Политика

Карбалевіч: «Пераможцы так не баяцца»

Лукашэнка сапраўды паверыў у мітычную змову, лічыць палітолаг.

— Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, які лёсавызначальны дэкрэт ён анансаваў тыдзень таму, — піша Валер Карбалевіч. — Паводле яго словаў, гэты дэкрэт будзе прадугледжваць, што ў выпадку ягонай сьмерці функцыі прэзыдэнта павінна выконваць Рада бясьпекі.

Першае, што кідаецца ў вочы, гэта абсалютна антыканстытуцыйны характар гэтага рашэньня. Бо ў цяперашняй Канстытуцыі дакладна прапісана, што ў выпадку, калі прэзыдэнт не можа выконваць свае абавязкі, то ўлада пераходзіць да прэм’ер-міністра. Усё ясна і зразумела.

Больш за тое, хачу нагадаць, што тыя разьдзелы Канстытуцыі, якія тычацца органаў дзяржаўнага кіраваньня, могуць прымацца толькі ўсенародным рэфэрэндумам. І ніяк інакш.

Нават у краінах з манархічным рэжымам, дзейны манарх ня мае права адвольна, па ўласнаму разуменьню прыймаць рашэньне, хто зойме трон пасьля ягонага сыходу. Дзейнічае закон аб парадку атрыманьня ў спадчыну пасада.

Таму анансаваны дэкрэт з такім зьместам — гэта антыканстытуцыйная дывэрсія. Упершыню з 1996 году Лукашэнка так яўна і відавочна зьбіраецца парушыць Канстытуцыю. Фактычна, Лукашэнка прапануе перадаць уладу вайскоўцам. Бо ў складзе Рады бясьпекі дамінуюць кіраўнікі сілавых структур.

Чаго раптам? Чаму Лукашэнка не захацеў дачакацца прыняцьця новай Канстытуцыі (рэфэрэндум заплянаваны на пачатак 2022 году), каб там прапісаць гэтую норму, а ўводзіць перамены ў сыстэму дзяржаўнага кіраваньня надзвычайнымі мэтадамі?

Гледзячы па ўсім, Лукашэнка сапраўды паверыў у тую мітычную змову, мяцеж, інфармацыю пра які была абнародавана тыдзень таму. Гэта сьведчыць пра тое, у якім псыхалягічным настроі ён знаходзіцца, калі нават нейкая карыкатура на замах прывяла яго ў такі стан. Чалавекам, які знаходзіцца ў падобнай атмасфэры страху, лёгка маніпуляваць. Што і робяць спэцслужбы.

Атрымоўваецца, што КДБ, надзьмуўшы інфармацыйны пухір вакол гэтага скандалу, насамрэч кантралюе сытуацыю ў краіне ў большай ступені, чым усе астатнія інстытуты дзейнага рэжыму. І гэта ў сытуацыі, калі, здавалася б, усё супакоілася, пратэсты мінімізаваліся, улада кантралюе становішча ў краіне, асьцерагацца няма чаго. Аднак, як цяпер высьвятляецца, сам Лукашэнка так не думае. Ён кожны дзень жыве ў чаканьні замаху на сваю ўладу. Толькі ў такім стане можна прыймаць падобныя рашэньнію.

Здавалася, б калі не давяраеш дзейнаму прэмер-мінстру (Раману Галоўчанку), то прызнач іншага чалавека, таго, каму давяраеш. Але не. Лукашэнка спадзяецца на калектыўны орган (Раду бясьпекі) больш, чым на канкрэтную пэрсону. Раней ён неаднаразова даводзіў, што нельга даваць столькі паўнамоцтваў ягонаму наступніку, трэба разьмеркаваць функцыі прэзыдэнта паміж іншымі галінамі ўлады. Тут дзейнічае тая ж лёгіка.

Менавіта ў такіх надзвычайных умовах становіцца асабліва відавочна, што ў краіне функцыянуе рэжым пэрсанальнай улады, пэрсаналісцкі рэжым. Адказныя рашэньні, якія тычацца дзяржаўнага ладу, прымаюцца адным чалавекам, з гледзішча ягоных асабістых інтарэсаў. Усе астатнія дзяржаўныя інстытуты — пустыя дэкарацыі. Ніхто ня можа сказаць Лукашэнку, што ён парушае Канстытуцыю. Канстытуцыйны суд, пракуратура, дзьве палаты Нацыянальнага сходу наўрад ці як-небудзь зрэагуюць на відавочную антыканстытуцыйную дывэрсію.

Гэтым сваім рашэньнем Лукашэнка паказвае, што палітычны крызіс у краіне не пераадолены, хоць дзяржаўныя мэдыі ўжо колькі месяцаў цьвердзяць, што маўляў мы перамаглі. Пераможцы так не баяцца.

Байнет – о «супердекрете» Лукашенко: «Эффект будет равен нулю»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(105)