Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Падаецца вельмі малаверагодным, што чальцы ШАС сур’ёзна будуць абмяркоўваць антысанкцыйныя пытанні»

Палітолаг Андрэй Казакевіч распавёў Филину пра максімум, на які могуць разлічваць беларускія ўлады пасля прыняцця ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва.

Беларусь стала дзясятым па ліку паўнапраўным сябрам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва — адпаведныя дакументы былі падпісаныя 4 ліпеня ў Астане.

Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская асудзіла гэтае рашэнне і падкрэсліла, што ўваходжанне ў ШАС выгаднае толькі рэжыму, а не народу. Прапаганда ж ужо назвала гэта «гістарычным момантам».

А сам Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці «паслядоўна рэалізоўваць антысанкцыйныя падыходы», а таксама аб намеры «разбурыць сцены аднапалярнага свету» і «накарміць людзей».

Акрамя цалкам відавочнага жадання прасунуць беларускі калій пад маркай барацьбы з «глабальным голадам», што рэальна дасць Беларусі ўступленне ў ШАС, і ці выйгрыш гэта для рэжыму Лукашэнкі?

— Трэба прыгадаць, што такое Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, для чаго яна была створана — і толькі з гэтага можна зразумець, якія магчымасці адкрываюцца для кожнай краіны, — зазначае ў каментары Филину доктар палітычных навук, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

— А стваралася яна перш за ўсё для абмеркавання пытанняў бяспекі ў Сярэдняй Азіі — але з удзелам Расіі і Кітая. То бок, пытанні бяспекі, звязаныя з тэрарыстычнымі пагрозамі, унутранымі канфліктамі, міграцыяй, там былі асноўнымі.

Паступова колькасць краін, якія ўдзельнічаюць у ШАС, крыху пашырылася — былі далучаныя Індыя, Пакістан, Іран. Зноў жа, новых чальцоў перадусім хвалявала бяспека — і ў рэгіёне, пра які мы гаворым, пытанняў на гэты конт сапраўды хапае і ёсць неабходнасці развіваць нейкія інфраструктурныя праекты, таму што вельмі слабая камунікацыя.

Як мы бачым, набор пытанняў, праблем і выклікаў, якія стаяць перад Беларуссю, зусім іншы, чым ставяць перад сабой дзейныя чальцы і агулам арганізацыя.

Сімвалічна, гаворыць палітолаг, акцэнт беларускіх уладаў на ўваходжанні ў ШАС зразумелы: можна ў рыторыцы «шматпалярнага свету» і альтэрнатывы Захаду дэманстраваць, што Беларусь далучылася да яшчэ адной міжнароднай — прытым не заходняй — структуры. І гэта дае магчымасць для развіцця кантактаў з іншымі краінамі, бо апошнім часам у знешняй палітыцы РБ не так шмат поспехаў.

— Але, мабыць, гэта і ёсць максімум, — дадае Андрэй Казакевіч, — прынамсі, з таго, што я бачу на дадзены момант.

ШАС — пляцоўка, дзе можна будзе больш часта сустракацца, падтрымліваць нефармальную камунікацыю і абмяркоўваць пэўныя пытанні і з Кітаем, і з Індыяй, і з Пакістанам, узмацняць стасункі з усімі краінамі рэгіёну — асабліва з тымі, з кім існуе не так шмат рэгулярных фарматаў сустрэч.

Але з пункту гледжання функцыяналу самой арганізацыі, яна не так шмат можа даць Беларусі.

— То бок, як сказаў свежапрызначаны міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, палітыка-дыпламатычны трэк атрымаецца развіваць. Ці чакаць эканамічных прарываў?

— Калі ў афіцыйных колах гавораць пра эканамічнае супрацоўніцтва і гандаль — нельга сказаць, што гэтыя пытанні там зусім не ўздымаюцца, але ў асноўным ШАС не пра гэта. Яна не займаецца ні змяненнем тарыфаў, ні забеспячэннем вольнага гандлю паміж краінамі. Зрэшты, можа закранацца харчовая бяспека і ў гэтым кантэксце могуць прымаць нейкія рашэнні.

Таксама могуць вырашацца пытанні міграцыі, пытанні, звязаныя з санкцыямі — прынамсі на гэта націскае Беларусь. Але падаецца вельмі малаверагодным, што чальцы ШАС сур’ёзна будуць гэта абмяркоўваць.

Індыя не хоча ўмешвацца, відавочна балансуе паміж Захадам, з якім важна захаваць стасункі, і інтарэсамі іншых краін. Таму прасоўваць адкрыта антызаходнюю палітыку яна ніколі не будзе, у лепшым выпадку проста дазволіць рэалізоўваць нейкія схемы праз сваю тэрыторыю, але не возьмецца абараняць інтарэсы  Расіі і Беларусі, ці, скажам, Ірана. Тое самае можна сказаць пра Пакістан, у значнай ступені — пра Кітай.

Сярэдняя Азія вельмі занепакоена тым, што супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю можа прывесці да санкцый, таму многія кампаніі сталі значна больш асцярожнымі ў стасунках з імі. Не думаю, што далучэнне да ШАС зможа нейкім чынам на гэтую сітуацыю паўплываць.

Калі кажуць пра росквіт і прарыў — значную частку краін, якія ўваходзяць у ШАС, нельга назваць паспяховымі з пункту гледжання і эканомікі, і чалавечага развіцця. Таджыкістан, Пакістан, Кыргызстан — вельмі праблемныя краіны, і іх далучэнне да гэтага клубу ніякім чынам не прывяло да росквіту.

Так што дамаўляцца пра пэўныя візіты, кантакты, праекты на пляцоўцы ШАС можна, але гэта хутчэй пабочны эфект ад удзелу ў арганізацыі, а з пункту гледжання самой місіі і ідэі, карыснага для Беларусі функцыяналу не бачна.

— На вашу думку, ці можа быць уваходжанне ў ШАС для Беларусі спробай крыху зменшыць залежнасць ад Расіі за кошт збліжэння з Кітаем?

— Так, канешне. Гаворка не толькі пра Кітай — гэта ўвогуле размыванне аднаго вектару, які быў амаль цалкам расійскім. Таму гэты крок можна разглядаць у больш шырокім кантэксце, як дыверсіфікацыю знешняй палітыкі. Мяркую, такое памкненне таксама закладзена.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)