Пасля ўварвання было адно стаўленне да беларусаў, сёння ўжо іншае. Сёння ўкраінцы ведаюць, што беларусы, якія тут застаюцца, ваююць альбо дапамагаюць Украіне. Вялікая рэдкасць пачуць нейкі хейт і адчуць негатыўнае стаўленне.
Гацура-Яворская: Сёння вялікая рэдкасць — пачуць хейт і адчуць негатыўнае стаўленне да беларусаў з боку ўкраінцаў
Былая палітзняволеная Таццяна Гацура-Яворская — пра праблемы беларусаў ва Украіне і рэабілітацыйны цэнтр для вайскоўцаў.
— Ёсць праблемы, з якімі сутыкаюцца ўсе беларусы ва Украіне, — пацвердзіла Таццяна Гацура-Яворская, якая з 2022 года жыве ва Украіне, Радыё Свабода. — Па-першае, гэта легалізацыя.
Паколькі беларусы не могуць памяняць пашпарты, праблема стала яшчэ больш актуальнай.
Таксама гэта замарожаныя рахункі, немагчымасць карыстацца банкаўскімі карткамі нават для тых, у каго ёсць ВНЖ. Людзям з ПМЖ усё ж прасцей жыць ва Украіне, але такіх меншасць.
Калі казаць пра грамадскае стаўленне, пра адносіны да беларусаў, то зараз яны адрозніваюцца ад тых, якімі былі. Яны мяняюцца з часам.
Актывістка кажа, што праз праблемы з легалізацыяй зараз ва Украіне застаецца не больш за тысячу нашых землякоў. Амаль усе займаюцца рознай дапамогай.
Сама Таццяна заснавала там рэабілітацыйны цэнтр для вайскоўцаў «Ланка».
— Першае, чым мы займаемся, гэта, канешне, гуманітарная дапамога медыцынскім установам, цывільным і вайсковым шпіталям. Так, разам з беларускай дыяспарай у Італіі мы дапамагалі з VAC-тэрапіяй для параненых.
А ў 2023 годзе арганізацыя «Ланка» заснавала рэабілітацыйны цэнтр, які знаходзіцца недалёка ад Кіева.
Адно з самых важных нашых дасягненняў за гэты час тое, што ў нас склаліся партнёрскія стасункі з дзяржаўнай медычнай установай, якая дапамагае нашым кліентам з дыягностыкай і амбулаторнай рэабілітацыяй.
Зараз хтосьці з кліентаў застаецца ў нас, хтосьці не кладзецца, а праходзіць рэабілітацыю амбулаторна ў іншым месцы. Гэта вельмі важна.
Мы выбудавалі за гэты час алгарытмы працы з рознымі пацыентамі — і з псіхалагічнымі праблемамі, і з праблемамі па аднаўленні пасля параненняў. Мы ведаем, як гэта ўсё працуе, і можам хутка і эфектыўна аказваць дапамогу.
Што тычыцца, напрыклад, псіхалагічнай дапамогі, то з намі працуе адна з псіхалагінь, якая мае досвед працы з 2014 года. Яна працавала з людзьмі пасля палону.
Але трэба сказаць, што не ўсе хочуць займацца з псіхолагам. Можа, толькі палова нашых кліентаў.
Яшчэ адзін наш псіхолаг дапамагае людзям з залежнасцямі. Скажу як ёсць, гэта таксама актуальная праблема, і ў вайсковых яна таксама распаўсюджаная.
У нас ёсць такое стэрэатыпнае мысленне, што ў рэабілітацыі маюць патрэбу толькі тыя, у каго адбылася ампутацыя ці яшчэ нешта сур’ёзнае.
Але калі чалавек знаходзіцца год-два ў палявых умовах, жыве фактычна на вуліцы, увесь час бліндажы, стрэс, жах — гэта вельмі цяжкая праца.
Для такіх людзей проста звычайныя хваробы могуць стаць вялікмі праблемамі. Многія ведаюсь пра беларускага добраахвотніка Аляксандра Клачко, які быў пад Бахмутам. Ён не быў паранены, але фактычна страціў ныркі, знаходзячыся там.
Прыкладна 60% нашых кліентаў — беларусы. Справа ў тым, што яны тут знаходзяцца без сацыяльных сувязяў, без сваёй сям’і. Калі ўкраінскі жаўнер пасля паранення можа паехаць дадому і пабыць з сям’ёй, з дзецьмі, то беларускім часта няма дзе пахварэць, разабрацца са сваім здароўем, зрабіць дыягностыку.
І мы імкнемся браць пад апеку такіх людзей, каб яны маглі вылекавацца.
Дагэтуль наша каманда складаецца з украінцаў і беларусаў прыкладна 50 на 50. На жаль, у сувязі з тым, што легалізацыя вельмі цяжкая, плюс яшчэ паміж Беларуссю і Украінай разарваная дамова аб прызнані дыпломаў, ад нас з’ехалі два беларускіх лекары, — расказала Таццяна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное