«Гаварылі паміж сабой, што ад мяне трэба пазбавіцца». Мінчука непрытомным перадалі хуткай

Падчас нядзельнай акцыі ў Мінску сведкі паведамілі валанцёрам, што ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі хуткая забрала непрытомнага чалавека. Стала вядома імя — Ягор Камісараў.

У спісах затрыманых яго не было.

А потым аказалася, што Ягор ужо дома. Ён расказаў «Нашай Ніве», як усё было.

Мужчына працуе аддзелачнікам.

«Мяне затрымлівалі на Лагойскім тракце, фактычна побач з маім домам. Я з жонкай вяртаўся з крамы, пакет з прадуктамі несла яна. Чаму яна? Бо я нядаўна перанёс аперацыю на сэрцы, вось чаму (Ягор прадэманстраваў нам фота адпаведнага шнару на грудзях — «НН»).

Тут мы ўбачылі, як людзі ў аліўкавым б'юць хлопца. Я спыніўся, кажу, што ж вы робіце? Вас шмат, а ён адзін, не біце яго. Пачуўшы гэта, яны кінуліся на мяне, пачалі біць, завалаклі ў бус.

Я казаў, каб не білі, бо ў мяне толькі што была аперацыя на сэрцы. Але як я зразумеў, гаварыць з імі бессэнсоўна. Шмат непрыемных словаў пачуў у свой бок. Атрымаў шмат удараў па розных частках цела, у тым ліку па галаве.

Потым я з імі катаўся ў бусіку па розных раёнах горада, паўтараў пра сэрца. Мне станавілася рэальна вельмі кепска, я страчваў прытомнасць на кароткі час і прыходзіў у сябе.

Тут яны паміж сабой ужо пачалі гаварыць, што «ад яго трэба пазбавіцца».

Ну і я зноў пачаў падаць кудысьці ў сябе, мы ў гэты час былі ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Прыйшоў у прытомнасць я ўжо ў машыне медыкаў, людзей у аліўкавым побач не было. Мяне адвезлі ў бальніцу на Курасоўшчыне.

Медыкі нават не задавалі пытанняў, чаму я пабіты, па-мойму, яны і так усё разумеюць.

Правялі абследаванне, выявілася, што ў дадатак да візуальна бачных пабояў яшчэ чэрапна-мазгавая траўма, але ад шпіталізацыі я адмовіўся», — расказаў Ягор.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(19)