«Электарат Дэмакратаў проста не прыйшоў на выбары. Вось і ўвесь сакрэт»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – пра найбольш прыкметныя і ў пэўным сэнсе сенсацыйныя дэмаграфічныя зьявы падчас галасаваньня ў ЗША.

– Першае, найбольш яркае. «Моладзь за Трампа!»)) Гэта, вядома, зусім ня так, бо сярод моладзі Трамп набраў 43, а Харыс 54 працэнты, – піша Цыганкоў. – Але! У параўнаньні з 2020-м колькасьць маладых мужчын (18-29), якія галасавалі за Трампа, вырасла на 15 працэнтаў і склала зараз 56 працэнтаў.

Нават сярод  маладых жанчын гэтага ўзросту «мізагіністычны і таксічны» Трамп дадаў 8 працэнтаў і ў выніку набраў 40

Сярод чорных «расіст» Трамп дадаў 8 працэнтаў, сярод лацінас 7, азіатаў 4. І можна канстатаваць правал «палітыкі ідэнтычнасьці» – маўляў, возьмем чорна-азіяцкую жанчыну і ўсе чорныя, азіаты і жанчыны за яе прагаласуюць. Не. Людзі прагаласуюць за таго, хто нешта з сябе ўяўляе – напрыклад, двойчы даволі пераканаўча галасавалі за Абаму.

Ідзем далей. Па градацыі ўзроўню даходаў Трамп набыў 4-6 працэнтаў ва усіх катэгорыях, акрамя, што паказальна, самых багатых, дзе ён страціў 2 працэнты. Так што багатыя (гадавы даход на хатнюю гаспадарку 100 тысяч і вышэй, гэта 30 працэнтаў выбарнікаў) 53 працэнты галасавалі за Камалу і 45 за Трампа, што не адпавядае даўнейшаму стэрэатыпу, што рэспубліканцы – партыя для багацеяў.

Яшчэ з цікавага. З тых, хто прыйшоў на выбары першы раз у жыцьці (такіх было ажно 8 працэнтаў з усіх, хто прагаласаваў) 56 працэнтаў за Трампа. З тых, хто вырашыў, каму аддаць свой голас, толькі ў апошні тыдзень (7 працэнтаў ад усіх выбарнікаў) -- 51 за Трампа і 42 за Харыс.

Так што бачым, што шмат чаго вырашылася ў апошнія дні. То бок (гэта ўжо мая інтэрпрэтацыя) людзі пачулі, як СМІ называюць Трампа фашыстам, а ягоны мітынг у Нью-Ёрку нацысцкім – гэта актыўна пашырылася менавіта апошнія дні перад выбарамі – і папёрлі за яго галасаваць)

А электарат Дэмакратаў проста не прыйшоў на выбары. Вось і ўвесь сакрэт. Так што  ўсё  вышэйсказанае я мог не пісаць) У 2020 м Байден атрымаў 81 мільён, а Харыс зараз – 69 млн. Трамп зараз набраў прыблізна тыя самыя 74 млн, што і ў 2020-м. І перамог з розьніцай 5 мільёнаў.