Карбалевiч: «Проста клясыка таталітарнага мысьленьня»

Палiтолаг разважае пра Натальлю Качанаву, як жывы вобраз чалавека таталітарнай эпохі.

Фота TUT.BY

— Сустрэча старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай са студэнтамі факультэту журналістыкі БДУ дае вельмі цікавую інфармацыю пра ўяўленьні, лад мысьленьня людзей з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, — пiша Валер Карбалевiч. — Студэнтка задае Натальлі Качанавай пытаньне: «Калі рэпрэсаваць журналістаў і затрымліваць іх, хто будзе асьвятляць усё, што адбываецца?». Тая дае шчыры і таму проста геніяльны адказ: «А навошта гэта асьвятляць?».

Лёгіка зразумелая. Навошта народу ведаць, што насамрэч адбываецца ў краіне?

Мэнтальнасьць і лад мысьленьня спадарыні Качанавай тлумачыць яшчэ адна яе рэпліка: «Нас так выхоўвалі ў Савецкім Саюзе, што мы былі настолькі адданыя сваёй краіне — пры якіх бы ўмовах ні жылі, — што я ніколі ў жыцьці б не сказала дрэнна пра сваю краіну». То бок пра краіну, яе ўладу трэба казаць толькі добрае, бо інакш гэта будзе амаль здрада. З гледзішча такой лёгікі апавядаць праўду, асьвятляць тое, што адбываецца, — гэта антыдзяржаўная дзейнасьць. Таму журналістаў незалежных мэдыя і садзяць у турму. Гэта проста клясыка таталітарнага мысьленьня.

Качанава працягвае: «Калі сродак масавай інфармацыі сёньня [нясе] ў сабе інфармацыю, якая будзе нацэленая на варожасьць, на разбурэньне... Я лічу, такія сродкі масавай інфармацыі не павінны быць у нас. А навошта? Для чаго? Разбурыць? Разьбіць?»

То бок праўда, ісьціна, дакладнасьць інфармацыі абсалютна ня важная. А важна, каб была «правільная» скіраванасьць. Трэба хваліць Лукашэнку. А калі крытыкуеш, то гэта на разбурэньне. Такія СМІ «не павінны быць у нас». Гэта проста скарбніца, жывы вобраз чалавека таталітарнай эпохі, без усялякіх прымешкаў.

Хіба варта толькі дадаць, што якраз дзяржаўныя мэдыя поўнасьцю скіраваныя сёньня на варажнечу, распальваньне сацыяльнай і палітычнай нянавісьці да ўсіх палітычных апанэнтаў, то бок супраць большасьці насельніцтва. Мова БТ сёньня — гэта мова грамадзянскай вайны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(106)