Политика

Эўрапейскія авіякампаніі прадаюць квіткі ў Менск і зь Менску. Што гэта значыць?

Ці значыць гэта, што ў гэтыя даты ўжо ня будзе дзейнічаць забарона Эўрапейскага Зьвязу на палёты ў Беларусь, высвятляла Радыё Свабода.

Да прыкладу, на сайце нямецкай Lufthansa можна купіць квіткі на рэйс Менск-Франкфурт, пачынаючы з 21 верасьня, а на рэйс Франкфурт-Менск — з 22 верасьня. Польская авіякампанія LOT прадае квіткі Варшава-Менск і Менск-Варшава на кастрычнік.

Радыё Свабода зьвярнулася да авіякампаніяў з пытаньнем, ці значыць гэта, што ў гэтыя даты ўжо ня будзе дзейнічаць забарона Эўрапейскага Зьвязу на палёты ў Беларусь.

Прадстаўнікі LOT адказалі, што цяпер у іх заплянаваны «зімовы расклад палётаў», у якім ёсьць рэйсы ў Менск. «Аднак імавернасьць далейшага спыненьня палётаў будзе вызначацца дзейнымі абмежаваньнямі. У такім выпадку пасажыры будуць мець магчымасьць вярнуць квіткі без дадатковых выплат за рэзэрвацыю».

Прадстаўнікі кампаніі Lufthansa далі такі адказ: «Усе авіялініі Lufthansa Group пазьбягаюць беларускай паветранай прасторы ад канца траўня 2021 году і выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя маршруты палётаў.

Lufthansa таксама прыпыніла рэйс Франкфурт-Менск. Мы ў шчыльным узаемадзеяньні зь нямецкімі і эўрапейскімі ўладамі ў гэтай сувязі. Робячы гэта, мы ўвесь час сочым за апошнімі падзеямі і паступова прыстасоўваем расклад нашых палётаў адпаведным чынам».

На пачатку чэрвеня Эўрапейскі Зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ, а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. У заяве Эўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэньне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленьне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бясьпеку».

У высновах таксама асуджалася затрыманьне журналіста Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі, якія ляцелі гэтым рэйсам.

2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу (EASA) выпусьціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі.

Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту (IATA), якая да таго асудзіла дзеяньні кіраўніцтва Беларусі ў інцыдэнце з самалётам Ryanair і заклікала да правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня, скрытыкавала і дырэктыву EASA, назваўшы яе «палітызацыяй авіяцыйнай бясьпекі».

«EASA павінна адмяніць сваю забарону і дазволіць авіякампаніям кіраваць бясьпекай, як яны гэта робяць кожны дзень — з дапамогай нармальных ацэнак апэрацыйных рызыкаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту.

«Палітыка ніколі не павінна ўмешвацца ў бясьпечную эксплюатацыю самалётаў, а палітыкі не павінны выкарыстоўваць авіяцыйную бясьпеку як прыкрыцьцё для рэалізацыі палітычных ці дыпляматычных праграм», — заявіў Уілі Ўолш, генэральны дырэктар IATA.

Мэта дырэктывы EASA, якую прынялі пасьля кансультацый з асобнымі краінамі і Эўракамісіяй, — «зьменшыць патэнцыйную рызыку для пасажыраў і экіпажаў, якая можа паўстаць у выніку дзеяньняў у гэтай паветранай прасторы».

Тлумачылася, што дырэктыва выклікана інцыдэнтам з прымусовай пасадкай у Менску самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair 23 траўня.

«Пакуль міжнароднае расьсьледаваньне ня высьветліць усіх абставінаў, EASA мае асьцярогі датычна таго, ці можа беларуская паветраная прастора лічыцца бясьпечнай для цывільных палётаў міжнароднай супольнасьці, бо няма поўнай упэўненасьці ў здольнасьці цяперашніх беларускіх уладаў кіраваць паветранай прасторай у адпаведнасьці зь міжнароднымі пагадненьнямі», — гаварылася ў дырэктыве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(14)