Еўрасаюз не разумее адносін унутры беларускай апазіцыі
Старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю распавёў Еўрарадыё, чаму ў Еўрасаюзе амаль не ведаюць сёлетніх кандыдатаў, як можна трактаваць візіт Грыбаўскайтэ і Сікорскага ў нашу краіну і якая будучыня чакае Еўранэст.
-- Савет Міністраў ЕС 25 кастрычніка працягнуў і адначасова замарозіў санкцыі ў адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Як вы ацэніце гэтае рашэнне?
-- Еўрасаюз выкарыстоўвае даступныя яму захады, каб паказаць, што змены ў Беларусі не дастатковыя. Гэта асабліва тычыцца права на свабоду сходаў і асацыяцый, стандартаў правядзення выбараў.
-- Шэраг экспертаў і апазіцыйных палітыкаў палічылі візіт Далі Грыбаўскайтэ ў Беларусь жэстам падтрымкі Лукашэнкі. Тое самае тычыцца візіту міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага…
-- Я не лічу, што афіцыйныя візіты ладзяцца з мэтай падтрымаць кагосьці, у тым ліку Лукашэнку. Наведванне Беларусі – частка палітыкі набліжэння Еўрасаюза з Беларуссю, якая ў 2008 годзе замяніла палітыку ізаляцыі. Праз сустрэчы заходнія палітыкі даносяць беларускім чыноўнікам прапанову, альтэрнатыўную самаізаляцыі і недэмакратычнаму развіццю. Але рашэнне адносна шляху развіцця ў руках самой Беларусі – як яе ўладаў, так і грамадзян.
-- Як сёння выглядае сітуацыя вакол Парламенцкай асамблеі Еўранэст?
-- Пакуль сітуацыя тупіковая, і рашэння няма. Пазіцыя палітычнай групы, якую прадстаўляю я – Еўрапейскай народнай партыі [самая вялікая палітычная група ў Еўрапарламенце. – Заўвага Еўрарадыё] – ясная. Мы лічым непрымальным у Еўранэсце ўдзел беларускага парламента, бо ён не прызнаецца міжнароднай супольнасцю дэмакратычна абраным.
Тым часам дыскусія з нашымі партнёрамі – прадстаўнікамі парламентаў іншых краін Усходняга Партнёрства – працягваецца. І некаторыя з іх спрабуюць пераканаць нас змяніць сваю пазіцыю. Але шанцаў на гэта няма. Таму, верагодна, ці хутка мы пачнём без тых, хто не раздзяляе погляд Еўрапарламента, ці запуск Еўранэста будзе адкладзены надалей.
-- Маецца на ўвазе, што, напрыклад, беларускі і грузінскі парламент будуць фактычна выключаныя з Еўранэста?
-- Гаворка не пра выключэнне пэўнага парламента і яго дэпутатаў. Папросту некаторыя дэлегацыі могуць не аб'явіцца на першай сесіі Еўранэста. Прыйсці і прыняць удзел – рашэнне кожнага асобнага парламента.
Але, паўтаруся, канчатковага рашэння яшчэ няма, разглядаюцца розныя варыянты. У тым ліку, пачаць з працы спецыяльнай працоўнай групы.
-- Як у Еўрапарламенце паставіліся да рашэння Аляксандра Мілінкевіча не ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі?
-- Ён праінфармаваў нас у лісце пра прычыны свайго рашэння. Галоўная з іх – вельмі малы, калі ён увогуле ёсць, шанец на правядзенне ў краіне свабодных і справядлівых выбараў. Я магу зразумець гэта – калі адсутнічаюць магчымасці для справядлівага і адкрытага выбарчага працэсу, то гэта не сапраўдная палітычная барацьба, а нешта кшталту гульні.
Іншыя прадстаўнікі апазіцыі абралі іншы падыход. Якая стратэгія падаецца лепшай – будзе бачна бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў.
-- Які з прэтэндэнтаў у прэзідэнты, апанентаў Лукашэнкі, найбольш вядомы ў Еўрапарламенце і Еўрасаюзе ў цэлым?
-- Раней у Еўрапарламенце былі пазнавальныя два імёны: Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін. Першы – былы кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі і лаўрэат прэміі Еўрапарламента імя Сахарава. Другі – вядомы сваёй мужнай пазіцыяй і доўгім зняволеннем, ён таксама быў кандыдатам на прэмію Сахарава ў 2008 годзе.
Большасць цяперашніх кандыдатаў, калі не сказаць усе з іх, хутчэй невядомыя. Вынікі выбараў пакажуць, ці нехта з іх у стане атрымаць значную падтрымку грамадзян і стаць больш пазнавальным у Еўрасаюзе і Еўрапарламенце.
Некаторыя з кандыдатаў вядомыя ў пэўных палітычных групах. Напрыклад, Яраслаў Раманчук – у групе кансерватараў, па запрашэнні якой ён нядаўна прыязджаў у Еўрапарламент.
-- Наколькі вялікую ўвагу Еўрапарламент цяпер надзяляе Беларусі?
-- Трэба мець на ўвазе, што Еўрапарламент – орган, які вядзе глабальную дзейнасць. І тая вельмі ўдалая і станоўчая сітуацыя пяцігадовай даўніны ў палітычным жыцці не працягваецца доўга. Гаворка пра ўвагу Еўрапарламента да Беларусі ў 2005 годзе, у асноўным дзякуючы пазіцыі польскіх еўрадэпутатаў, але не толькі.
Грамадзяне Беларусі і лідэры апазіцыі павінны разумець, што пастаянна прыцягваць увагу Еўрасаюза да Беларусі вельмі няпроста. І калі яны маюць пэўны давер, то не павінны губляць яго праз унутраны разлад, а часам сваркі паміж сабой. Такія адносіны ў апазіцыі не разумеюцца ні Еўрапарламентам, ні Еўрасаюзам у цэлым.
Найбольш важнае – быць аб'яднанымі і мець вельмі ясную стратэгію, чым быць раз'яднанымі. Спрачацца палітычным сілам адно з адным па розных пытаннях – нармальная штодзённая практыка ў дэмакратычных краінах. Але не для Беларусі.
У 1980-я гады ў Польшчы, у часы "Салідарнасці", палітычныя групы з рознымі ідэалогіямі былі аб'яднаныя вакол аднаго лозунга, аднаго брэнда, аднаго найбольш вядомага за мяжой лідэра. І дзякуючы гэтаму ім было куды прасцей атрымаць міжнародную падтрымку.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное