Политика

Карбалевiч: «Рэжым ужо паглынае сваіх»

Рэзкае пагаршэньне ўсіх эканамічных паказьнікаў цяпер становіцца асноўным унутрыпалітычным чыньнікам Беларусі, пiша Валер Карбалевіч.

Новыя санкцыі ў зьвязку з удзелам Беларусі ў вайне, якія дадаліся да старых, будуць мець кумулятыўны эфэкт. Крызіс, які абрынуўся на беларускую эканоміку, можна параўнаць хіба што з абвалам 1990-х пасьля распаду СССР і краху савецкай плянавай сыстэмы.

Рэзкае пагаршэньне ўсіх эканамічных паказьнікаў цяпер становіцца асноўным унутрыпалітычным чыньнікам Беларусі. Менавіта эканоміка пад узьдзеяньнем заходніх санкцый зараз пачынае ўплываць на ўсе сацыяльныя, грамадзка-палітычныя працэсы.

Цяпер мы назіраем толькі першыя прыкметы крызісу. Абменны курс беларускага рубля ліхаманіць.

З прычыны дэфіцыту валюты ўведзены абмежаваньні на валютным рынку. Ва ўмовах санкцыяў працуюць банкі. У крамах зьнікаюць некаторыя тавары, адбываецца значны рост цэнаў. На вачах абвальваецца экспарт. Эўразьвяз забараніў пастаўкі каля 70% тавараў, якія туды экспартавала Беларусь. У мінулым годзе ва Ўкраіну ішло амаль 13% беларускага экспарту, цяпер ён мінімізуецца. З краіны сыходзіць заходні, увогуле замежны капітал, адбываецца маштабная рэлякацыя зь Беларусі кампаній ІТ-сэктару. На парадку дня масавае беспрацоўе.

Якія наступствы ўсё гэта можа мець? Крызіс умацуе рэжым ці ўзмоцніць пратэставыя настроі?

Нярэдка бывае, што крызіс падштурхоўвае насельніцтва да кансалідацыі вакол улады. Бо на каго яшчэ спадзявацца ў пэрыяд сацыяльных забурэньняў? Як тое цяпер адбываецца ва Ўкраіне.

Але ў беларускай сытуацыі забурэньні адбываюцца ў выніку дзеяньняў улады. Кожны пакет новых заходніх санкцый зьяўляўся ў адказ на правакацыйныя крокі афіцыйнага Менску. Чацьвёрты пакет санкцый (ужо рэальных, а не сымбалічных) быў уведзены ў якасьці пакараньня за пасадку ў Менску самалёта кампаніі Ryanair з Раманам Пратасевічам. Пяты пакет стаў адказам на арганізаваны беларускімі ўладамі міграцыйны крызіс. А апошні санкцыйны ход стаў пакараньнем за саўдзел у нападзе на Ўкраіну.

Спробы перакласьці віну за санкцыі на Захад, на апазыцыю маюць частковы, абмежаваны эфэкт. Рана ці позна народ будзе вінаваціць у пагаршэньні эканамічнага стану ўладу. Так адбываецца заўсёды. Недавер да ўлады можа распаўсюдзіцца і на ляяльны Лукашэнку электарат.

Шмат будзе залежаць ад таго, ці ўдасца ўладам зьмікшаваць банкаўскі крызіс. Чэргі грамадзян, якія хочуць забраць свае ўклады ў банках, — вядомая карціна шмат у якіх краінах. Беларусь памятае мітынгі падманутых укладчыкаў у 1990-х гадах. Тады была нават створаная партыя ашуканых укладчыкаў.

Непазьбежным наступствам эканамічнага крызісу становіцца абвастрэньне канкурэнцыі ў асяродзьдзі кіроўнай намэнклятуры за рэсурсы, якія скарачаюцца. У выніку канфлікты сярод эліты нарастаюць. Пацьверджаньнем гэтага стала інфармацыя пра затрыманьні кіраўніцтва банку «БелВЭБ» на чале са старшынём праўленьня Васілём Мацюшэўскім, а таксама старшыні праўленьня «Прыёрбанку» Сяргея Касьцючэнкі. Названыя асобы — ключавыя фігуры банкаўскага сэктару Беларусі. Тое, што сілавікі замахнуліся на іх, азначае, што ніхто ў краіне не абаронены.

Акрамя таго, гэта сьведчыць пра тое, што дзяржава, каб знайсьці грошы на мінімальныя патрэбы, будзе проста забіраць іх у бізнэсу, не зважаючы на ляяльнасьць і «блізкасьць да цела» мясцовых алігархаў.

То бок рэжым ужо паглынае сваіх. Заканамерная эвалюцыя ўсіх падобных дыктатур.

І атрымліваецца, што Лукашэнка нібыта амаль тры дзесяцігодзьдзі быў гарантам стабільнасьці, а цяпер ператвараецца ў галоўнага дэстабілізатара. Ён цяпер гарант таго, што сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў краіне будзе разьвівацца толькі па нэгатыўным сцэнары. Розныя эканамічныя, сацыяльныя ці статусныя страты цярпяць не толькі ягоныя праціўнікі, але і прыхільнікі: бізнэсоўцы, чынавенства.

Аб’ектыўна Лукашэнка становіцца таксычнай фігурай для ўсіх, акрамя вузкага кола найбліжэйшага атачэньня ды найвышэйшай касты сілавікоў.

Адзінай магчымай рэакцыяй на павелічэньне няпэўнасьці будзе эскаляцыя жорсткасьці, лютасьці рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(62)