Комментарии
Віталь Тарас, ”Наша нiва”

Голад і галадоўнікі

Голад, галадаваньне, Галадамор. Гэтыя аднакарэнныя словы маюць рознае эмацыйнае напаўненьне, бо належаць да розных сфэраў і пластоў жыцьця. Але ўнутрана яны паміж сабой зьвязаныя, хоць і не абавязкова наўпрост.

Эфэкт замяшчэньня

Пасьляваеннае пакаленьне савецкіх людзей ужо ня ведала голаду. Хоць яшчэ на пачатку 1960-х кавалак белага хлеба з маслам, пасыпаным цукрам, быў для звычайнага менскага школьніка сапраўдным ласункам. Тады, пасьля хрушчоўскай «кукурузнай» рэформы белы хлеб літаральна вымела з прылаўкаў крамаў. І гэта была не апошняя «рэформа», з дапамогай якіх кіраўніцтва СССР дзесяцігодзьдзямі беcпасьпяхова спрабавала вырашыць «харчовую праграму». Паколькі цэны на хлеб штучна ўтрымліваліся, у вёсцы ім кармілі сьвіньняў, а ў горадзе школьнікі часам гулялі засохлымі батонамі ў футбол.

Затое ўсе астатнія тавары, і ня толькі прадукты, заставаліся дэфіцытам. Кіраўнік дзяржавы ў сваім інтэрвью ў сувязі з пятнаццатай гадавінай распаду СССР казаў, што ў Беларусі да самага апошняга моманту не было нэгатыўных з’яваў, якія назіраліся ў Расеі ды іншых саюзных рэспубліках. Г.зн., у прыватнасьці, што ў БССР у 1970-80-я гады не было заўсёдных чэргаў у крамах, а ў 80-х не зьявіліся талёны на масла, крупу, цукар, цыгарэты, мыла, шкарпэткі.

Цікава, што большасьць людзей, асабліва пэнсійных гадоў, сапраўды вераць, што ніякага дэфіцыту, ніякіх чэргаў за савецкім часам не было. Гэтая з’ява ў псыхалёгіі называецца «выцясьненьнем», альбо «замяшчэньнем». Мозг чалавека падсьвядома выціскае з памяці самыя непрыемныя для яго ўспаміны. Асабліва калі яны зьвязаныя з прыніжэньнем годнасьці чалавека, стратай ім чалавечага твару. Так удзельнікі вайны куды часьцей успамінаюць моманты перамогі ці подзьвігаў, чым, сьмерць, пакуты, раскурочаныя выбухамі акрываўленыя целы, сьмярдзючыя трупы, страх і жаданьне выжыць любой цаной.

Але ёсьць яшчэ гістарычная памяць, і вось яе ўлада заўсёды старалася вынішчаць з асабліва бязьлітаснасьцю. У ваеннага ды ў першага пасьляваеннага пакаленьня голад выклікаў асацыяцыі менавіта з вайной (адтуль славутае «абы не было вайны!») З экранаў кіно — галоўнага на той час сродку масавай інфармацыі — можна было даведацца пра жахлівы голад у блякадным Ленінградзе. Але й тут далёка не адразу: праўда пра блякаду прабівалася да чытача па крупінках. Гранічна праўдзівая і жорсткая «Блякадная кніга» Адамовіча і Граніна — нават з купюрамі — выклікала актыўнае непрыманьне ня толькі партыйнага начальства, але й часткі саміх блякаднікаў.

Табу на праўду

Але была тэма, на якую было накладзенае абсалютнае табу. Галадамор. Ва Ўкраїне, якую афіцыйная прапаганда заўсёды называла «жытніцай» СССР, у 1932-1934-м гадах у выніку сталінскай палітыкі экспрапрыяцыі (хлебанарыхтовак) памерлі ад голаду мільёны людзей. І гэта ў так званы мірны час.

Спатрэбілася амаль шэсьцьдзесят гадоў, каб пра Галадамор можна было пачаць адкрыта гаварыць і пісаць. Пасьля гэтага прайшло яшчэ пятнаццаць гадоў у незалежнай Украіне, пакуль Вярхоўная Рада прыняла закон аб Галадаморы, і прэзыдэнт Юшчанка зацьвердзіў яго. У законе гэтая трагедыя кваліфікуецца як генацыд, публічнае адмаўленьне якога цягне за сабой юрыдычную адказнасьць. Амаль так, толькі больш жорстка, адмаўленьне факту Галакосту трактуецца ў сучаснай Нямеччыне.

Масква адмаўляецца прызнаць за генацыд адно з найбольш страшных злачынстваў сталінскага рэжыму. Там кажуць, што расейскі народ пацярпеў пры ім ня менш за іншыя народы. У якасьці доказу нярэдка прыводзяць голад у Паволжы, які таксама каштаваў мільёнаў жыцьцяў. Але пры гэтым забываюцца на адну «дробязь». Той голад быў выкліканы, найперш, натуральнымі прычынамі — неўраджаем. А па-другое, галадоўнікам дапамагаў тады ўвесь сьвет. Голаду ва Ўкраіне афіцыйна не было, размовы пра яго трактаваліся як паклёп на савецкую дзяржаву, а за гэта таксама можна было заплаціць жыцьцём.

У Беларусі маўчаць пра Галадамор і сёньня. Хоць голад 30-х закрануў Беларусь. Дакладных лічбаў — колькі голад каштаваў беларускаму народу, які здаўна цудоўна ўмеў пракарміць сябе ды яшчэ забясьпечваў збожжам Эўропу, дагэтуль няма. Яны дагэтуль схаваныя ў «спэцсховах». А як жа йнакш, калі помнік натхніцелю ды арганізатару Галадамору стаіць зараз пад Менскам?

Адтуль, ад тых перамог над сялянствам і сельскай гаспадаркай, ад нізкіх закупачных цэнаў на збожжа (якое СССР экспартаваў за валюту нават ва ўмовах павальнага голаду) вядуць радавод нерэнтабэльныя савецкія калгасы і саўгасы, дэфіцыт прадуктаў у гарадах, гуляньне булкамі ў футбол.

Жыць стала лепей, жыць стала весялей

У галадоўках, якія ахапілі апошнім часам беларускае грамадзтва, трэба бачыць і пазытыўны момант. Ён у тым, што пра голад у Беларусі ня толькі забыліся — ён не пагражае бліжэйшым пакаленьням беларусаў. Толькі ў сытым грамадзтве магчымыя галадаваньні.

Панятак «палітычная галадоўка» зьявіўся на прасторах Расейскай імпэрыі пад канец ХІХ стагодзьдзя. калі пераважнай большасьці яе падданых голад ужо не пагражаў. Тая ж Украіна, расейскае Чарназем’е, Прыбалтыка і часткова Беларусь больш-менш надзейна забясьпечвалі харчам мільёны людзей. Пры Івану Жахлівым ці Пятру Першым галадовак не абвяшчалі.

А вось для расейскіх сацыял-дэмакратаў і эсэраў масавыя галадоўкі ў турмах і на этапах сталі зброяй барацьбы за свае правы. Амаль ва ўсіх фільмах і кніжках пра дарэвалюцыйную Расею мы абавязкова ўбачым вобраз нязломных бальшавікоў, якія калектыўнай галадоўкай дамагаюцца права на прагулкі, права атрымліваць у камэрах газэты, наведваць турэмную бібліятэку і шмат чаго яшчэ.

Пройдзе зусім няшмат часу, і тыя самыя бальшавікі ня толькі зачыняць усё няўгодныя ім газэты, але кінуць у канцлягеры мільёны людзей. Яны пабудуюць ГУЛАГ, дзе зьняволеным, а фактычна — рабам, пайкі будзе ледзь хапаць для таго, каб працаваць і не памерці. Хаця б некаторы час. А потым на зьмену памерлым прыйдуць іншыя, мільёны іншых. Гэты мэтад, даказаўшы сваю эфэктыўнасць у сталінскім ГУЛАГу, будзе з посьпехам выкарыстаны й гітлераўцамі. Пра якую галадоўку можна гаварыць, калі жыцьцё чалавека нічога не каштуе?

У нашы дні, калі жыцьцё стала сытым і ў цэлым — заможным, пра голад 30-х і 40-х ніхто ўспамінаць ня хоча. На першы плян выходзіць клопат пра здароўе і рацыяльнае харчаваньне. Калі гавораць пра голад — дык толькі ў сувязі зь лекавым галаданьнем альбо неабходнасьцю падтрымліваць форму. Ці ў крайнім выпадку — у сувязі з анарэксіяй, псыхічным захворваньнем дзяўчын, якія даводзяць сябе да вынурэньня галаданьнем, каб зрабіцца падобнымі да топ-мадэляў.

«Людзі робяць рамонт, купляюць машыны…»

Калі пару гадоў таму дэпутаты групы «Рэспубліка» абвясьцілі галадоўку, кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт карыснасьці галаданьня для тых, каму варта скінуць некалькі лішніх кіляграмаў. Гэтая іранічная рэпліка выклікала радасныя ўсьмешкі і разуменьне з боку многіх людзей, для якіх сапраўды няма ў жыцьці іншых праблемаў, акрамя лішняй вагі, выкліканай празьмернай любоўю да сала з бульбай ды гіпадынаміяй.

Голад, ад якога па-ранейшаму пакутуюць на плянэце мільёны людзей, Беларусі даўно ня тычыцца. Як паказвае апошняе дасьледаваньне ААН, на тэрыторыі СНД пагроза голаду захоўваецца толькі ў Таджыкістане. А вось недахоп харчаваньня ёсьць і ў Беларусі. Далёка ня ўсе сем’і маюць сродкі на нармальнае, паўнавартаснае, збалянсаванае харчаваньне. Але гэта праблема, вядома, ня толькі беларуская. Сацыяльная няроўнасьць ёсьць амаль паўсюль.

І бездань паміж разьвітымі краінамі й «трэцім сьветам» сапраўды расьце. Лёс дзяцей, што паміраюць ад голаду дзе-небудзь у Дарфуры, чые вочы з адчаем глядзяць на нас з тэлеэкранаў, мала каго кранае. Гэта ж адбываецца ня ў нас, а недзе далёка…

Сытасьць абываталя тычыцца ня толькі яго страўніка. У яго прытупляюцца зрок і слых. Ён ня бачыць і ня чуе таго, што адбываецца ў некалькіх кроках ад яго— з суседам,. ці нават з сваяком. Сьвятлана Алексіевіч у адной з перадач Радыё «Свабода» з нагоды галадоўкі Казуліна кажа, што ў той час, калі ён гіне, людзі «робяць рамонт, будуюць дамы, купляюць новую машыну». (Гэта крыху нагадвае словы Волянда з «Майстра і Маргарыты» Булгакава пра звычайных людзей, якіх сапсавала кватэрнае пытаньне». Дзеяньне раману, нагадайма, адыбваецца ў Маскве ў 1930-я гады.)

На думку Алексіевіч, час такіх формаў і мэтадаў барацьбы, як галадоўка, застаўся ў мінулым. Бо пры адсутнасьці увагі СМІ да акцыі пратэсту яе проста не заўважаць.

І з гэтым можна было б часткова пагадзіцца, калі б ня пара акалічнасьцяў. Па-першае, галадоўка — гэта ня проста нейкая форма пратэсту; за кожнай зь іх хаваецца асабістая драма ці нават трагедыя канкрэтнага чалавека, які на яе наважыўся. У гэтым сэнсе сыты ня толькі не разумее галоднага, ён ня мае маральнага права асуджаць галадоўніка, даваць яму парады з гледзішча, так бы мовіць, вышэйшага арбітра.

Галадоўка як сродак камунікацыі

Гэты прыклад згадваўся ўжо не аднойчы, але варта, мабыць, нагадаць яшчэ раз. Калі купка дысыдэнтаў выйшла на Красную плошчу ў 1968-м, пратэстуючы супраць уварваньня СССР у Чэхаславаччыну, гэта выглядала абсалютна безнадзейнаю справай. У пляне эфэктыўнасьці мэтаду.

У 2006-м стаяньне нашых дзяцей на Плошчы таксама ня мела бачнага ўзьдзеяньня на ўладу. Вынікам гэтага акту стала зьбіцьцё, турмы. Але хіба лепей было б, каб яны кіраваліся не маральным імпэратывам, які штурхнуў іх на Плошчу, але выключна довадамі розуму, меркаваньнямі свайго дабрабыту, як гэта робіць больш прагматычнае старэйшае пакаленьне?

Лепей для каго? Для ўлады? Для пэнсіянэраў? Дзеля супакаеньня сумленьня усіх тых, хто быў заклапочаны рамонтам, купляньнем машыны, пакінуўшы дзяцей сам-насам з амонам? Хіба размова тут увогуле пра палітыку?

Але ёсьць і яшчэ больш важнае пытаньне — чым выкліканыя масавыя галадоўкі ў сёньняшняй Беларусі? Чаму менавіта гэтая форма пратэсту атрымала такі распаўсюд? Даць на яго адназначны адказ сёньня цяжка, нават немагчыма. Мабыць, павінен прайсьці пэўны час, каб зразумець, у якім кірунку рухаецца грамадзкая сьвядомасьць.

Але на некаторыя думкі гэтая зьява наводзіць. Галадоўка — мабыць, самая пасіўная форма пратэсту з усіх вядомых. Гэта ўзьдзеяньне на ўладу бязьдзеяньнем, выключна сілай уласнага духу, самаахвярнасьцью альбо сілай адчаю. Часам гэта спрацоўвае, бо галадоўка трывожыць чыноўнікаў самім фактам, тым, што адбываецца нешта непадкантрольнае, непрадугледжанае, што на галадоўку трэба неяк рэагаваць, бо калі нічога не рабіць, можа быць горш.

Але ў яшчэ большай ступені галадоўка выкліканая адсутнасьцю камунікацыі паміж людзьмі, усегаульным недаверам адзін да аднаго і нявер’ем у магчымасць пазытыўных зьменаў. Кожны факт галадоўкі, нават калі яна сканчваецца без вялікае шкоды для здароўя галадоўнікаў — гэта папрок уладам, якая ня бачыць пад сабой людзей. Гэта папрок апазыцыйным партыям і іх лідэрам, якія ня могуць прапанаваць рэальную альтэрнатыву такім дзеяньням, зарадзіць людзей аптымізмам, бо самі рэдка падаюць прыклад пазытыўнага вырашэньня праблем.

Гэта папрок усяму недасканаламу сьвету. І кожнаму з нас — таксама.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)