Скандалы

Ігар Макар пра абвінавачанні ўладаў: «Лукашэнка робіць усе захады, каб проста абезгаловіць апазіцыю»

Былы беларускі спецназавец Ігар Макар, які стаў фігурантам новай крымінальнай справы пра нібыта падрыхтоўку замаху на Аляксандра Лукашэнку, у інтэрв’ю Белсату абвяргае сваю датычнасць да гэтага.

Ігар Макар заявіў, што не арганізоўваў сустрэчу ў Маскве з сілавікамі і нават «не быў у курсе, што туды паляцеў» Юрась Зянковіч. Паводле яго, ён таксама даведаўся пра затрыманне Зянковіча толькі праз некалькі дзён пасля затрымання Аляксандра Фядуты і Рыгора Кастусёва.

— Да гэтага мяне папярэдзілі мае калегі, якія працуюць у Камітэце, што выехала група на затрыманне Дзмітрыя Балкунца, майго сябра. Я з Дзімам звязаўся, а ён мне не адказаў.

Я яму шмат разоў пісаў, і пасля праз два дні Дзіма выйшаў на сувязь і мне адпісаў. Таму я яму распавёў, што ён проста па лязу нажа прайшоў, — сказаў былы спецназавец.

Ён падкрэсліў, што «на сённяшні дзень можна папярэджваць усіх, хто знаходзіцца ў Маскве і хто нязгодны з рэжымам Лукашэнкі».

— Лукашэнка робіць усе захады, каб проста абезгаловіць апазіцыю. Гэта надуманае злачынства, гэтага нічога не было. Мы размаўлялі ў адкрытым «Zoom» на амерыканскім форуме, запіс рассылаўся шмат якім калегам. Там нічога не хавалася, і я нават цяпер кажу, што нязгодны з тым, што Лукашэнка ва ўладзе. І я буду прыкладаць усе намаганні, каб гэтага не было, — падкрэсліў Ігар Макар.

Ён дадаў, што адміністратарам запісанай размовы ў «Zoom» быў Юрась Зянковіч, які і запісваў размовы і рассылаў яе пасля «шмат якім людзям».

Ігар Макар таксама абвяргае, што менавіта ён мог здаць сілавікам затрыманых, бо ўжо раней, напрыклад, быў фігурантам фільму «Манкурты».

Паводле яго, перавезці з Беларусі ў краіны Еўразвяз супрацоўніка КДБ, пра якога пасля распавядалі ў фільме на дзяржаўным тэлебачанні, яго асабіста прасіў Сцяпан Пуціла. А ў групу з апошняга расследавання яго запрашалі Дзмітрый Шчыгельскі і Юрась Зянковіч у выніку агульнага кансэнсусу астатніх чальцоў групы.

На яго думку, з Юрасём Зянковічам і Аляксандрам Фядутам у Маскве сустракаліся падстаўныя контрвыведнікі КДБ.

— У Маскве сувязі ў мяне былі — гэта праўда. І тое, што я планаваў рабіць, — гэта таксама праўда. Але гэта не так маштабна, як зараз заяўляецца. Я нават не ўяўляю, як гэта зрабіць, бо ў гэтай сітуацыі гэта немагчыма. І з вайскоўцамі я б нічога не рабіў, абсалютна.

Адзінае, што трэба, — каб Расейскай Федэрацыя не падтрымлівала рэжым Лукашэнкі. Гэта для мяне было важным. Каб расейскія войскі, калі народ будзе ваяваць за сваю зямлю — бо з Лукашэнкам проста ўжо не будзе ніяк, не зайшлі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў Ігар Макар.

Былы спецназавец таксама выказаў згоду даць паказанні кампетэнтным органам Еўразвязу ці Літвы, каб даказаць, што ён не з’яўляецца шпіёнам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(63)