Аднак, як кажуць экспэрты, «амэрыканцы адыходзяць хутчэй, чым эўрапейцы могуць запоўніць вакуўм абароны альянсу». І гэта можа стварыць пагрозьлівыя прабелы ў бясьпецы. Саміт у Анкары закліканы быў забясьпечыць пераход да новага этапу ў гісторыі альянсу.
Карбалевіч: «Беларусь апынецца на пярэдняй лініі фронту новай «халоднай вайны», на мяжы «жалезнай заслоны»
Саміт NATO зафіксаваў перабалянсаваньне ваеннай вагі ЗША і краін Эўропы ў альянсе. Усходняя Эўропа становіцца галоўнай прасторай канкурэнцыі паміж Захадам і Расеяй. Па выніках цяперашняй расейска-ўкраінскай вайны Беларусь, верагодна, пагоршыць сваё геапалітычнае становішча, з трох бакоў будзе мець варожае атачэньне, піша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.
Саміт падчас крызісу
У Анкары 7-8 ліпеня прайшоў 36-ты па ліку саміт NATO, які дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё назваў найважнейшым у гісторыі альянсу. Брытанская карпарацыя BBC піша, што да гэтага форуму заходні ваенна-палітычны саюз падышоў ва ўмовах найглыбейшага ў сваёй найноўшай гісторыі крызісу. NATO сутыкнулася з двума моцнымі выклікамі.
Па-першае, з боку Расеі, якая адкрыта пагражае Эўропе. Па-другое, ЗША аб’явілі аб скарачэньні сваёй ролі ў Паўночна-атлянтычным альянсе. Вашынгтон пацьвердзіў намеры скараціць колькасьць сваіх войскаў на эўрапейскім кантынэнце ў крытычны момант нарастаньня расейскай пагрозы. Вайна ЗША і Ізраіля супраць Ірану на Блізкім Усходзе яшчэ больш абвастрыла адносіны паміж Злучанымі Штатамі і іх саюзьнікамі ў Эўропе.
Але, як вядома, любы крызіс — гэта ня толькі праблемы, але і новыя магчымасьці. Згаданыя выклікі прымусілі Эўропу скалануцца, мяняць палітыку, узмацніць увагу да абароны, запусьціць новыя праграмы ў ваенна-прамысловай сфэры. Цяпер адбываецца перабалянсаваньне ваеннай вагі ЗША і краін Эўропы ў NATO.
У заключнай дэклярацыі саміту саюзьнікі пацьвердзілі «непахісную прыхільнасьць калектыўнай абароне ў адпаведнасьці з артыкулам 5 Вашынгтонскай дамовы і трансатлянтычнай сувязі». «Напад на аднаго зьяўляецца нападам на ўсіх», — падкрэсьліваецца ў першым пункце дэклярацыі.
Барацьба за Ўсходнюю Эўропу
Лёгіка абвастрэньня супрацьстаяньня паміж Расеяй і заходнім альянсам вядзе да таго, што Ўсходняя Эўропа становіцца галоўнай прасторай канкурэнцыі паміж імі. Дыялёг ЗША зь Беларусьсю паказвае, што Вашынгтон таксама адэкватна ацэньвае вялізную геапалітычную ролю гэтага рэгіёну.
Акрамя таго, Кітай моцна зацікаўлены, каб асноўны сухапутны шлях з Усходу ў Эўропу быў бясьпечным, а для гэтага варта мець пэўны кантроль над усходнеэўрапейскімі краінамі. І вайна Расеі супраць Украіны паказвае, што барацьба за Ўсходнюю Эўропу становіцца адным з цэнтральных пытаньняў сёньняшняга геапалітычнага парадку дня.
З гэтага вынікае, што міжнародная роля краін гэтага рэгіёну будзе расьці. Уплыў згаданых дзяржаў на палітыку становіцца непрапарцыйна большым, чым іхняя эканамічная ці ваенная вага. Ужо сёньня мы можам канстатаваць, што, напрыклад, краіны Цэнтральнай Эўропы значна ўзмацнілі свой уплыў на ўсходнюю палітыку ўнутры Эўрапейскага зьвязу. А Польшча і краіны Балтыі ў значнай ступені вызначаюць курс ЭЗ адносна Беларусі.
Асобная гаворка пра статус Украіны. На папярэдніх самітах NATO актыўна абмяркоўвалася пытаньне аб сяброўстве гэтай дзяржавы ў альянсе. Цяпер такой тэмы няма ў парадку дня саміту. У заключнай дэклярацыі саміту ў Анкары саюзьнікі падкрэсьліваюць уклад Украіны ў забесьпячэньне трансатлянтычнай бясьпекі і пацьвярджаюць сваю «непахісную падтрымку».
Але парадаксальным чынам адбываецца так, што чым далей адсоўваецца пытаньне пра фармальнае сяброўства Ўкраіны ў NATO, тым больш гэтая краіна становіцца ключавым фактарам бясьпекі для эўрапейскіх дзяржаў-чальцоў альянсу.
Украінскае кіраўніцтва адчувае свой больш высокі статус і вагу. Цяперашняя рэзкая рыторыка Кіева на адрас Беларусі — не выпадковая. Гэта вынік зьмены суадносін сіл у рэгіёне.
Беларусь пагаршае сваё геапалітычнае становішча
Што ўсё гэта азначае для Беларусі? Нічога добрага. 6 чэрвеня падчас сустрэчы з выпускнікамі ваенных ВНУ Аляксандар Лукашэнка чарговым разам абрынуўся на краіны NATO, абвінаваціўшы іх у варожай палітыцы.
Можна ўпэўнена прагназаваць, што пасьля заканчэньня расейска-ўкраінскай вайны Беларусь пагоршыць сваё геапалітычнае становішча. Зрабіўшы стаўку на адну опцыю (Расею), склаўшы ўсе яйкі ў адзін кошык, афіцыйны Менск пралічыўся. Вынікам цяперашняй вайны стане тое, што краіна з трох бакоў (поўнач, захад, поўдзень) будзе мець варожае атачэньне, там будуць дзяржавы, адносіны зь якімі канфліктныя, моцна сапсаваныя.
Гэтыя суседзі не прызнаюць існы ў Беларусі рэжым легітымным, не разьлічваюць мець з ім нармальных зносін.
Краіна апынецца на пярэдняй лініі фронту новай «халоднай вайны», на мяжы «жалезнай заслоны». Клясычная «крэпасьць у аблозе». Усё гэта вынік сілавога ўтрыманьня ўлады Аляксандрам Лукашэнкам у 2020 годзе. Бо да таго часу афіцыйны Менск імкнуўся праводзіць шматвэктарную палітыку.
Прычым, за час вайны гэтае варожае Беларусі атачэньне значна ўзмацнілася ў ваенным пляне. Гаворка ня толькі пра Ўкраіну. Польшча і Літва значна павялічылі расходы на абарону, яны адкрыта мараць пра тое, каб займець ядзерную зброю. Тут прыклад падала Беларусь, разьмясьціўшы на сваёй тэрыторыі расейскія тактычныя ядзерныя боезарады (ва ўсялякім разе, так афіцыйна аб’яўлена).
Дзе шукаць падтрымку?
І вялікага спадзяваньня на дапамогу Расеі няма, бо яна ня можа сама сябе абараніць ад украінскіх дронаў. РФ сёньня для Беларусі ня столькі гарантыя бясьпекі, колькі праблема (непрадказальнае, не зусім адэкватнае кіраўніцтва), нават небясьпека.
У гэтым пляне амаль прароча прагучаў заклік да беларусаў дзяржсакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча: «Мы ж папярэджвалі, прэзыдэнт неаднаразова выступаў і казаў: паважаныя беларусы, устрымайцеся ад паездак сёньня ў Расею».
Спроба дывэрсыфікаваць адносіны, шукаць падтрымку ў краінах «глябальнага поўдня» не ратуе сытуацыю. Бо праблема бясьпекі моцна прывязана да геаграфічнага месца, якое займае краіна. І тут у выпадку чаго Інданэзія ці Зымбабве ня прыйдуць на дапамогу. Нават Кітай не дапаможа (Іран таксама меў спадзеў на КНР).
Таму пытаньне пра тое, у чым выйгрыш Беларусі ў канфрантацыі з NATO, паўстае з новай сілай.
Тут дарэчы ацэнка сытуацыі, якую прэзыдэнт Ўкраіны Уладзімер Зяленскі выказаў адносна рэжыму Лукашэнкі ў адным з апошніх інтэрвію брытанскаму выданьню Financial Times. На ягоную думку, Лукашэнка фактычна паставіў усё на перамогу Расеі, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
«Ён увайшоў у казыно ня ў той дзень. Ён быў упэўнены, што сарве джэкпот. Не сарваў нічога», — сказаў украінскі прэзыдэнт.
Разам з тым прэзыдэнт Украіны лічыць, што цяпер Лукашэнка добра разумее наступствы магчымага прамога ўдзелу Беларусі ў вайне.
«Добрая навіна — тое, чым ён адрозьніваецца ад Пуціна, — я думаю, што ён разумее рызыкі... Калі ты разумееш, што вайна ня выйграная, а цябе раптоўна ўцягваюць у яе яшчэ мацней як саюзьніка ў гэтай вайне, то ў яго хапае здаровага сэнсу, каб разумець: уцягвацца ў гэта не варта», — заявіў Зяленскі.
Читайте еще
Избранное