Общество

«Галоўная перамога яшчэ наперадзе – і ў яе будзе свой дзень»

Беларуская дэмакратычная лідэрка ўручыла ўзнагароды шэрагу выбітных асобаў за ўнёсак у культуру, навуку і барацьбу за свабоду Беларусі. На пачатку ўрачыстага мерапрыемства, якое адбылося 8 студзеня ў Варшаве, Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што ўсе ўганараваныя асобы зрабілі «непаўторны ўнёсак у беларуска-польскія адносіны». Радыё Свабода – пра тое, як гэта адбывалася.

Падчас цырымоніі ў Варшаве 8 студзеня 2025, зьлева направа: Андрэй Янушкевіч, Робэрт Тышкевіч, Эльжбэта Смулкова, Сьвятлана Ціханоўская, Ян Маліцкі, Мацей Радзівіл

— Мы, беларусы і палякі, маем доўгую гісторыю супольнай барацьбы за свабоду і незалежнасьць... Але я ўпэўненая, што галоўная перамога яшчэ наперадзе. У гэтай перамогі будзе свой дзень — дзень, калі Беларусь і Польшча стануць суседзямі ў Эўразьвязе. Сёньня мы ўручаем узнагароды ад імя АПК людзям, якія зрабілі вельмі шмат для таго, каб наблізіць гэты дзень, — адзначыла беларуская дэмакратычная лідэрка і пасьля сваёй прамовы ўручыла ўзнагароды.

Так, мэдалём Францыска Скарыны, які ўручаецца грамадзянам за працу ў галіне навукі, адукацыі і культуры, а таксама за выдатныя заслугі ў прафэсійнай дзейнасьці і значны асабісты ўклад у разьвіцьцё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу беларускага народа, Ціханоўская ўзнагародзіла:

  • Эльжбету Смулкову — мовазнаўцу, славістку, беларусістку, першую амбасадарку Польшчы ў Беларусі;
  • Уладзімера Някляева (ён не прысутнічаў на мерапрыемстве) — беларускага паэта, празаіка і грамадзка-палітычнага дзеяча.

— Гэтае ўзнагароджаньне, якое для чалавека майго ўзросту мае сапраўды вялікае значэньне, — падкрэсьліла Эльжбэта Смулкова ў словах падзякі. — Усё сваё навуковае і сацыяльнае жыцьцё я працавала так, як лічыла патрэбным, так, як трэба. Я не магла сабе ўявіць, што ў такім позьнім узросьце, праз шмат гадоў навуковай дзейнасьці, можна яшчэ мець кантакт з месцам сваёй цікавасьці і што вы хацелі гэта ацаніць.

Эльжбета Смулкова

Прафэсар Смулкова дадала, што калі зьявіцца магчымасьць быць карыснай для Беларусі, яна з задавальненьнем зробіць усё неабходнае.

— Акрамя сяброўства і прызнаньня соцень маладых беларусаў, гэта першая дзяржаўная ўзнагарода, якую я атрымаў ад Беларусі, — зазначыў Ян Маліцкі, прафэсар, дырэктар Цэнтра ўсходнеэўрапэйскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Сьвятлана Ціханоўская і Ян Маліцкі

Яго, а таксама Робэрта Тышкевіча — польскага палітыка, выдаўцу і Мацея Радзівіла — грамадзкага дзеяча, фінансіста, мэцэната, Ціханоўская ўзнагародзіла мэдалём «За плённую працу на карысьць Беларусі», якім адзначаюцца асобы без беларускага грамадзянства за выбітныя дасягненьні ў прафэсійнай і грамадзкай дзейнасьці на карысьць беларускага народа і беларускай дзяржавы ў сацыяльнай, эканамічнай, культурнай і палітычнай сфэрах.

— Хацеў бы шчыра падзякаваць беларусам Падляшша за тое, што мяне навучылі лепш казаць пра Беларусь. Бо каб любіць Беларусь, трэба ведаць беларусаў. Я меў такое шчасьце, — сказаў Роберт Тышкевіч. — Я б хацеў падзякаваць усім нязломным беларусам — тым, якія зараз у турмах, і тым, якіх я сустрэў праз 35 гадоў пасьля таго, як першы раз прыехаў у Менск.

І ўсім тым, каго сустрэў за ўвесь гэты час на сваім шляху. Усім, зь кім на працягу 18 гадоў працаваў над Парлямэнцкай групай па справах Беларусі. І хацеў бы напрыканцы падзякаваць табе, спадарыня Сьвятлана. За тое, што чатыры гады таму ты абудзіла гэтую веру ў Вольную Беларусь і надала ёй зусім новае вымярэньне.

Робэрт Тышкевіч
Сьвятлана Ціханоўская і Мацей Радзівіл

Мэдалём «Гонар і годнасьць», якім ушаноўваюцца асобы, якія праявілі выключную адданасьць у барацьбе за свабоду, нацыянальныя каштоўнасьці, дэмакратыю і правы чалавека і страцілі ў гэтай барацьбе сваё жыцьцё, Сьвятлана Ціханоўская адзначыла Андрэя Янушкевіча — беларускага гісторыка, выдаўца, дырэктара выдавецтва «Янушкевіч».

Ён, у сваю чаргу, падзякаваў беларускім чытачам, беларускім пісьменьнікам, перакладчыкам, рэдактарам і ўсім тым спэцыялістам, дзякуючы якім кнігі зьяўляюцца на сьвет.

Сьвятлана Ціханоўская і Андрэй Янушкевіч
Мэдаль «Гонар і годнасьць»

У камэнтары «Свабодзе» Ціханоўская падкрэсьліла, што ўсе ўручаныя ўзнагароды, спэцыяльна распрацаваныя беларускімі дэмакратычнымі сіламі з мэтай ушаноўваць тых, хто ўносіць пазытыўны ўклад у беларусізацыю.

— Імі мусяць быць адзначаныя тыя, хто вельмі шмат працаваў тады і цяпер, умацоўваў нашу культурную ідэнтычнасьць і мову. Вельмі шмат зьмянілася, але людзі тут, я маю на ўвазе польскую супольнасьць, умацоўвалі нашу беларушчыну. Ня кожны ў Беларусі гэта рабіў, і вельмі важна гэта падтрымліваць. Для мяне гэта мае вялікае значэньне, і ганаровым ляўрэатам таксама гэта вельмі важна і прыемна, — падсумавала Ціханоўская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(10)