Калі гвалт «сілавікоў» законны, то чаго яны так баяцца?

Валер Карбалевіч патлумачыў, чаму беларускія «сілавікі» так хаваюцца за балаклавамі ды выдуманымі імёнамі.

– Вядомы сацыёляг Макс Вэбэр канстатаваў, што манаполія на гвалт зьяўляецца найважнейшай функцыяй дзяржавы, якую ня могуць выконваць іншыя арганізацыі і грамадзкія ўстановы, – піша палiтолаг Валер Карбалевiч. – Аднак, назіраючы за працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі сёньня, гэтая паліталягічная аксіёма патрабуе пэўнай карэкцыі.

Справа ў тым, што тыя асобы, якія ладзяць палітычныя рэпрэсіі, усяляк хаваюць сваю прыналежнасьць да дзяржаўных органаў.

Большасьць з 30 зь лішкам тысяч грамадзянаў, якія трапілі ў аўтазакі, затрымалі невядомыя асобы ў форме без апазнавальных знакаў ці ўвогуле ў цывільным адзеньні. Яны не прадстаўляліся і хавалі твары. Супрацоўнікі МУС выступаюць сьведкамі ў судах ананімна. Пагромы ў менскіх дварах таксама робяць невядомыя асобы. Якія, як паказала гісторыя з трагічнай гібельлю Рамана Бандарэнкі, маюць карт-блянш на забойства.

Калі гэтыя людзі выступаюць ад імя дзяржавы, якая мае манаполію на гвалт, то дзеля чаго яны так маскіруюцца?

Другі момант. Гвалт ад імя дзяржавы павінен адбывацца паводле пэўных правілаў, якія ў цывілізаваным грамадзтве называюцца законамі. Фармальна законы ёсьць, аднак у Беларусі яны ў такіх сытуацыях перасталі дзейнічаць.

Не па адным з забойстваў пратэстоўцаў (уключна з Раманам Бандарэнкам) не завялі крымінальную справу. З гледзішча юрыспрудэнцыі сытуацыя фэнамэнальная: забойства ёсьць, а крымінальнай справы няма.

Людзі хаваюцца тады, калі добра разумеюць, што робяць нешта нядобрае, няправільнае, незаконнае, насуперак меркаваньню большасьці насельніцтва. І наўрад ці варта верыць іхным заявам, што яны нібыта выратоўваюць краіну. Бо ў такім разе народ іх лічыў бы героямі.

А ў любым грамадзтве герояў публічна ўшаноўваюць, іхныя імёны, партрэты зьзяюць на інфармацыйным экране. Тут жа адбываецца з дакладнасьцю наадварот. Іх усяляк хаваюць, і самі яны хаваюцца. Паводзяць сябе не як героі, а наадварот, як антыгероі. Бо разумеюць, што не ўвасабляюць ня толькі волю народу, а нават у поўным сэнсе волю дзяржавы.

Узьнікае лягічнае пытаньне: можа, гэтыя людзі дзейнічаюць не ад імя дзяржавы?

І тут варта зьвярнуць увагу на такую акалічнасьць.

Легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта Беларусі, скажам мякка, выклікае вялікія сумневы. Імаверна, што сілавікі, якія выконваюць ягоныя загады, гэта разумеюць. Яны падсьвядома адчуваюць, што выконваюць ня ролю праваахоўнікаў, а функцыі асабістай гвардыі свайго Боса.

Тады ўсё становіцца на свае месцы, усё лягічна. Яны не дзяржаўныя службоўцы, а чальцы лукашэнкаўскай каманды, групоўкі, ці як яшчэ яе назваць. У такім разе як можна патрабаваць ад іх дзейнічаць адкрыта, не хавацца, выконваць закон? Калі, як зазначыў іхны Бос, «часам не да законаў».

Волчек: «Упор будет делаться на защиту не граждан, а так называемой государственной корпорации»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(82)