Общество

Гурневич: «Вось кажуць, калі б у Беларусі ў 2020 быў страйк, усё было б інакш»

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч — пра падзеі ў Польшчы часоў польскай «Салідарнасці», якія вельмі падобныя да беларускіх.

— Вось кажуць, калі б у Беларусі ў 2020 быў страйк, усё было б інакш, — піша Дзмітрый Гурневіч. — У 1980 годзе ў Польшчы быў агульнанацыянальны страйк, але праз 1,5 года ўлады закаталі ўсё пад асфальт. Акурат 13 снежня сумная гадавіна пачатку гэтага працэсу. 43 гады таму ўлады камуністычнай Польшчы ўвялі ваеннае становішча.

Дзмітрый Гурневіч

Гэта быў адказ на «разгул дэмакратыі» (аналаг нашага 2020, але са страйкам), які за 1,5 года да гэтага ініцыявала «Салідарнасць».

Калі нехта не ведаў, то ў 1980 годзе адбыўся найбуйнейшы ў гісторыі Польшчы ўсеагульны страйк. Улады пайшлі на саступкі і зарэгістравалі прафсаюз «Салідарнасць. Але вельмі хутка камуністы адумаліся і пачалі татальную зачыстку нязгодных. Гэта прывяло да масавай эміграцыі (выхаў мільён палякаў) і расчаравання ўнутры краіны ў сэнсе барацьбы.

Ажно 8 гадоў апазіцыя дзейнічала ў глыбокім падполлі, пакуль не перамагла ў 1989 годзе.

Пакідаю вас з тэзісамі польскага гісторыка Антонія Дудэка, з якім я меў гонар размаўляць 2 гады таму ў эфіры Свабоды.

  • Першапачатковы энтузіязм, мабілізацыя мільёнаў людзей (у 1980) былі магчымыя толькі на працягу некалькіх месяцаў. Праз некалькі месяцаў гэтая падтрымка пачала змяншацца. Апакаліптычная прапаганда супраць «Салідарнасці» прымушала людзей сумнявацца ў тым, ці мае яна рацыю.
  • Найбольш відовішчнай праявай дзейнасці апазіцыі ў 80-я гады ў Польшчы былі вулічныя дэманстрацыі. Але пасля ўвядзеньня ваеннага становішча гэтыя дэманстрацыі пачалі слабець. Людзі, якія ў іх удзельнічалі, плацілі высокую цану за такі ўдзел. І таму жадання паўтараць такія дэманстрацыі было ўсё менш і менш.
  • Генерал Ярузэльскі ня толькі паабяцаў пакончыць з «Салідарнасцю», якая «разводзіць анархію». Ён паабяцаў правесці глыбокія эканамічныя рэформы, якія ўжо празь некалькі гадоў прынясуць фантастычныя вынікі. Але праз пару год палякі расчараваліся іх адсутнасцю.

Разам з «перабудовай» Гарбачова гэта стварыла крытычную нагрузку, якая прымусіла Ярузэльскага пачаць рабіць змены. Так узнікла ідэя «круглага стала» і кантраляванай трансфармацыі, якая ў пэўны момант выйшла з-пад кантролю.

  • Асноўныя дзяржаўныя структуры пасля ўвядзення ваеннага становішча пачалі напаўняцца людзьмі са спецслужбаў. Адбываліся масавыя чысткі чыноўнікаў дзяржапарату, якіх падазравалі ў спрыянні апазіцыі. У 1986 годзе польская выведка зламала шыфр, дзякуючы якому «Салідарнасьць» кантактавала са сваімі прадстаўнікамі на Захадзе.
  • Наступствам ваеннага становішча стала большая залежнасць Польшчы ад СССР. Адной з прычын былі санкцыі. Але... перамоваў жадала найперш апазіцыя. У камуністаў была свая гульня.
  • Камуністы паслядоўна працавалі на знішчэнне адзінства сярод апазіцыі. У 1985 годзе Служба бяспекі (аналаг КДБ у Беларусі) так апісвала сваю тактыку барацьбы з «Салідарнасцю»: «Палітычнай мэтай з'яўляецца разгубленасць у лагеры праціўніка і параліч яго адзінства і дзеяння».

У дакуменце МУС мэты для сябе бачылі такія: 1) Паглыбленне розніц і антаганізмаў паміж асобамі і групамі, якія выконваюць кіраўнічую ролю. 2) Бесперапынная дэзынфармацыя.

  • Улады затапталі апазіцыю. У 1984 годзе нелегальнай апазіцыйнай дзейнасцю на амаль 40-мільённую Польшчу займаліся каля 34 тысяч чалавек, а актыў складаў — 1,5 тысячы. А адзіныя перамовы прадстаўнікоў улады і апазіцыі маглі датычыць угаворванняў пакінуць краіну або выйсці з падполля.

Аднак потым нешта пайшло не так і стала сюрпрызам як для ўлады, так і «Салідарнасці».

  • Гэта не да канца праўда, што было адзінства паміж «Салідарнасцю» і Каталіцкай царквой. Пасля ўвядзення ваеннага палажэння значная частка касцельнай іерархіі на чале з тагачасным прымасам Польшчы вырашыла, што «Салідарнасць» скончылася і што з яе больш нічога не атрымаецца.
  • Была частка апазіцыі, якая не пагаджалася з мірнай стратэгіяй, пра якую гаварыў Лех Валэнса і большасць «Салідарнасці». Яны хацелі ісці далей і выкарыстоўваць дыверсійную дзейнасць супраць камуністаў. Абмяркоўваліся нават тэрарыстычныя дзеянні, але з гэтага нічога не атрымалася.
  • Ідэі стварэньня партызанскіх атрадаў пацярпелі крах. Большасць прыхільнікаў апазіцыі лічыла, што гэта няправільны шлях. Людзі былі перакананыя, што «Салідарнасць» выйграла летам 1980 году, бо рабочыя, якія абвясцілі страйк, не выйшлі з фабрык на вуліцы, дзе адбыліся б сутыкненні і бойкі, як гэта было ў снежні 1970 году. Яны засталіся на фабрыках і чакалі, пакуль улада дасць слабіну.
  • Калі нехта думае, што адна вялікая арганізацыя была б больш эфектыўнай, то ён памыляецца. У адну такую вялікую арганізацыю агентуры значна прасцей пранікнуць, кантраляваць яе знутры і знішчыць. У польскай апазіцыі канкуравалі вельмі розныя ідэі, людзі дыскутавалі, спаборнічалі паміж сабой. Гэта стала падмуркам польскай дэмакратыі пасля 1989 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)