Гэта стары савецкі спосаб мадэрнізацыі эканомікі — давайце купім станкоў і на іх будзем нешта рабіць. Але гэты ўклад эканомікі памёр дзесьці у 1970-х гг.
Кавалкін: Сучасная эканоміка не пра станкі і будынкі — а пра навуку і даследаванні. А гэта Беларусь і Расія купіць не змогуць
Эканаміст Уладзімір Кавалкін — пра тое, хто выйграе ад закрыцця мяжы для беларускіх транспартнікаў, ці ўратуе Расія эканоміку Беларусі і што будзе з ІП.
— Мы ведаем, што польскія лагістыкі пратэставалі супраць таго, што беларусы ездзяць у Еўразвяз, а яны ў сваю чаргу ездзіць не могуць, бо Лукашэнка ім забараняе. Польскія ўлады пачулі сваіх выбаршчыкаў і зрабілі так, каб яны былі задаволеныя, — каментуе эксперт закрыццё Польшчай граніцы для беларускіх грузавікоў у эфіры «Е*рарадыё».
З аднаго боку яны наклалі санкцыі на рэжым Лукашэнкі, з іншага яшчэ і сваіх выбаршчыкаў перад выбарамі задаволілі. Гэта абсалютна зразумелая ідэя з пункту гледжання польскіх уладаў. Для беларусаў гэта, відавочна, вельмі дрэнныя навіны, бо, па-першае, ужо не атрымаецца так зарабляць, як гэта было раней, па-другое, не атрымаецца муціць схему са структураваннем бізнесу праз Польшчу.
Зразумела, яны могуць знайсці нейкіх палякаў, якія перапішуць гэты бізнес на сябе, але ж гэта дадатковыя рызыкі. Таксама яны могуць паспрабаваць структураваць свой бізнес праз іншыя краіны, напрыклад, Венгрыю ці Кіпр. Але гэты схематоз заўсёды дадае коштаў і зніжае прыбытак.
Ад закрыцця мяжы для беларускіх транспартнікаў, лічыць Кавалкін, выйграюць палякі, бо будуць задаволены выбаршчыкі, лагістыкі, якія заробяць больш. А страцяць беларускія лагістыкі, бо яны альбо будуць вымушаныя сысці з рынка, альбо неяк структураваць бізнес, што падыме іх кошты.
— Я думаю, што 80% кіроўцаў тракаў не будуць думаць пра палітыку, а проста звольняцца з беларускіх кампаній і пойдуць працаваць на літоўскія, польскія ці яшчэ якія кампаніі. Дальнабойшчыкам даволі проста ўладкавацца ў Еўропе, бо ёсць попыт. То бок атрымаюць працоўную візу і ўсё.
Эканаміст таксама разважае наконт 16 сумесных праектаў, якія зацвердзілі Беларусь і Расія. Гэтыя праекты тычацца машына- і станкабудаўніцтва, мікраэлектронікі і разлічаныя на 3 млрд рублёў. Кавалкін лічыць, што такі «саюз» Беларусі і Расіі ўвогуле ніяк не ратуе сітуацыю ў беларускай эканоміцы.
— Гэта адрэналінавы ўкол на год-паўтары. І для ўсялякіх карупцыянераў, якія будуць гэтыя грошы траціць, каб набыць новыя машыны, але не ведаю, дзе яны змогуць іх купіць. Пабудаваць новая будынкі — такая звычайная мадэрнізацыя па-савецкі: давайце пабудуем новы завод, завязём туды нейкія станкі і абсталяванне. Але сучасны бізнес і сучасная эканоміка ўжо не пра станкі і не пра гэтыя будынкі — гэта пра навуку, ноў-хаў і даследаванні. Вось гэта яны купіць не змогуць, гэта абсалютна дакладна, бо да іх ніхто не паедзе працаваць.
Купіць нейкае абсталяванне, напрыклад, у Кітаі — гэта будзе абсталяванне, якое з’яўляецца копіяй не самага апошняга абсталявання амерыканскага ці еўрапейскага. Бо ёсць патэнты, якія трэба абыходзіць, то бок каб амерыканскія ці еўрапейскія партнёры не падалі ў суд, трэба пачакаць адно, два, тры пакаленні і зрабіць нешта такое, пасля гэтага зрабіць нейкую копію і пасля прадаць гэтае абсталяванне. Гэта будзе такі тэхнічны ўклад як у пачатку 90-х, не сучаснае абсталяванне.
І што яны з гэтым будуць рабіць, куды яны гэту мікраэлектроніку будуць ставіць? Хіба што ў ракеты, але іх на экспарт прадаваць немагчыма, асабліва зараз. Яны не змогуць канкурыраваць ні па якасці з ЕЗ, ні па цане з Кітаем. Пабудуюць завод і будзе ён стаяць.
Нядаўна чыноўнікі раскрытыкавалі новы законапраект для прадпрымальнікаў, самазанятых і фізічных асоб, які дэпутаты прынялі ў першым чытанні. Кавалкін паразважаў, чаму так:
— Мо іх нехта папрасіў раскрытыкаваць. Яны гэтаму вучацца ў расійскіх партнёраў. Расійская прапаганда прыязджае да Беларусі, нечаму вучыць беларускіх прапагандыстаў і дэпутатаў. Яны там працуюць так: раздзяляюць нейкую тэму на некалькі накірункаў і закідваюць мэсаджы ў розныя бакі, а потым глядзяць, які лепей заходзіць публіцы. У нас таксама можна будзе пайграць у такую гульню: вось ты сёння апазіцыянер, а ты — кансерватар-лукашэнкавец. Заўтра памяняецеся.
Па-другое, на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. У сітуацыі, калі краіна пад санкцыямі, іпэшнікі і малы бізнес — адзінае, што дазваляе абыходзіць гэтыя санкцыі. То бок каб прывезці ў Беларусь нейкія станкі, трэба гэта рабіць рукамі пранырлівых людзей. З аднаго боку рэжым давіць на іпэшнікаў, бо гэта спекулянты, з іншага боку, вось, не працуе станок без нейкай дэталі, трэба, каб яе прывезлі. То бок няхай будуць, але няшмат і падкантрольныя, — кажа Уладзімір Кавалкін.
Читайте еще
Избранное