Политика

Ірына Марозава

Карбалевіч: «На гэтым тле – прызнае Беларусь ці не прызнае Абхазію – ужо вялікага сэнсу не мае»

Палітолаг ­— пра палітычныя гульнi беларускага рэжыму.

Некалькі дзён таму спецыяльны прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман пабываў у Абхазіі, абмеркаваў з кіраўніком самаабвешчанай Абхазіі нейкія перспектывы еўразійскай інтэграцыі і інвестыцыйна-эканамічнага супрацоўніцтва ды перадаў памятны падарунак.

Паказальна, дарэчы, што пра гэты візіт гучна прамаўчала нават беларускае дзяржаўнае інфармагенцтва, а таксама прэс-служба Лукашэнкі. Тым не менш, некаторыя ўбачылі ў тым ваяжу падрыхтоўку афіцыйнага Мінску да прызнання Абхазіі.

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што візіт — не больш як імітацыя, палітычная гульня беларускага рэжыму, каб паказаць прызнанне незалежнасці самаабвешчанай краіны дэ-факта, аднак ухіліцца ад гэтага прызнання юрыдычна.

Падобнае раней адбывалася з Крымам, куды Лукашэнка так і не прыехаў сам, а толькі прыслаў групу прапагандыстаў, і з Данбасам, куды з’ездзіў дэпутат Гайдукевіч, але ніякіх афіцыйных папер аб прызнанні ў Мінску «Л/ДНР» так і не з’явілася.

Але ж Крэмль відавочна бачыць гэтыя хітрыкі. То чаму не даціскае саюзніка, каб яшчэ больш узмацніць залежнасць Лукашэнкі ад Расіі?

— Не думаю, што гэта цяпер вельмі значна для Расіі, — гаворыць Валер Карбалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Гэта было надзвычай значна ў 2008 годзе, калі адбылася вайна з Грузіяй і былі аб’яўленыя гэтыя нібыта незалежныя рэспублікі — Абхазія, Паўднёвая Асетыя.

У той час, магчыма, калі б іх прызнала Беларусь, то гэта давялося б зрабіць і іншым постсавецкім рэспублікам — Арменіі, Казахстану.

Але тады Лукашэнка распачаў нейкую гульню з Захадам і, як ён сам апавядаў, патрабаваў ад Масквы: маўляў, заплаціце нам тую суму, якую мы страцім, калі прызнаем гэтыя рэспублікі. Расія плаціць адмовілася, і ў выніку Абхазію і Паўднёвую Асетыю не прызналі.

Сёння ж гэта ўжо не вельмі актуальна. Пасля пачатку вайны, калі Расія аказалася ў ізаляцыі і трапіла пад велізарныя санкцыі — на гэтым тле, прызнае Беларусь ці не прызнае Абхазію, ужо вялікага сэнсу не мае. Цяпер на парадку дня — тыя тэрыторі, якія Расія захапіла ва Украіне: «ЛНР», «ДНР», Херсонская народная рэспубліка, якую плануюць абвясціць, яшчэ нейкія ўтварэнні… Магчыма, у гэтым кірунку Расія штурхае Беларусь.

Ці атрымаецца ў Лукашэнкі і далей лавіраваць з «прызнаннем-непрызнаннем», пасылаючы замест сябе Шэймана ці іншых давераных асоб са штучна прыдуманым статусам? Як мяркуе палітолаг, пакуль Расія так паблажліва ставіцца да гэтых пытанняў, беларускі рэжым працягне свае манеўры. Але па сапраўды важных пытаннях вымушаны будзе ісці на саступкі:

— Калі гаворка ідзе пра прысутнасць расійскіх войскаў у Беларусі, выкарыстанні тэрыторыі Беларусі для нападу на Украіну — тут Лукашэнка не можа супраціўляцца, бо ціск вельмі моцны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(10)