Карбалевіч: Падобна, гэта ідэалягічная падрыхтоўка да забароны бел-чырвона-белай сымболікі

Палітолаг Валер Карбалевіч піша на Свабодзе пра тое, як улады спрабуюць адолець апанэнтаў, апэлюючы да мінулага.

Як вядома, гісторыя — гэта палітыка, павернутая назад у часе. Беларускія ўлады пакінулі непрыемную сучаснасьць і ўсе сілы апарату скіравалі ў мінуўшчыну.

Калі палітыкі зьвяртаюцца да нейкіх падзей далёкай ці ня вельмі далёкай даўніны, то робяць гэта дзеля атрыманьня палітычных дывідэндаў, дзеля дадатковай легітымізацыі. Вось цяпер беларускія ўлады пакінулі непрыемную сучаснасьць і ўсе сілы дзяржапарату скіравалі ў мінуўшчыну.

Спачатку зварот да падзей пасьляваенных гадоў на Беласточчыне быў выкарыстаны дзеля таго, каб спаліць масты ў стасунках з Польшчай.

А ў мінулую нядзелю, 21 сакавіка, быў праведзены рэспубліканскі мітынг-рэквіем «Лямпада памяці», прысьвечаны 78-м угодкам хатынскай трагедыі. Зьвярніце ўвагу, дата ня круглая, не юбілей. Мінулыя гады нават падчас юбілейных дат такіх урачыстасьцяў не было. Адначасова Генэральная пракуратура распачынае крымінальную справу аб генацыдзе фашыстаў на беларускай тэрыторыі.

Прычым улады ня ўтойваюць, што гэтая апэляцыя да гісторыі спатрэбілася для вырашэньня бягучых палітычных патрэбаў. Лукашэнка, выступаючы на мітынгу, заявіў:

— Я зьвяртаюся да ўсіх, хто перакананы, што фашызм нёс на нашу зямлю цывілізацыю, хто гераізуе забойцаў, хто пакланяецца БЧБ-сцягам, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народу. Мы заняліся гэтай праблемай, і мы дакажам і пакажам усяму сьвету, што такое генацыд і што тыя, хто сёньня нас спрабуюць павучаць, як жыць, як мінімум ня маюць на гэта права».

Такім чынам, кампанія мае ўнутраныя і замежнапалітычныя мэты.

Па-першае, улады імкнуцца дыскрэдытаваць пратэсты, якія праводзіліся і праводзяцца пад бел-чырвона-белым сьцягам, атаясаміць усё пратэставае грамадзтва з фашызмам. Прыём вельмі грубы, але афіцыйная прапаганда даўно ўжо перайшла ўсе магчымыя межы. Падобна, гэта ідэалягічная падрыхтоўка да забароны бел-чырвона-белай сымболікі, абвяшчэньня яе экстрэмісцкай.

Другі адрасат гэтай кампаніі, як можна здагадацца з афіцыйных намёкаў, гэта Нямеччына («тыя, хто сёньня нас спрабуюць павучаць, як жыць, як мінімум ня маюць на гэта права»). Думаю, неўзабаве Бэрліну прад’явяць прэтэнзіі і абвінавачаньні за генацыд часоў вайны; магчыма, запатрабуюць матэрыяльнай кампэнсацыі. З Польшай адносіны сапсавалі, цяпер на чарзе Нямеччына.

Сэнс кампаніі зразумелы. Адно няясна. Няўжо сапраўды Лукашэнка лічыць, што чарговай апэляцыяй да генацыду часоў мінулай вайны ён зможа павярнуць на свой бок сымпатыі грамадзтва, прымусіць людзей, асабліва моладзь, палюбіць яго? На тле тых сацыяльна-эканамічных праблем (рост цэнаў і інш.), якія абрынуліся на краіну, усё гэта выглядае як акт адчаю, як спроба пераключыць увагу.

Кузнецов: Пока власть продолжает верить, что народ можно победить тупой силой, она теряет одну позицию за другой

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(50)