Гурневіч: «Крызіс у Беларусі можа стаць прадметам гандлю паміж супердзяржавамі»

Вядомы журналіст – пра сустрэчу Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША.

– На скептычныя каментары пад фота Байдэна і Ціханоўскай, кшталту «Ну і што? Выніку – нуль», мог бы выдатна адказаць сам Лукашэнка, – піша Дзмітрый Гурневіч. – Хто як не ён разумее, наколькі важнае міжнароднае прызнанне.

Гэты здымак быў зроблены ў 1999 годзе ў Стамбуле. Лукашэнка вышчаміў Клінтана пэўна недзе па дарозе ў туалет. Прапаганда тады тыдзень гудзела: «Состоялась встреча президентов, на которой обсуждались вопросы мировой политики и двухсторонних отношений» (я дагэтуль памятаю рогат настаўнікаў у школе, якія абмярковалі гэты здымак).

А тая сустрэча працягвалася літаральна 2 хвіліны, роўна столькі, каб Лукашэнка здолеў сказаць, што «он васхішчон такой встрэчай», Латыпаў пераклаў гэта Клінтану, і той мог ветліва вызваліць руку з палона нейкага вусатага дзядзькі, прыгаворваючы ў галаве «А хто гэта», адказваючы ўголас «Yes, yes, nice. Have a good day».  

Кожная сустрэча такога ўзроўню – гэта ня проста «во-первых, это красиво», гэта рэальны палітычны поспех. Свае палітычныя плюсікі атрымаў ад яе тады і Лукашэнка, хай і злавіўшы амерыканскага прэзідэнта знянацку. Піпл на БТ кармілі карцінкай.

Абставіны сустрэчы Ціханоўскай і Байдэна былі зусім іншымі. Спатканне з лідэрам наймагутнейшай дзяржавы свету – гэта моцны палітычны сігнал для эліты ўнутры краіны і па-за ёю.

Бо калі нехта лічыць, што пра Беларусь перажывае ўвесь свет і штодзённа займаецца вырашэннем яе праблем, то гэта меганаіўна. У свеце амаль 200 краін, у некаторых штодзённа ад зброі гінуць сотні людзей, а ад абсалютна вылечных хвароб паміраюць дзеці, бо ўрады не маюць сродкаў ні на што. 

Што гэта дасць, акрамя прызнання? Найперш тое, што Ціханоўскую слухаюць і чуюць, а не спрабуюць забраць руку, спяшаючыся ў туалет. На падставе гэтых размоў прымаюць рашэнні і рэалізуюць іх.

Пачынаючы ад дапамогі рэпрэсаваным, ціснучы на рэжым, не пакідаючы дарогі назад, сканчваючы тым, што вырашэнне бларускай праблемы робіцца рэальным пунктам у міжнароднай павестцы, а не проста выказваннем заклапочанасці.

Няхай гэта гучыць цынічна, але так, крызіс у Беларусі можа стаць прадметам гандлю паміж супердзяржавамі. І мы тут не першыя і не апошнія. Вядома, можа і не стаць. Напрыклад, без такіх сустрэч дакладна не стане. А мы, звыклыя смяротныя, і ведаць не ведаем, калі і якім бокам гэтая актыўнасць выйдзе, мяркуючы, што ўсё – вынік звычайнай выпадковасці.

Юзафу Пілсудскаму прыпісваюць прыгожую цытату: «Галавой мур не праб’еш, але калі падвялі іншыя метады, то варта спрабаваць і гэты». У Ціханоўскай за мяжой не шмат інструментаў уплыву. Міжнародная дзейнасць – самы рэальны, і яна яго выкарыстоўвае напоўніцу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(41)