Фрыдман: «Ва ўяўленні Лукашэнкі такія інцыдэнты не здараюцца на роўным месцы. Калі Раісі загінуў, то яго, пэўна ж, забілі»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман расказаў Филину, якімі могуць быць наступствы катастрофы ў Іране для адносінаў Беларусі з гэтай краінай.
— Што для Ірана азначае гібель прэзідэнта Раісі? Ці зменіцца штосьці ў палітычнай сістэме? І што можна сказаць пра Махамеда Махбера, які часова будзе выконваць абавязкі прэзідэнта?
— Я б тут нагадаў, што віцэ-прэзідэнт Махбер прыязджаў у Мінск, сустракаўся з Лукашэнкам. Ён адказваў за вайсковае супрацоўніцтва. Але я б не перабольшваў ягоную вагу, бо гэта фігура тэхнічная. Нават не выглядае на тое, што ён будзе вылучаны на наступных выбарах.
Калі падсумаваць, то, канечне, гэта не азначае калапс палітычнай сістэмы Ірана. Але, безумоўна, гэта будзе стрэс-тэстам для яе. Паколькі і Ібрахім Раісі, і міністр замежных спраў Хасейн Амір Абдалахіян былі важнымі фігурамі рэжыма. Яны былі абсалютна лаяльныя, гэта хардлайнеры, якія цалкам падтрымлівалі і імплементавалі жорсткі курс Хаменеі.
У тым ліку і курс, звязаны з арыентацыяй на Расію, цесныя сувязі з ёй, пастаўкі зброі. У гэтым сэнсе гэта былі важныя палітычныя фігуры. Акрамя таго, наколькі я разумею, міністр замежных спраў яшчэ і адказваў за сувязі з «Хезбалой».
Тое, што кажа Лукашэнка, маўляў, мы страцілі сябра Беларусі, гэта яўнае перабольшванне. Бо не на такім узроўні, не на асабістым праводзіцца палітыка.
Для іранцаў зараз галоўнае захаваць стабільнасць гэтай сістэмы, бо той жа Раісі — гэта чалавек, які праводзіў жорсткую палітыку. І падаўленне нядаўніх пратэстаў, жосткасць, з якой гэта рабілася, гэта ў значнай ступені ягоная заслуга.
Таму няма нічога надзвычайнага ў тым, што іранская апазіцыя ў выгнанні святкуе смерць Раісі. Бо гэта іх асабісты вораг і вельмі жорсткі чалавек.
Я не думаю, што гэта можа кардынальна паўплываць на палітычную сістэму Ірана. Але хто ведае, такія сістэмы часта падаюцца вельмі стабільнымі вонкава. А вось зараз умяшаўся такі асабісты чыннік, і хто ведае, ці такая ўжо стабільная гэтая сістэма?
Тут яшчэ адзін цікавы момант — што іранцы з гэтым будуць рабіць. Ці прызнаюць, што гэта проста катастрофа, чалавечы фактар, ці кінуцца ў канспіралогію — пачнуць вінаваціць Ізраіль найперш, ЗША.
Зрэшты, гэта тое, што за іх ужо зараз робіць расійская прапаганда. Гэта таксама цікавы момант. Іранцы пакуль маўчаць, яны імкнуцца зразумець, што адбылося. А расійская прапаганда адразу ж кінулася шукаць тут канспіралогію.
— Кадры, дзе іранцы радаваліся гэтай навіне, — непрыемны момант для іншых дыктатараў. Але што яшчэ гэтае здарэнне, акрамя такой ненатхняльнай карцінкі ды, магчыма, абвастрэння аэрафобіі, можа азначаць для Лукашэнкі? Як гэта можа адбіцца на ягоных стасунках з іранскімі ўладамі?
— Тут можна звярнуць увагу на характэрны момант. Расійская прапаганда, той жа Сяргей Маркаў, праводзяць паралелі: маўляў, замах на славацкага прэм’ера Фіца здарыўся пасля ягонага вяртання з Азербайджана. І Раісі загінуў па дарозе дамоў з гэтай краіны.
Таму Лукашэнка, думаю, будзе паводзіць сябе больш асцярожна. І ў сваіх вандроўках будзе асцярожнічаць. Бо гэта схільны да канспіралагічных тэорыяў чалавек. У ягоным уяўленні такія інцыдэнты не здараюцца на роўным месцы.
Калі Раісі загінуў, то яго, пэўна ж, забілі. І на гэтай версіі, не выключана, будуць акцэнтаваць увагу ў Мінску. Магчыма, мы штосьці на гэтую тэму яшчэ пачуем ад Лукашэнкі.
У астатнім улады Беларусі будуць працаваць з Іранам далей. Але яны іграюць тут другасную ролю, бо ў дадзеным выпадку робяць усё ў расійскім кантэксце.
І тое, што мы тут нешта назіраем на беларускім напрамку, адбываецца толькі дзякуючы таму, што Тэгеран вырашыў супрацоўнічаць з Масквой у ваеннай галіне.
Таму беларускі фактар тут другасны. Выбудова новых узаемаадносінаў стане задачай крамлёўскай дыпламатыі, а беларускі бок толькі падключыцца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное