Общество
Зьміцер Панкавец, ”Наша нiва”

Газэце «Прессбол» пагражае прыпыненьне

Недзяржаўная спартовая газэта «Прессбол» атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі. Падпісала папярэджаньне намесьніца міністра Лілія Ананіч.

Газэце ў віну ставіцца тое, што ў выходных зьвестках пазначаны няпоўны адрас рэдакцыі, а галоўным рэдактарам пазначаны не кіраўнік УП «Прессбол» — дырэктар Юры Арлоў, а іншая асоба — галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў. Аднак у адпаведнасьці са статутам УП «Прессбол плюс» у прадпрыемстве прадугледжвае дзьве кіраўнічыя пасады: дырэктар і галоўны рэдактар.

Галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў адзначае, што адразу па атрыманьні папярэджаньня ў Міністэрства інфармацыі была накіраваная скарга, але адказу адтуль няма да гэтай пары. Паводле Закону аб друку (артыкул 16) выхад «Прессбола» можа быць прыпынены тэрмінам да трох месяцаў. Беражкоў кажа, што ня можа ўявіць сабе такое разьвіцьцё падзеяў. «Прессбол» спыніць выхад толькі ў тым выпадку, калі зь неба пачнуць падаць камяні», — кажа ён.

У красавіку 2004 г. «Прессбол» ужо атрымліваў папярэджаньне, за мову газэтных пэрсанажаў Сашы і Сірожы. Год таму газэта прайграла суд міністру фінансаў Мікалаю Корбуту, за няправільна зроблены подпіс пад фатаздымкам на першай паласе. Тады рэдакцыя была змушаная сплаціць чыноўніку 30 мільёнаў рублёў, а рэдактар Беражкоў — 10 мільёнаў.

На сёньняшні дзень «Прессбол» ёсьць самым папулярным спартовым выданьнем краіны ды, побач з naviny.by і Хартыяй'97 самым чытаным СМІ ў Інтэрнэце.

На форуме газэты выказваецца меркаваньне, што папярэджаньне "Прессболу" — гэта пакараньне за крытыку ў газэце кіраўніка хакейнай фэдэрацыі і па сумяшчальніцтве міністра ўнутраных справаў Ўладзімера Навумава.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)