Карбалевіч «Тое, як патлумачыў гэту вайну Пуцін, – гэта пагроза ўсім»

Ці будзе Беларусь ваяваць ва Ўкраіне? I чаму Пуцін з Лукашэнкам засталіся сам-насам супраць усяго света і не атрымалі чаканай падтрымкі ад кіраўнікоў Арменіі, Казахстана і Таджыкістана.

– Я думаю, што вось тут два-тры важныя чыннікі, – каментуе палітолаг Валер Карбалевіч. – Першы – гэта беспрэцэдэнтныя дзеянні Расіі. Яна не проста пачала несправакаваную вайну супраць чальца постсавецкай прасторы, але Пуцін растлумачыў гэтую вайну так, што «распад СССР быў несправядлівым, межы, якія з’явіліся пасля распаду няправільныя, Расія іх не прызнае, а таму мае поўнае маральнае, палітычнае, дыпламатычнае, ваеннае і гістарычнае права іх перагледзець».

І гэта фактычна тычыцца кожнай краіны былога СССР. Тое, як патлумачыў гэту вайну Пуцін, – гэта пагроза ўсім.

Другі момант – гэта вельмі рэзкая рэакцыя з боку Захада, кансалідаваная і жорсткая. І ўступаць у канфлікт з калектыўным Захадам нікому не хочацца.

І, нарэшце, трэцяя прычына – гэта антырасійскія дзеянні з боку Захада, санкцыі, якія вельмі моцна ўдарылі па Расіі і па магчымасці РФ дапамагаць чальцам АДКБ. Расія як мягкая і як нямягкая сіла стала нашмат меншай. І таму гэтыя краіны пачынаюць аглядвацца і глядзець, ці можна знайсці нейкага іншага патрона. Адсюль і пазіцыя Арменіі, якая кажа «вы ж наш патрон, а вы нас здалі».

Не абмінуў Карбалевіч і тэму магчымага ўдзелу беларускага войска і яшчэ адну пагрозу для кіраўніка Беларусі з боку лідэраў G7:

– Я думаю, што Расія была б зацікаўленая, каб беларускія войскі перакрылі чыгуначныя шляхі ў Заходняй Украіне, праз якія ва Ўкраіну ідзе заходняя зброя. Але, чым далей ідзе вайна, тым верагоднасць такога развіцця падзей усё менш і менш.

Па-першае, гэта вельмі моцны антываенны настрой у самой Беларусі. Прычым антываенны настрой як у праціўнікаў Лукашэнкі, так і сярод яго прыхільнікаў.

Па-другое, нежаданне трапляць пад новыя санкцыі, таму што да старых яшчэ не паспелі адаптавацца.

Затым няздольнасць Расіі кампенсаваць у такіх маштабах тыя страты, якія нясе Беларусь ад падтрымкі расійскай агрэсіі.

І ўвогуле гэтая пагроза, якая была зафіксавана ў заяве саміта G7, дзе паабяцана прыцягнуць да адказнасці Пуціна і Лукашэнкі, – гэта не зусім пустая пагроза. Я думаю, што яна даволі моцна ўстрывожыла Лукашэнку.

Таму ён будзе ўвесь час супраціўляцца. Як мы бачым, ён прыдумаў вельмі добрую адмазку. Ён увесь час кажа, што Беларусь абараняе заходнюю мяжу саюзнай дзяржавы. Што, калі раптам беларускія войскі пойдуць ва Ўкраіну, то ўсё, гэтая мяжа будзе безабароненай і натаўскія танкі з Польшчы наўпрост пойдуць на Маскву.

«Таму не падштурхоўвайце нас да такога, мы будзем тут бараніць заходнюю мяжу», – такая ў яго логіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)