«Гэта мясарубка». Жыхарка Віцебску — у адным шпіталі з пнэўманіяй, муж памёр у іншым з каранавірусам

Сьвятлане 40 год. Цяпер яна ляжыць у адным зь віцебскіх шпіталяў з пнэўманіяй. Яе 53-гадовы муж памёр у іншым шпіталі з пацьверджаным каранавірусам. Яна не змагла разьвітацца з каханым чалавекам. З дазволу жанчыны Свабода публікуе яе гісторыю.

«Як захварэў Ігар»

— Спачатку ў яго была тэмпэратура і дыярэя. Гэта былі выходныя. Празь некалькі дзён усё нармалізавалася. Ён хадзіў на працу. Пачаўся невялікі кашаль, тэмпэратура скакала. Пазьней захварэла я. Проста прыйшла з працы, і пачалося... Ігару я выклікала лекара. Яна сказала піць «Ангрымакс». Прайшло пару дзён, лепш мужу не было, я зноў выклікала лекара, не пусьціла яго на працу. Папрасіла накіраваньне на здымкі яму і мне.

Гэта было ў панядзелак, 6 красавіка. У яго знайшлі пнэўманію, у мяне — не. Ігар не хацеў класьціся ў шпіталь. Казаў, што ня вернецца адтуль. Хто б мог падумаць... Мы селі ў машыну і паехалі ў шпіталь. Машына так і стаіць там на стаянцы. Я дрэнна сябе адчувала. Правяла яго да ўваходу і пайшла на тралейбус.

Пазьней стала вядома, што тэст на каранавірус станоўчы.

«Як захварэла я і памёр Ігар»

— У чацьвер, 9 красавіка, я зноў выклікала лекара, папрасіла накіраваньне на здымак. Аднак не было сілаў ісьці, вырашыла, што пайду назаўтра. Пнэўманія. Паехала ў шпіталь. У пятніцу Ігара перавялі ў інтэнсіўную тэрапію, бо не хапала паветра, каб дыхаць.

У аўторак, 14 красавіка, яго перавялі ў рэанімацыю. Я зь ім размаўляла, калі можна так сказаць. Гэта было ў 14.00. У 15.00 мне патэлефанаваў мой стрыечны брат — ён працуе ў тым шпіталі, сказаў, што стан у Ігара цяжкі, але стабільны, што дактары зробяць усё, што трэба, і падключаць да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Усё гэта было зроблена, бо Ігар перастаў падтрымліваць са мной сувязь. Я не сумняваюся, бо брат прасіў, і Ігар казаў, што калі выйдзе, то напіша падзяку лекарам. У гадзіну ночы Ігара ня стала. Раніцай я чакала званка свайго брата, ён выказаў спачуваньні. Са шпіталя мне так ніхто і не тэлефанаваў. Першы званок быў з моргу. Гэта рэаліі. Чалавек памёр у гадзіну ночы, а ў 10.00 раніцы ты нічога яшчэ ня ведаеш.

«Ён выцягнуў мяне з анкалёгіі»

— Амаль 8 гадоў таму Ігар выцягнуў мяне з анкалёгіі. Да мяне туды ён хадзіў, як на працу, раніцай і ўвечары. Мы многа чаго перажылі разам. Мы амаль заўсёды былі разам.

Са мной ён прыйшоў да Бога, пасьля маёй хваробы. Нягледзячы на тое, што ён быў праваслаўным, хадзіў са мной да касьцёла і да споведзі, хаця, як казала мая бабуля, «жагнаўся па-праваслаўнаму». Бог адзін, і мы адзначалі і каталіцкія, і праваслаўныя сьвяты. Калі езьдзілі ў Мёры да маёй мамы, абавязкова заяжджалі, як ён казаў, да Ефрасіньні ў манастыр (Ефрасіньняй звалі яго маму).

Пасьля чарговага мэдагляду ў анкалёгіі ў мяне выявілі рэцыдыў. Я выйшла на працу, прайшло тры месяцы пасьля лячэньня. Зноў пачалася «хімія». Перад гэтай праверкай мне прысьніўся сон, у якім я бачыла сьвятую Ефрасіньню, і яна сказала, што дапаможа мне.

Пасьля аднаго курсу хіміятэрапіі мяне адправілі на праверку. Каб хто-небудзь бачыў вочы доктаркі, яна была ў шоку і казала: «Потрясающий результат! Это невозможно!» З той пары я ведаю, што ў Бога няма нічога немагчымага...

Ігар вельмі любіў касьцельныя фэсты. Мы езьдзілі ў Будслаў, Браслаў, Шуміліна. Памятаю, як ён ганарыўся, калі нёс харугву на сьвята Божага Цела.

Быў у Ігара любімы анэкдот пра самога сябе. Упершыню, калі ён прыйшоў у касьцёл са мной, ня ведаў, як сябе паводзіць. Я сказала: рабі тое, што і ўсе людзі. Калі ж прыйшоў час перадаць «знак супакою», Ігар казаў «Здравствуйте!» Бо не зразумеў, што значыць перадаць знак супакою. Увогуле ён любіў жартаваць.

«Пра шпіталь. Тут мясарубка»

— У чарзе, каб трапіць у шпіталь, сядзяць ня менш як 50 чалавек. Сядзяць хворыя і здаровыя, усе разам, у масках і без, у пальчатках і без. Хто не хварэў, той захварэе, адназначна.

Паклалі, а аналіз на каранавірус бралі толькі на наступны дзень. Заўтра будзе тыдзень, тэст не гатовы. Гэта нашы рэаліі. Жудасьць, страх.

Санітаркам, мэдыцынскім сёстрам не хапае экіпіроўкі. Яны надзяваюць пампэрсы, наверх — адзеньне, а яшчэ наверх, як я кажу, «парнік» (засьцерагальны касьцюм — РС). У такім адзеньні цяжка нават проста хадзіць, ня тое што працаваць. Гэта рэаліі.

Часам мы чакаем доўга, бо няма сыстэмаў, каб паставіць кропельніцы. Бывае, яны выкарыстоўваюць сыстэмы двойчы, проста пакідаюць іх на тумбачках. Гэта рэаліі. Мне цяжка ўсё гэта пісаць, шмат думак, перажываньняў, успамінаў.

Я пішу гэта ўсё дзеля таго, каб вы бераглі блізкіх і кожную хвіліну, якую праводзіце разам, каб усе зразумелі, што гэтая зараза ёсьць у Беларусі, што ўсё сур’ёзна. Ну і, канечне, у памяць аб маім мужу...

Дзякую ўсім дарагім людзям за малітвы, за вашу падтрымку, за тое, што вы ёсьць у маім жыцьці. Мне ж толькі застаецца прыняць волю Ўсёмагутнага.

* * *

З вокнаў шпіталя, у якім ляжыць Сьвятлана, відаць могілкі, на якіх сёньня пахавалі яе мужа.

У Віцебскай вобласьці на 16 красавіка выявілі 1282 выпадкі заражэньня каранавірусам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(32)