Карбалевiч: «Сюжэт беларускай драмы закручваецца ўсё мацней»
Палiтолаг аб тым, чаму беларуская АЭС — гэта адна вялікая праблема.
Фото ТАСС
— У любы другі момант запуск АЭС стаў бы важнай, нават гістарычнай падзеяй у жыцьці краіны. Але беларуская рэвалюцыя амаль цалкам засланіла гэты сюжэт, — пiша Валер Карбалевiч. — У свой час пытаньне будаўніцтва АЭС было моцным раздражняльнікам грамадзка-палітычнага жыцьця. А цяпер гэтая тэма неяк паступова адышла на другі плян. Магчыма, таму, што калі ўжо станцыю пабудавалі, то куды дзявацца, трэба прыняць яе як яшчэ адну беларускую рэальнасьць.
Запуск АЭС першапачаткова быў заплянаваны на пачатак жніўня. Гэта павінна было стаць галоўнай піяр-акцыяй выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак не пасьпелі. Палітычнага эфэкту не атрымалася.
Ад самага пачатку будаўніцтва АЭС было зразумела, што сэнс рэалізацыі гэтага грандыёзнага праекту найперш палітычны. Ён задавальняе чарговыя непамерныя амбіцыі аднаго чалавека. Што тычыцца ўсяго астатняга, то чым далей, тым больш становіцца зразумела: станцыя ня столькі вырашае нейкія эканамічныя праблемы, колькі стварае новыя.
Можна канстатаваць, што Беларуская АЭС — гэта адна вялікая праблема.
Найперш, нягледзячы на запэўніваньні ўрадавых чыноўнікаў пра вялікі эканамічны эфэкт АЭС, насамрэч гэта ня так. Увогуле акупнасьць атамных станцый у сьвеце даволі сумнеўная. Тут трэба ўлічыць выдаткі на захаваньне адкідаў, на вывад АЭС з эксплюатацыі ў будучым.
Галоўная ж праблема — што рабіць зь лішкамі электраэнэргіі, якія зьявяцца адразу пасьля таго, як станцыя пачне працаваць на поўную магутнасьць. Пляны экспарту за мяжу аказаліся ўтапічнымі. Для рэалізацыі на ўнутраным рынку трэба будаваць вялікую і нятанную інфраструктуру, каб паглынуць гэтыя лішкі (элекатракатлы, станцыі сілкаваньня для электрамабіляў і інш.). Крыніц фінансаваньня такога будаўніцтва, акрамя бюджэту, у якім цяпер вялікі дэфіцыт, няма.
Па-другое, з 2023 году давядзецца сплачваць Расеі вялікі крэдыт. У крэдытным пагадненьні з Расеяй закладалася $10 млрд. Праўда, Лукашэнка казаў, што ўдалося зэканоміць і абмежаваліся сумай у $7 млрд. У любым выпадку гэта моцна павялічвае замежны доўг Беларусі. Хачу нагадаць, што і цяпер ураду няма чым плаціць вонкавую запазычанасьць.
Па-трэцяе, запуск АЭС рэзка павялічвае залежнасьць Беларусі ад Расеі. На дадатак да газавай, нафтавай, фінансавай залежнасьці краіна трапляе яшчэ і ў атамную залежнасьць ад РФ. Дарэчы, дагэтуль не падпісана пагадненьне аб перапрацоўцы на расейскай тэрыторыі радыяактыўных адкідаў зь Беларускай АЭС.
Па-чацьвёртае, АЭС стала чыньнікам вострага канфлікту з суседзямі, найперш зь Літвой.
І, нарэшце, па-пятае — магчыма, самае галоўнае. Пасьля 9 жніўня адбываецца імклівае разбурэньне дзяржавы ў Беларусі. Няма легітымных, з гледзішча грамадзтва, кіроўных інстытутаў. Некаторыя дзяржаўныя функцыі проста атрафаваліся. Эфэктыўна працуюць толькі карныя органы. Але АМАП дрэнна пасуе для забесьпячэньня радыяактыўнай бясьпекі.
Читайте также
Хачу нагадаць, што яшчэ 30 ліпеня былі зьмененыя ранейшыя нормы бясьпекі, якія прадугледжвалі фізычны пуск рэактара толькі пасьля выдачы ліцэнзіі на эксплюатацыю. А цяпер, паводле новых нормаў, можна запускаць безь ліцэнзіі.
І вось у такой краіне зь дзяржаўнымі інстытутамі, якія распадаюцца, запускаецца АЭС. Сюжэт беларускай драмы закручваецца ўсё мацней.
Можна выказаць гіпотэзу, што цяпер Лукашэнку гэтай краіны, якая паўстала супраць яго, не шкада.
Напалеон, знаходзячыся ў ссылцы на востраве Сьвятой Алены, пісаў: «Я пакідаю ў спадчыну ўсім царствуючым дамам жах і ганьбу апошніх дзён майго жыцьця».
Так і Лукашэнка за жах і ганьбу сваіх апошніх месяцаў пакідае беларусам АЭС. Маўляў, 60 гадоў будзеце расхлёбваць. Надоўга запомніце Лукашэнку.
Читайте еще
Избранное