Галоўны прарасійскі палітык Беларусі Сяргей Лушч: быў «валхвом» паганскай секты, жонка не сцярпела сяброў-неанацыстаў

Апошнім часам у эфірах расійскіх ток-шоу усё часцей гучыць думка, што крызіс у Беларусі і наступнае ўзмацненне пазіцый у палітыкаў з еўрапейскімі поглядамі — гэта вынік адсутнасці прарасійскіх партый і ў прынцыпе адсутнасці палітычнай работы з беларусамі, лаяльнымі Маскве.

Сяргей Лушч, фота «Наш Гомель»

Супадзенне ці не, але 19 кастрычніка група асоб, якая доўгія годы кармілася з рук маскоўскіх фондаў, заявіла аб жаданні стварыць палітычную партыю «Саюз», якая б рухала беларусаў да глыбейшай інтэграцыі з Расіяй.

Узначаліў «прэзідыум» арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі 37-гадовы Сяргей Лушч.

«Наша Ніва» нагадвае, што за персанаж прэтэндуе на ролю галоўнага прарасійскага палітыка ў Беларусі.

Некалі Лушч ужо трапляў на нашыя старонкі — у 2016-м мы абурыліся тым, што асобу з вельмі спрэчнай біяграфіяй запрасілі на БТ у «Клуб рэдактараў» абмеркаваць свежы нумар «Нашай Нівы».

«Яшчэ нядаўна ён быў сябрам неанацысцкіх групіровак, а цяпер першы арганізатар Дня Перамогі»

Пасля ўдзельнік таго выпуску Павел Якубовіч у кулуарах пляваўся, што разам з ім, — шматгадовым рэдактарам лукашэнкаўскай газеты — за стол пасадзілі чалавека, які ніколі ў жыцці не кіраваў ніякім медыя.

Напэўна, падобныя ўражанні Сяргей мог бы выклікаць і на паседжанні любога іншага «клуба» па прафесійных інтарэсах, бо даць Лушчу нейкую здольнасную характарыстыку няпроста

— у публічнай сферы няма ніякай інфармацыі аб яго рабочай дзейнасці, а сам ён таямніцы не выдае: «Гэта вас не датычыць», — адказаў ён «Нашай Ніве» на пытанне, ці працаваў хоць дзе-небудзь.

Інтэрнэт жа памятае Лушча з пачатку 2010-х як удзельніка бясконцых мерапрыемстваў у Расіі кшталту «устаноўчага сходу арганізацыі «Права-кансерватыўны Альянс», ці «падпісання дэкларацыі аб стварэнні «Рускага інтэрнацыянала».

Там ён выступаў ад імя «Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Русь», якое сам жа і заснаваў у 2004-м.

Можна выказаць здагадку, што прагу да стварэння самаробных структур з ухілам у «правы кансерватызм» Лушчу прышчапіў ягоны ідэйны і духоўны настаўнік, грамадзянін Расіі Уладзімір Галякоў, які сам сябе называў — і гэта не жарт — як «Народны гаспадар, жрэц усіх славян, вярхоўны волхв усея Русі Уладзімір Багуміл ІІ Галяк, Ярк Воўк Схорон Еж Словен Жрэцкага войска славянскага народа».

«Багуміл ІІ» у цэнтры, пад свастыкай

Неяк так выйшла, што ў сярэдзіне 2000-х Сяргей Лушч трапіў пад уплыў гэтага лідара рэлігійнай секты «Схорон Еж Словен» і нават падняўся там па кар'ернай лесвіцы, стаўшы нечым кшталту «жраца» у беларускім філіяле. Атрымаў новае імя — «Волхв Вячаслаў».

Саму ідэалогію секты можна акрэсліць як неапаганскую, антысеміцкую і неанацысцкую, яна грунтуецца на некалькіх «святых» кнігах, напісаных «Багумілам», спасылкі на якія мы пакідаць не будзем, бо маем сумневы ў законнасці такой літаратуры.

Секта нясе традыцыйныя для неанацысцкіх суполак на постсавецкай прасторы ідэі аб абранасці «славянскай нацыі» і шкодніках-жыдах.

«На славянскай зямлі толькі адзін народ — славяне, астатнія — намі не забітыя», — вось звычайная вытрымка з прамовы духоўнага лідара «Схорон Еж Словена».

Удзельнікі секты пакланяюцца камяням, якія паліваюць півам, а таксама ўтыкаюць у свае алтары халодную зброю, што сімвалізуе ахвярапрынашэнне.

Падчас вітанняў ці абрадаў сектанты выкідвалі рукі ў нацысцкім вітанні і ў нашым старым матэрыяле ёсць прамыя фотасведчанні, што Сяргей Лушч ва ўсім гэтым удзельнічаў.

Прагны да дэталяў чалавек і сёння лёгка знойдзе сумесныя фота Лушча з адкрытымі нацыстамі ды зробіць высновы аб палітычных перспектывах гэтай асобы ў Беларусі — самай пацярпелай ад нацыстаў краіне.

Вось, напрыклад, сумесныя фота з нейкім татуяваным маладым чалавекам, якія Лушч змяшчаў у сваім інстаграме:

А вось фота са старонкі таго самага «татуяванага маладога чалавека», які мае акаўнт у інстаграме @gizma88, дзе 88 — лічбавы субкультурны код «Хайль Хітлер».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(8)