Карбалевіч: Прапанова Лукашэнкі – гэта мадэль Назарбаева ў мадэрнізаваным выглядзе

Палітолаг Валер Карбалевіч – пра ініцыятыву кіраўніка дзяржавы аб наданні «усебеларускаму народнаму сходу» (УНС) статусу канстытуцыйнага органа.

– Частку паўнамоцтваў прэзыдэнта мяркуецца перадаць УНС. І, як можна зразумець, прапануецца зрабіць гэты сход найвышэйшым органам дзяржаўнай улады ў Беларусі, – піша Карбалевіч. – Паводле Лукашэнкі, такі орган павінен кантраляваць «галоўныя кірункі нашага разьвіцьця», яму «будуць падсправаздачныя кіраўнікі парлямэнту, міністры і „губэрнатары“».

Каб зразумець усю абсурднасьць прапановы, варта узгадаць, што УНС — не выбарны, а цалкам прызначаны орган. Ягоная дзейнасць, як і спосаб абраньня, не рэгулююцца ніякімі законамі. Няма такой працэдуры.

Калі Палата прадстаўнікоў ці мясцовыя саветы фармуюцца праз выбары і на падставе Выбарчага кодэксу (прынамсі фармальна), то ў выпадку з УНС няма і гэтага. Удзельнікаў сходу фактычна прызначае мясцовая выканаўчая вэртыкаль. На УНС прысутнічаюць не прадстаўнікі народу, а выключна прыхільнікі Лукашэнкі. УНС — імітацыя народнага прадстаўніцтва.

Увогуле, як можа орган, які складаецца з 2,5 тысяч чалавек і зьбіраецца раз на пяць гадоў на 1-2 дні, выконваць функцыі прэзыдэнта? Гэта нейкі абсурд у квадраце.

УНС нагадвае зьезд КПСС, які таксама зьбіраўся раз на пяць гадоў і таксама прымаў пляны на пяцігодку.

Але ў КПСС былі кіроўныя органы, якія дзейнічалі паміж зьездамі. Гэта цэнтральны камітэт, палітбюро, генэральны сакратар, якім і належала рэальная ўлада. Пры тым, што паралельна зь імі фармальна існаваў калектыўны прэзыдэнт дзяржавы — прэзыдыюм Вярхоўнага савету СССР.

Можа, якраз падобную схему спрабуе ажыцьцявіць і Лукашэнка. Ён пакідае пасаду прэзыдэнта, на што нядаўна намякаў, забірае ў яго паўнамоцтвы і перадае УНС. Паколькі гэты сход у выглядзе аднаго паседжаньня раз на пяць гадоў ня можа выконваць функцыю найвышэйшага дзяржаўнага органу, то павінна быць нейкая стала дзейная структура, якой перадаюцца паўнамоцтвы УНС. Напрыклад, прэзыдыюм УНС. А прэзыдыюм павінен нехта ўзначальваць. Адгадайце з трох разоў, хто.

Гэта мадэль Назарбаева ў мадэрнізаваным выглядзе. Калі так, то ўсё стае на свае месцы. І, на першы погляд, абсурдная схема выяўляецца вельмі лягічнай.

У чым хараство і перавага сытуацыі — дык гэта ў тым, што кіраўніку прэзыдыюму УНС, адрозна ад прэзыдэнта, ня трэба выбірацца. Бо сам УНС не выбіраецца. Можна ад імя народу кіраваць да канца жыцьця.

Пасьля гэтага можна сьмела і лёгка выконваць сваё абяцаньне правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. І сапраўды: не падмануў жа, сышоў з пасады прэзыдэнта.

Шрайбман: Важный вопрос, останется ли в новой конституции пост президента

Лещеня – о новой идее Лукашенко: «Это гибрид съезда КПСС и ЦК КПСС»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(18)