Касінерава: Улады жадаюць сцерці каштоўнасці і салідарнасць, але гэтага не атрымаецца
Прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы DissidentBY Марына Касінерава, у маці якой адбыўся ператрус падчас нядаўняй аблавы сілавікоў, пракаментавала апошнія рэпрэсіі ў дачыненні да сваякоў палітвязняў, былых палітвязняў і тых, хто ім дапамагае.
Па словах Марыны, ператрус адбыўся па месцы яе прапіскі ў Беларусі, дзе яна не жыве ўжо каля 10 гадоў.
— Падрабязнасцей не ведаю, бо забралі ўсю тэхніку. Толькі тое, што ператрус адбываўся ад ранка да самага вечара. Нават у туалет не давалі схадзіць. Пыталі, чаму я не вяртаюся, бо ў іх ёсць «цудоўная» праграма вяртання на радзіму, — кажа прадстаўніца ініцыятывы DissidentBY у інтэрв’ю Свабода Premium. — Гэта ўсё, думаю, звязана з дапамогай палітычным вязням.
Гэта важнае пытанне для ўладаў, бо салідарнасць дазваляе трымацца сваіх меркаванняў. Людзі, якія выходзілі ў 2020 годзе, рабілі нейкія дзеянні і акцыі, прытрымліваюцца нейкіх поглядаў: жадаюць свабоды, дэмакратыі і перамен. Калі існуе салідарнасць, яна дазваляе гэтым каштоўнасцям жыць, далучаць новых людзей.
А яны жадаюць усё гэта зачысціць, пакінуць людзей у вакууме, каб сцерці каштоўнасці і салідарнасць, каб ніхто не мог адзін з адным камунікаваць, а потым не выйшаў на вуліцы і нічога не зрабіў. Таму іх мэта даволі зразумелая, дыктатура так і дзейнічае — яны жадаюць пазбавіцца ўсіх апанентаў, каб ніхто нават думкі не меў супрацьстаяць.
Але, лічыць Касінерава, гэтага не атрымаецца, бо «ўсе ініцыятывы вельмі добра працуюць і сістэме не зразумела, што калі гэта дэцэнтралізавана, то гэта вельмі складана парушыць».
— Гэта не вертыкальная сістэма, у якой яны працуюць, што ты кагосьці ўбраў, прызнаў фармаваннем і ўсё паламалася. Гэта проста сетка, мы ўсе камунікуем, людзі наўпрост дапамагаюць і з гэтым складана змагацца нават ідэалагічна.
Вядома, кагосьці з людзей такія чысткі адсейваюць (бо яны баяцца — С.), але з большасці гэта закаляе людзей: яны разумеюць, якія перасцярогі трэба прымаць. То бок людзі толькі вучацца, як гэтаму супрацьстаяць.
Гэта пераходзіць у больш партызанскі варыянт, але пацвярджае, што запыты не змяншаюцца: людзі прыходзяць па дапамогу і дзякуюць за яе, і кожны разумее сістэму ў Беларусі.
Мы ўсе робім усё магчымае, адаптуем нашы механізмы. Мы вельмі гнуткія ў дачыненні да таго, што робіць сістэма. Таму ім складана накрыць сістэму дапамогі, амаль немагчыма, бо мы ўсё ж такі гарызантальныя.
Для сістэмы гэта выклік, бо яны не могуць з такім працаваць. Так, кропкава яны могуць кагосьці накрыць, але гэта не вырашае цалкам праблему таго, што салідарнасць знікае. Рэпрэсіі робяць нас больш эфектыўнымі ў сваім змаганні і дапамозе.
Читайте еще
Избранное