«Калі ў людзей застануцца толькі запалкі і свечкі, уладзе прыйдзецца толькі тушыць і маліцца, маліцца і тушыць»

Тэлеграм-канал Народны дэпутат з нагоды пачатку працы восеньскай сесіі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пра пакутлівую працу дэпутата і тое, як краіна пераўтвараецца ў жудасны завулак.

Гісторыя паказвае, што працэс перахода ад таталітарызму да дэмакратыі, ад рабства да свабоды не праходзіць у форме свята ці парада. Гісторыя паказвае, што гэта пакутлівая праца, звязаная з цяжкімі высілкамі, потам і народным болем, часам – трагедыяй.

Але ж я не хачу бачыць перад сабой збунтаваных ці прыніжаных рабоў, а свядомых грамадзян Беларусі, якія разам ствараюць свабодную дзяржаву, дзе жыццё чалавека будзе найсвятой каштоўнасцю, а Канстытуцыя і законы – канстантай.

Кожны з нас хоча жыць у мірнай краіне, але ж шляхі, па якім мы ідзем, і тое, чым мы карыстаемся для дасягнення міру – розныя. Ёсць шырокія вуліцы і адкрытыя гасцінцы, ёсць цёмныя і змрочныя завулкі, дзе можна згубіць гонар і жыццё. І з кожным днём наша краіна пераўтвараецца ў жудасны завулак, дзе не да законаў, не да правоў чалавека і не да дыялога. Не да чалавека.

Настане час, і апошні ліхтарык можа знікнуць. А калі ў людзей застануцца толькі запалкі і свечкі, уладзе прыйдзецца толькі тушыць і маліцца, маліцца і тушыць.

Некаторыя з парламентарыяў могуць не памятаць, не ведаць, а іншыя – забыць, якім асноўным аргументам у 1995 годзе была пазіцыя галоўнага ініцыятара рэферэндуму супраць герба Пагоня. Я, дазвольце, нагадаю: законна абраны малады прэзідэнт за трыбунай Вярхоўнага Савета казаў аб тым, што герб Пагоня – герб гвалту, ваярскі герб на якім вершнік жадае нападаць і секчы, забіваць, а той герб, які прапануецца – герб міру і спакою. Міру і спакою.

Некалі Францішак Багушэвіч казаў, што Русь у нас «не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая, нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася». А дзе ж зараз наша Белая Русь, парламентарыі? Дзе мір і спакой? Краіна год не сыходзіць з першых старонак міжнародных газет і не па прычыне дасягненняў у эканоміцы, IT, навуцы. Грамадска-палітычнае супрацьстаянне нарастае болем, крывёю і ахвярамі. Беларус ідзе на беларуса.

Па дадзеных ЦВК 9 жніўня 2020 года за альтэрнатыўных кандыдатаў, а таксама супраць усіх кандыдатаў прагаласавала 1 090 755 чалавек. Больш мільёна грамадзян прагаласавала і супраць Ціханоўскай, і супраць Лукашэнкі. Больш мільёна грамадзян Рэспублікі Беларусь маюць іншае меркаванне і іншыя погляды, за што ў цяперашні час можа атрымаць некалькі гадоў па-за мурамі. І не за тое, што яны выступаюць супраць Ціханоўскай. Кожны, хто не падтрымлівае дзейную ўладу – тэрарыст і экстрэміст.

І вы, і я дапусцілі сітуацыю, пры якой супраць краіны ідзе, як вы кажыце, гібрыдная вайна, паўсюды змовы супраць улады і тэрарызм, уведзены шматлікія санкцыі. Я вінават, і я каюся перад народам беларускім, прабач мяне.

А дзе хоць адно публічнае слова прабачэння хоць аднаго дэпутата, сенатара ці чыноўніка за тое, што адбываецца ў краіне?

У наступны раз, калі вы будзеце казаць не праўду, калі вы ізноў толькі шэптам будзеце ўспамінаць імя аднаго чалавека, успомніце, адкуль бяруць свой пачатак карані вашага страха.

І паспрабуйце зразумець, што толькі адзінкі здольныя ўзняць на свае плечы народнае ярмо болю і крыўды. І толькі ўзняўшы яго, можна зразумець, у якім стане знаходзіцца народ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(40)