Беседка
Раман Трускавец, фота Ільі Лапато

«Калі немцы пытаюцца, ці ўсе беларусы такія крутыя, я ківаю»

У гэтай жанчыны ёсць ўсё, аб чым так мараць сёння беларускія артысты: слава, прызнанне і народная любоў. Нават карона “Рок-князёўны”. Не стае хіба што толькі аднаго – радзімы, пра якую сённяшнія эстрадныя артысты, выязджаючы ў Маскву, часта забываюць.

З голасам «Kriwi» Веранікай Кругловай усё па-іншаму. Жывучы ў Берліне, салістка беларускага этна-гурта не стараецца ўліцца ў шэрагі нямецкай эстрады, яна папулярызуе нашу культуру праз беларускую песню, чытае дзеткам беларускія казкі і марыць, што аднойчы ў Берліне адкрыецца асобны клуб для беларусаў.

– Ці сумуеце па Беларусі?

– Сэрца маё дакладна там. У Беларусі бываю часта, амаль штомесяц. У мяне ёсць і канцэрты, і розныя справы – нядаўна дыск запісалі. Я прымаю ўдзел у культурных праектах, што датычаць Беларусі. У Берліне жыву сем гадоў, туды і назад езджу ўжо пятнаццаць, таму што столькі ж і гурту «Kriwi» – якраз тут былі нашы першыя канцэрты.

– Як прадстаўлена беларуская музычная культура ў Берліне?

– На жаль, я не часта трапляю тут на канцэрт кагосьці з беларусаў. Аднак тыя артысты, на чыіх канцэртах я была, каго ведаю і люблю – тыя ж «Серебряная свадьба», «ГурзуфЪ», Лявон Вольскі, «Ляпис Трубецкой» – шчыра кажучы, я проста ганарылася імі. Народ таленавіты ды й што хаваць – выступаюць на высокім узроўні. Немцы ў мяне аднойчы спыталі: «А вы ўсе беларусы такія крутыя?» Я з гонарам адказала, што так. (Смяецца).

Асобна ўзятыя музыканты з Беларусі тут жывуць. Мы нават звязваемся па «Фэйсбуку», сустракаемся. Не так даўно быў канцэрт Вайцюшкевіча. Лакальны такі ў кафэ. Я таксама прыйшла – разам паспявалі. Людзі, вядома, гуртуюцца – журналісты, музыкі.

– Дзе ў Берліне выступаюць беларускія музыканты і як гэта праходзіць?

– Ёсць тут клуб на Janowitzbrücke, завецца «Стэла». Выступаюць збольшага там. Поруч з немцамі туды ходзіць шмат рускамоўнай публікі. Ёсць, вядома, і іншыя клубы, дзе я сустракала нашых – той жа «Haus der Sinne» у раёне Prenzlauer Berg. З «Kriwi» мы абыгралі ў Берліне ўсе клубы, якія толькі можна было.

На вечарынах уваход звычайна сімвалічны, публіка збіраецца праз сацыяльныя сеткі. Асаблівыя афішы ці нейкая расклейка па горадзе – гэта пакуль што нерэальна. Большасць слухачоў – студэнцтва. Таму часта я прасіла, каб калі хто будзе ісці і казаць, што беларус – каб пускалі без білета. Што прыемна, беларусы былі.

– Ці шмат ладзіцца такіх мерапрыемстваў за год?

– Уся арганізацыя за свой кошт, таму такіх вечарын страшэнна мала. Едуць звычайна на машыне або мікрааўтобусе. Начуюць па сябрах, гэтак жа і харчуюцца. З клуба маюць капейкі... Сумна, бо хацелася б, вядома, большага.

– Што за гады жыцця ў Берліне Вас найбольш уразіла?

– Немцы ўвогуле вельмі далікатна адносяцца да славянскіх народаў. Гэта, відаць, таму, што ў іх ёсць яшчэ такі комплекс ваеннага мінулага. Што датычыць беларусаў, то нас, на жаль, не заўсёды аддзяляюць ад рускіх, але я заўсёды з гонарам расказваю, дзе мы знаходзімся, як адрозніваюцца нашы мовы, тлумачу розніцу ў нашых культурах, у тым ліку і ў традыцыі народнай песні.

Напрыклад, на адмысловых майстар-класах у Германіі і Польшчы, дзе мы спявалі народныя песні розных рэгіёнаў, я паказвала, як у параўнанні з іншымі адрозніваецца беларуская мелодыя. Вядома, народ цікавіўся – асабліва беларускай мовай. Тым больш у беларускай і нямецкай мовах трапляецца нямала слоў, якія аднолькава гучаць.

– Цікавасць да беларускай мовы, якую некаторыя немцы вывучваюць самастойна, расце з года ў год (Андрэ Бём, Табіяс Вайман і інш.). Ці можна, на Вашу думку, казаць пра гэтую з’яву як пра тэндэнцыю?

– Магчыма, аднак больш на ўзроўні аматарства. Прынамсі я ведаю такі прыклад. Жонка майго сябра Андрэя Румянцава, які іграў калісьці ў гурце «Плато», немка. Яна вучылася ў БДУ, авалодала нашай беларускай мовай і выйшла за нашага Андрушу замуж. Людзі культурнейшыя. Ён у «Kriwi» раней таксама граў. Але акрамя музыкі займаецца і навукай – вучоны. Вельмі паважаны мною чалавек, а яго жонка, ведаючы беларускую і рускую мовы, зараз вучыць украінскую і ўжо ездзіць у Львоў з цікавымі праектамі. Вось вам і немцы.

– Як праходзіць вашае творчае жыццё тут, у Берліне?

– Мая каманда з «Kriwi» зараз у Мінску. У Берліне па запрашэнні розных гуртоў я працую збольшага як музыкант і спявачка. Таксама выкладаю ў дзетак. Да мяне на заняткі прыходзяць дзеткі змешаных шлюбаў – рускамоўных, беларускамоўных, украінамоўных… Бацькі гэтых дзяцей імкнуцца захаваць хоць якіясьці карані славянскія традыцыі.

Размаўляем па-руску. Канешне, я магла б размаўляць з імі па-беларуску, але іншыя рускамоўныя мамы мяне проста не зразумеюць, бо нашу мову яны проста не ведаюць. Я – адна мама з Беларусі…

Тым не менш на занятках вучу дзетак беларускім і ўкраінскім песням. Разам чытаем казкі, спяваем песні савецкіх мульцікаў – не хачу пазбавіць сваё дзіця і гэтай музыкі. Узгадваем цудоўныя песні Рыбнікава. Такі вось у нас міні-клуб, мы нават называемся «Чабурашка» – а што, дзеці таксама павінны ведаць гэтага звярка. (Смяецца).

– Кажуць, што акрамя музыкі, час ад часу вы працуеце і з тэатральнымі пастаноўкамі?

– Так і ёсць. У тэатры ценяў рабілі цікавы праект пра зомбі. Рэжысёр са Шры-Ланкі, іспана-партугальскія акцёры, дзяўчынка-танцорка з Піцера і адна я беларуска, якая сумяшчала пантаміму і вакал...

У нас там былі могілкі, на авансцэне я ўставала з труны, а пасля за шырмай мне «адразалі» рукі-ногі-галаву, а маё дзіця ва ўсім гэтым іграла анёла, які разганяў усіх гэтых нячысцікаў. (Усміхаецца).

– Дарэчы, як ваша дачушка, сцэны не баіцца?

– Маёй Ё-ё ўжо сем гадоў. Яна пайшла ў білінгвістычную школу з руска-нямецкай мовай навучання. Хоць яшчэ маленькая, сцэны не баіцца. Я яе заахвочваю. Разам са мной удзельнічала ў фестывалі для дзяцей «Interfilm», на юбілей якога мы былі запрошаныя.

Мая сяброўка Святлана Кляйн займаецца пясчанай анімацыяй – разам з ёй мы рабілі сумесны нумар пад назвай «Авэ Марыя». Я спявала, яна малявала, а маё дзіця пасля пройгрышу выходзіла да мяне і мы пачыналі спяваць разам. Гэта быў такі шчыра-кранальны нумар – неверагодна! Апошні раз яна выступала са мной у клубе «Графіці», гэта было сумеснае выступленне з гуртом «Гаротніца», у якiм спявае мая пляменніца.

– А тата не супраць?

– Тата ўжо 15 гадоў прадзюсар гурта «Kriwi». У кіно здымаецца таксама. Тата не супраць.

– Якія пажаданнямі, думкамі-марамі хацелі б падзяліцца?

– Хочацца далейшага развіцця. На жаль, не стае добрых прадзюсараў і канцэртных агентаў. Я мару адкрыць музычную школу, запрасіць у яе талковых выкладчыкаў з Беларусі. І яшчэ, каб пры нашай школе была канцэртная пляцоўка з клубам і кафэ, дзе маглі б гуртавацца беларусы. Вось дзе быў бы Цэнтр беларусаў у Берліне!

Хацелася б і большай грашовай падтрымкі – у нас у Беларусі ёсць каго паказаць, але вывезці іх на гастролі сюды амаль нерэальна. Я сама колькі разоў за свой кошт прывозіла сваю каманду – самі збіралі, самі арганізоўвалі… Гэта вельмі няпроста.

Дарэчы, даўно заўважыла годны ўзровень маладых камандаў з Беларусі. Вельмі шмат таленавітай моладзі падрастае. Прыемна, што нічога не загібаецца, а наадварот – на фоне гэтага палітычнага жаху культура працягвае жыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)