Што тычыцца Захаду, — там не ўспрымаюць Лукашэнку сур’ёзна. Гэта не тая постаць. Што б ён ні казаў і не рабіў, яго ўспрымаюць як расійскую марыянетку. Тое, што ён агучвае, важыць прыкладна, як словы таго ж Мядзведзева, толькі той піша, а гэты нешта кажа.
Фрыдман: «Лічыць, што Лукашэнку запрасілі, каб ён нешта агучыў — гэта значыць, моцна перабольшыць яго палітычную вагу»
Чаму не варта ўспрымаць вельмі сур’ёзна заявы, якія зрабіў на публіку правіцель Беларусі.
11-12 красавіка Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка правялі перамовы ў Маскве. Лейтматывам сустрэчы, прынамсі, адкрытай часткі і заяў для прэсы, стала тэма Украіны — дакладней, мірных перамоў і «стамбульскіх пагадненняў» 2022 года, да якіх нібыта варта вярнуцца, пакуль ёсць зручны момант. Прычым расейскія медыя падкрэслілі: Пуцін «падтрымаў ініцыятыву Лукашэнкі», а не наадварот. Некаторыя аналітыкі лічаць, што акурат для гэтага перамовы і былі патрэбныя.
Назаўтра заклікі да перамоў паўтарыліся — а разам з тым прагучала цікавае тлумачэнне, чаму Беларусь не будзе наўпрост уступаць у вайну з Украінай. «Самае простае сёння — гэта Беларусі пачаць вайну супраць Украіны. Яна Расіі, гэта вайна, не патрэбная, мы не зможам», — сказаў Лукашэнка.
Што значыць гэты палітычны стэндап, ці варта прыслухоўвацца да сказанага альбо пачакаць не слоў, а дзеянняў, і якія высновы з сустрэчы правіцеляў можна зрабіць ужо зараз — пра тое Филин пагутарыў з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.
— Не трэба шукаць у рыторыцы Лукашэнкі патаемных сэнсаў, хітрыкаў і захадаў, — мяркуе аналітык. — І гэтаксама не трэба надаваць занадта вялікае значэнне іх цяперашняй сустрэчы з Пуціным. Калі шукаць сэнс у мностве абсалютна пустых слоў, разважаць, што мелася на ўвазе, мы проста гуляем у іхнюю навязаную гульню. Насамрэч дзякуючы агучаным заявам мы проста разумеем, што ў ягонай галаве, як ён бачыць свет, ні больш ні менш.
Бо калі лічыць, што Лукашэнку запрасілі, каб ён нешта агучыў — гэта значыць, моцна перабольшыць яго палітычную вагу. У дачыненні да каго могуць сыходзіць ягоныя месэджы, хто павінен стаць адрасатам? Альбо Захад, альбо Украіна.
Тым больш, пра мірныя перамовы ён ужо два гады паўтарае, і кожны раз, як з Пуціным сустрэнецца, гучыць адно і тое ж: вось саспела сітуацыя, і калі зараз не заключыць пагадненні, такой магчымасці больш не будзе, — абсалютна пустыя словы.
Але безумоўна, зазначае аналітык, беларускі правіцель выкарыстоўвае магчымасці пагутарыць з прэсай:
— Замежныя журналісты да яго больш не ездзяць, апошнім часам інтэрв’ю не было, бо цікавасць да яго, напэўна, страцілі. Што ж яму, з Белтай размаўляць, з СТБ ці БТ? А тут расійскія журналісты, так ці інакш, і яму падабаецца, калі мікрафоны Першага канала стаяць. Ён адчувае сябе сур’ёзнай фігурай, і пачынаюцца разважанні пра мірныя перамовы, удзел у іх Беларусі і г.д.
Прычым, я мяркую, гэта ягоныя сапраўдныя думкі, яго светапогляд, — але адаптаваны на расійскую аўдыторыю. Ён хоча, па-першае, запэўніць у сваёй лаяльнасці, па-другое, паказаць сябе вялікім дзяржаўным дзеячам. І па-трэцяе, магчыма, у гэтым ягоны тактычны хітрык, — кажа тое, што Расіі падабаецца, творча развівае расійскія наратывы, не забываючы пры гэтым пра свае ўласныя.
Гэтым разам было відавочна: з аднаго боку, сказаць пра мірныя перамовы, ведаючы, што нічога з гэтага не будзе, — і пры тым яшчэ раз паказаць, што ён хоча ў такіх мірных перамовах паўдзельнічаць, прагне, жадае. Але жадаць можна і далей.
Другі момант — яго падрабязныя разважанні наконт ролі Беларусі ў вайне. Гэта менавіта тое, чаго ён імкнецца любым чынам пазбегнуць, і таму імкнецца давесці расійскай аўдыторыі, чаму гэта добра для РФ, што Беларусь у вайну не ўступае. Насамрэч гэта яго ўласнае нежаданне.
Гучала вельмі цікава: кіраўнік краіны, чалавек, які павінен перш за ўсё дбаць пра ўласныя інтарэсы, як гэта робіць умоўны Казахстан, гаворачы, маўляў, гэта не наша вайна, гэта не пра нашы інтарэсы, таму мы трымаемся ўбаку, — а тут гэты чалавек расказвае, што ўсё робіць для Расіі, што не існуе ніякіх беларускіх інтарэсаў у адрыве ад расійскіх. Таму ён і прадукцыю НПЗ пастаўляе, і іншым чынам дапамагае — толькі не трэба яго заахвочваць ваяваць. Бо такая Беларусь, як сёння ёсць — у інтарэсах Расіі.
Што да Украіны, мяркуе Аляксандр Фрыдман, у афіцыйнага Мінска, відаць, ёсць пэўныя дамоўленасці з Кіевам пра захаванне статус-кво — але Лукашэнка вельмі баіцца, што існуючы стан парушыцца. Таму і быў згаданы Мазырскі НПЗ, і 120 тысяч украінскіх вайскоўцаў на мяжы з РБ — гэта зусім не той Лукашэнка, які ў Беларусі акурат ля мяжы расказваў пра ядзерную зброю і «мы нікога не баімся».
— Насамрэч усе рухі на мяжы, кшталту верагоднага з’яўлення там французаў, амерыканцаў, немцаў, «стаім лоб у лоб», — гэта ўсё ў яго інтарэсах, — працягвае аналітык, — бо ён будзе «прадаваць» гэты мэсэдж, што трэба мяжу ахоўваць, таму не можа пайсці ні ў які ваенны паход. Увогуле, усе ягоныя разважанні палягаюць у гэтым рэчышчы: не чапайце мяне, не хачу ваяваць, не буду.
Пры тым ён прагаворваецца пра рэчы, якія яго хвалююць насамрэч і якія беларускай аўдыторыі прапаганда не паведамляе: пра тых жа французаў, якія могуць быць адпраўленыя ў Кіеўскую вобласць, пра выкарыстанне Расіяй беларускіх НПЗ. І ён жа ўпэўнены, што незалежнай аналітыкі не існуе, і калі заходняе выданне надрукавала нейкую інфармацыю пра Беларусь — гэта павінна быць ЦРУ. І ён, магчыма, міжволі, прагаворваецца, што ў Мінску адсочваюць гэтыя публікацыі, што гэта хвалюе.
— Лукашэнка скарыстаўся магчымасцю выказацца і яшчэ раз паўтарыць, што «мы з Пуціным», ва ўсіх сэнсах. А для чаго двухдзённыя перамовы маглі быць патрэбныя Пуціну — наўрад ці адзначыць дзень касманаўтыкі ды выпіць разам чаю за зачыненымі дзвярыма?
— Іхнія сустрэчы маюць, я сказаў бы, рытуальны характар. У тым сэнсе, што сфармаваліся пэўныя традыцыі і рытуалы, звязаныя са святамі, памятнымі датамі. У Савецкім Саюзе, калі адзначалася пэўная дата на саюзным узроўні, прыязджалі кіраўнікі рэспублік і дэманстравалася еднасць: гэта наша агульнае, наш стрыжань.
А сёння з Савецкага Саюза засталіся толькі Пуцін і Лукашэнка. Таму да знакавых падзей, кшталту Дня касманаўтыкі альбо гадавіны блакады Ленінграда, як мінулым разам, прыязджае Лукашэнка, які паказвае: у Расіі ёсць саюзнік, у іх сумесныя каштоўнасці і сумесныя мэты. Відаць, гэта для Пуціна важны псіхалагічны момант, і Лукашэнка важны для яго чалавек — так бы мовіць, малодшы партнёр.
Ну, а Лукашэнка такімі магчымасцямі скарыстоўваецца і праводзіць перамовы па розных пытаннях. Усё ж не варта забывацца, што Беларусь для Расіі — важны эканамічны партнёр, фарпост на заходнім напрамку, краіна, якая мяжуе з Украінай і с заходнім светам. Таму маецца і эканамічны чыннік, і ўсё звязанае з вайной, вядома, абмяркоўваецца.
Іхнія перамовы — у пэўным сэнсе сустрэча аднадумцаў, ці нават родзічаў, якія маюць сумеснае палітычнае мінулае, агульны вопыт. Вось яны і сустракаюцца, як самі кажуць, звяраюць гадзіннікі. У іх сапраўды шмат працоўных момантаў.
Таму, паўтаруся, я б не перабольшваў агучаныя мэсэджы і не разважаў у тым рэчышчы, што «Лукашэнку выклікалі» і загадалі сказаць тое і тое — у іх ужо такія адносіны, што ён сам цудоўна разумее, калі і што можа казаць, а што не трэба. А тут у іх насамрэч агульнае свята, цяпер і касмічнае, і Расія ўжо цалкам уключае Беларусь у сваю культурна-прапагандысцкую прастору.
То як жа яму не прыехаць, калі «старэйшы брат» запрашае і ёсць магчымасць аб сабе нагадаць. А калі яшчэ ёсць магчымасць і грошы папрасіць — Лукашэнка гэта таксама робіць.
Читайте еще
Избранное