Іосіф Сярэдзіч: "Мы патрабуем вярнуць нам наклад не праз месяц, а ў самы кароткі час"
Раніцай 6 сакавіка ў Цэнтрвыбаркаме яшчэ нічога не ведалі пра затрыманне накладу "Народнай волі" на расійска-беларускай мяжы, што адбылося ў пятніцу ўвечары. Пра гэта паведаміў журналістам галоўны рэдактар "НВ" Іосіф Сярэдзіч, які размаўляў сёння па тэлефоне з намеснікам старшыні Цэнтрвыбаркаму Мікалаем Лазавіком. 250 000 асобнікаў газеты, затрыманые беларускімі мытнікамі на беларуска-расійскай мяжы, рэдакцыі дагэтуль не вярнулі. Міліцыя кажа, што падазрае газету ў парушэнні некалькіх артыкулаў Выбарчага кодэксу.
І. Сярэдзіч распавёў, што 3 сакавіка ўвечары (каля 22.10) на
мяжы з расійскай федэрацыяй беларускія мытныя службы спынілі 2 грузавікі з
поўным накладам "Народнай волі" (№ 39) — агулам 250 тысяч асобнікаў.
"Мы спецыяльна выйшлі павышаным накладам, прагназуючы павышаны попыт на
гэту нумар з боку чытачоў", — заявіў І. Сярэдзіч. Рэдакцыя цалкам
прысвяціла яго падзеям 2 сакавіка ў Мінску: найперш — збіццю кандыдата ў
прэзідэнты А. Казуліна (і ўсім падзеям, што спадарожнічалі гэтаму інцыдэнту), а
таксама вечаровай сустрэчы з выбаршчыкамі А. Мілінкевіча.
Гэты нумар адкрываўся падборкай матэрыялаў пад агульнай
шапкай "2 сакавіка. Мінск. Усебеларускі народны хапун". У нумары быў
таксама спецыяльны рэпартаж "Чорны чацвер" з падрабязным расповедам
пра падзеі ў Палацы чыгуначнікаў, інтэв'ю з удзельнікамі гэтых падзеяў (у
прыватнасці, з А. Казуліным і В. Фраловым), расповед пра ўжыванне фізічнай сілы
супраць журналістаў, адпаведныя фотаздымкі і.г.д.
Як заявіў І. Сярэдзічу раніцай 4 сакавіка намеснік
начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Сяргей Іваноў, у
міліцыі ёсць падазрэнні, што "НВ" парушыла артыкулы 45 і 48 Выбарчага
кодэксу (у якіх ідзе гаворка пра прадастаўленне няроўных магчымасцяў агітацыі
для кандыдатаў).
"Вы ведаеце, калі ўжо казаць пра няроўныя магчымасці і
параўноўваць, то па гэтых артыкулах Выбарчага заканадаўства даўно трэба было
зняць з выбарчай дыстанцыі самага вядомага кандыдата А. Лукашэнку", —
зазначыў на прэс-канферэнцыі І. Сярэдзіч. "Калі мы здавалі газету ў друк,
я яшчэ раз азнаёміўся з выбарчым кодэксам, з законам аб друку, з Канстытуцыяй —
і ні ў адным законе не знайшоў палажэння, якое б забараняла нам весці агітацыю
ў агітацыйны перыяд", — заявіў галоўны рэдактар. Ён нагадаў, што на
мінулым тыдні рэдакцыя выпусціла нумар накладам 140 тысяч асобнікаў, і ён без
праблем быў прывезены ў Беларусь і распаўсюджаны.
"Паколькі мы лічым, што парушаныя нашы законныя правы,
мы ўжо ў суботу звярнуліся да генеральнага пракурора РБ, да міністра ўнутраных
спраў, да начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў і да
пракурора Віцебскай вобласці, а таксама накіравалі копіі назіральнікам ад АБСЕ
і СНД", — паведаміў І. Сярэдзіч. "Мы будзем бараніць свае правы
законным шляхам, і я ўпэўнены, што мы рана ці позна павінныя вырваць з палону
гэты нумар "Народнай волі”... Але мы патрабуем вярнуць нам наклад не праз
месяц, а ў самы кароткі час".
Паводле І. Сярэдзіча, ужо сёння рэдакцыя рыхтуе да друку два
чарговых, 8-палосных, нумары выдання.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное