ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" патрабуе прыцягнуць да адказнасці асобаў, вінаватых у збіцці і затрыманнях журналістаў
Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" выказвае рашучы пратэст у сувязі з затрыманнямі і збіццём журналістаў, што адбыліся 2 сакавіка ў Мінску.
Раніцай людзі ў
цывільным з прымяненнем фізічнай сілы перашкодзілі прафесійнай дзейнасці
журналістаў беларускіх і замежных СМІ. Пацярпелі карэспандэнт агенцтва
"Reuters" (Масква), расійскі грамадзянін Дзмітрый Мaдорскі, які быў
вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу, а таксама журналіст агенцтва
"БелаПАН" Сяргей Пульша. Пазней фотажурналисты Сяргей Грыц
("Associated Press"), Василь Фядосенка ("Reuters"), Юлия
Дарашкевіч ("Наша ніва") былі затрыманыя каля Кастрычніцкага РУУС,
але ў хуткім часе адпушчаныя. Блізу 12 гадзін каля Кастрычніцкага РУУС былі
затрыманыя карэспандэнт "Комсомольской правды в Белоруссии" Алег
Улевіч, журналіст "Белгазеты" Дзмітрый Брушко, а таксама супрацоўнік
прэс-службы кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Казуліна
Андрэй Максімаў. А.Улевіч пры затрыманні быў жорстка збіты.
ГА "Беларуская
асацыяцыя журналістаў" звяртае ўвагу супрацоўнікаў праваахоўных органаў,
што арт. 39 закона "Аб друку і іншых СМІ" прадастаўляе журналістам
права прысутнічаць у раёнах стыхійных бедстваў, аварый і катастроф, ваенных
дзеянняў, мясцовасцях, дзе абвешчана надзвычайнае становішча, на мітынгах,
дэманстрацыях, на месцы іншых грамадска значных падзеяў і перадаваць адтуль
інфармацыю.
У дзеяннях асобаў, якія
затрымлівалі і збівалі журналістаў, угледжваюцца прыкметы складу злачынства,
прадугледжанага арт. 198 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, а менавіта
- стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста, здзейсненае з
прымяненнем гвалту альбо з пагрозай яго прымянення, знішчэннем альбо
пашкоджаннем маёмасці, замахам на правы і законныя інтарэсы журналіста.
ГА "Беларуская
асацыяцыя журналістаў патрабуе высветліць асобаў, вінаватых у затрыманнях і
збіцці журналістаў, і прыцягнуць іх да адказнасці.
02.03.2006
Читайте еще
Избранное