Общество

Кавалеўскі раскрытыкаваў пашпарт Новай Беларусі і расказаў, што збіраўся рабіць інакш

Пасля анонсу выдачы пашпартоў Новай Беларусі Валер Кавалеўскі, былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета, напісаў у фэйсбуку, што праект адрозніваецца ад таго, што ён распрацоўваў. І што складана ўявіць, каб такі пашпарт прызналі за праязны дакумент.

Наша Ніва пацікавілася ў Кавалеўскага, што ён збіраўся рабіць інакш.

«Я не разумею, што можна накіроўваць дзяржавам»

Па словах Валера Кавалеўскага (цяпер кіраўніка Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва), калі ён працаваў над праектам пашпарта, то прадугледжвалася, што орган выдачы пашпарта пройдзе незалежны аўдыт да таго, як пачнуць выдаваць дакументы.

«Гэты аўдыт павінен паказаць, што ўсе міжнародныя нормы для такіх структур выкананыя, ёсць адпаведныя пратаколы, сертыфікаванае абсталяванне. Усё гэта сведчыла б пра тое, што гэтаму органу выдачы можна давяраць. І такі сертыфікат патрэбны і беларусам, і замежным партнёрам. Атрымліваецца, што на цяпер гэта не зроблена, а толькі плануецца. Лічу гэта запозненым крокам.

Наступная рэч: той пакет, які павінен накіроўвацца замежным дзяржавам, павінен уключаць у сябе сам узор пашпарта, сертыфікат паспяховага аўдыту органа выдачы і міжнародна-прававое абгрунтаванне. На сёння фактычна ёсць толькі пашпарт.

Я не разумею, што можна накіроўваць дзяржавам, калі яны атрымаюць толькі прыгожую кніжку. На падставе чаго яны будуць прымаць рашэнне», — тлумачыць ён.

«Навошта Кабінету адбіткі пальцаў беларусаў?»

Кавалеўскі перакананы, што для пашпарта не трэба збіраць біяметрычных даных (адбіткі пальцаў) — дастаткова базавай інфармацыі, з якой чалавек прыходзіць на падачу дакументаў.

«Навошта біяметрыя органу выдачы ці Офісу Святланы Ціханоўскай, Кабінету адбіткі пальцаў беларусаў? Што яны з імі будуць рабіць? У звычайных сістэмах МУС накоплівае гэту інфармацыю для таго, каб змагацца са злачыннасцю. Калі біяметрыя трапіць у Мінск, а там усё гэта ёсць, то яна дапаможа рэжыму вынішчаць людзей, якія атрымалі гэтыя дакументы.

Таксама Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі не патрабуе таго, каб біяметрыя была ў дакументах. Можна абмежавацца электроннай копіяй фатаграфіі і подпісу, які запісваецца на электронны чып у самім дакуменце», — расказвае ён.

Кошт пашпарта — 97 еўра — Кавалеўскі не лічыць высокай цаной.

«У Літве, Польшчы мы ўсе цудоўна ведаем, наколькі дорага атрымаць ВНЖ. У еўрапейскіх краінах гэта не танны дакумент. Пытанне ў тым, якое напаўненне ў дакуменце, для чаго ім можна карыстацца. Калі гэта важны сімвал — гэта выдатна, але асноўная місія праекта — стварыць праязны дакумент. Пакуль гэта адсутнічае».

«Першыя пашпарты варта выдаваць беларусам, якія найбольш пацярпелі»

Кавалеўскі звяртае ўвагу таксама на тое, хто можа атрымаць пашпарт Новай Беларусі.

«Першыя пашпарты варта выдаваць беларусам, якія найбольш пацярпелі ад гэтай сітуацыі. Сказана, што пашпарт будзе выдавацца людзям, якія маюць ужо легалізацыю, але мы з маёй камандай таксама распрацоўвалі пратаколы для выдачы іх дзецям, якія нарадзіліся за мяжой, бо ў іх няма сертыфікатаў аб нараджэнні», — кажа Валер Кавалеўскі.

Ён лічыць, што орган выдачы пашпарта «застаецца чорнай скрынкай для беларусаў».

«Вельмі складана зразумець, што ў ім адбываецца: хто там працуе, якія функцыі. Незразумела, як саміх супрацоўнікаў правяралі на бяспеку, ці падпісалі яны дакументы па неразгалошванні інфармацыі.

Менавіта гэтая функцыя па захоўванні даных для беларусаў вельмі трыгерная, за 4,5 года мы бачылі, колькі было сітуацый, калі персанальныя даныя апыналіся ў руках рэжыму і людзі праз гэта цярпелі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)