзеяў 25 сакавіка.

Сьледзтва па справе Аляксандра Казуліна па-ранейшаму вядзе сьледчая група менскай гарадзкой міліцыі на чале з Аляксандрам Кунцэвічам. Ад кантактаў з журналістамі сьледчыя ўхіляюцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)