Общество

Галоўны рэдактар «Газэты Выборчай» напісаў ліст начальніку Валадаркі пра палітвязьня Пачобута

Адам Міхнік, галоўны рэдактар аднаго з найбуйнейшых польскіх выданьняў «Газэта Выборча», які быў палітвязьнем у часы, калі ягоная краіна была падкантрольная СССР, напісаў адкрыты ліст на Wyborcha.pl начальніку СІЗА № 1 Менска Андрэю Цэдрыку.

Анджэй Пачобут і Адам Міхнік, фота Agencja Gazeta

У гэтай установе амаль два месяцы ўтрымліваўся Анджэй Пачобут, шматгадовы карэспандэнт «Газэты Выборчай». Яму і яшчэ чацьвярым актывістам недзяржаўнага Саюза палякаў выстаўленае абвінавачваньне ў «распальваньні нацыянальнай варажнечы».

Напярэдадні стала вядома, што Пачобута перавялі з СІЗА № 1 Менска ў Жодзіна. Журналіста прызналі палітвязьнем.

— У СІЗА № 1, якое вы ўзначальваеце, ад 25 сакавіка знаходзіцца наш калега, карэспандэнт «Газэты Выборчай» Анджэй Пачобут, — цытуе Радыё Свабода словы з ліста Адама Міхніка. — Яго справа і абвінавачваньні, у чым мы глыбока ўпэўненыя, маюць прыроду беспадстаўных і незаконных палітычных рэпрэсій, накіраваных супраць сумленнага і дастойнага даверу журналіста і ў цэлым супраць прадстаўнікоў польскай меншасьці ў Беларусі. Такім чынам, гэтыя рэпрэсіі адпавядаюць рысам этнічнай чысткі, зьявы, якая павінна быць расьсьледаваная згодна зь міжнародным правам.

Зьвяртаючыся да Андрэя Цэдрыка, рэдактар Міхнік выказвае разуменьне, што начальнік СІЗА ня мае ўплыву на характар абвінавачваньняў Анджэю Пачобуту, на ход расьсьледаваньня або магчымы вэрдыкт. Аднак пры гэтым ён адказны за лёс вязьняў падчас іх зьняволеньня.

— Тое, што адбываецца падчас арышту з Анджэем Пачобутам, закранае ня толькі нас, яго калег па рэдакцыі, а і журналісцкую супольнасьць ва ўсёй Польшчы. Пачобута ведаюць, шануюць і паважаюць. Доказам гэтага — у 2011-м ён прызнаны польскім журналістам году, што ў нашай краіне ёсьць найвышэйшай журналісцкай узнагародай.

Нягледзячы на інфармацыйную блякаду, мы ўважліва сочым за лёсам калегі падчас яго зьняволеньня. Калі высьветліцца, што яго правы як вязьня парушаюцца, мы здольныя ўзьняць грамадзкі рэзананс у Польшчы ды іншых краінах, а таксама зьвярнуцца да міжнародных інстытутаў, каб дабівацца пакараньня вінаватых, — напісаў галоўны рэдактар «Газэты Выборчай» Адам Міхнік.

Анджэй Пачобут: «Сяджу ў Пішчалаўскім замку і адчуваю сябе графам Монтэ-Крыста»

25 сакавіка сілавікі прыйшлі ў кватэру да журналіста Анджэя Пачобута, актывіста непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў. Тры гадзіны доўжыўся ператрус у рамках крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 130 «Распальваньне расавай, нацыянальнай варажнечы». Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў.

Новы адрас для лістоў Анджэю Пачобуту. Сьледчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.

Директор «Белсата»: Анжелике Борис предлагали свободу в обмен на депортацию

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)