Политика

Экс-дыплямат Астапенка — пра тое, чаму заходніх дыпляматаў высылаюць зь Беларусі

МЗС Беларусі запатрабаваў ад амбасадара Францыі Нікаля дэ Лякоста пакінуць Беларусь. Пасьля выбараў 2020-га сем заходніх амбасадараў былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Што гэта значыць для дыпляматыі і зьнешняй палітыкі — на Радыё Свабода тлумачыць экс-дыплямат Уладзімер Астапенка.

— Мы можам казаць, што рэжым Лукашэнкі абвясьціў дыпляматычную вайну ня толькі Францыі, але практычна ўсім краінам-суседзям Беларусі. Цяпер чарга дайшла да пасла Францыі. Адзінае пытаньне, якое застаецца: «Хто наступны будзе ў гэтай чарадзе?»

Гэтыя варожыя дзеяньні рэжыму накіраваныя на тое, каб падтрымаць напружанасьць у адносінах. Зразумела, што яны павінны атрымаць адпаведную рэакцыю з боку Эўразьвязу.

Беларусь славілася ўжо такімі сытуацыямі. Мы ведаем, што, напрыклад, з 2008 году не было паслоў ЗША ў Беларусі. Спроба аднавіць адносіны на ўзроўні паслоў не была пасьпяховая, бо ў выніку амэрыканская амбасадарка так і не атрымала беларускую візу.

Можна меркаваць, што замежныя амбасадары перашкаджаюць рэжыму ствараць тое беззаконьне, якое мы назіраем у рэспубліцы, таму яны становяцца крайнімі ў барацьбе і ў выніку вымушаныя пакідаць краіну.

Беларусь ужо пакінулі амбасадары Літвы, Латвіі, Польшчы, Нямеччыны, ЗША, Эўразьвязу і Францыі.

Замежныя амбасады, якія сёньня функцыянуюць у Беларусі як у міжнародна прызнанай дзяржаве, будуць працягваць сваю працу, будуць захоўвацца каналы камунікацыі і будуць рэалізоўвацца сумесныя праекты.

Адзіная справа ў тым, што легітымнасьці Лукашэнкі замежныя паслы не дададуць. І, на мой погляд, гэтая прынцыповая пазыцыя, якую заняў пасол Францыі, заслугоўвае таго, каб яна была распаўсюджаная на ўсе астатнія краіны.

На жаль, Беларусь становіцца ўсё большым ізгоем на міжнароднай арэне. Зразумела, што такія агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да замежных дыпляматаў могуць сабе дазволіць адно краіны, якія ня маюць павагі ні да міжнароднага права, ні да дыпляматычных звычаяў, ні да культуры падтрыманьня міжнародных адносінаў. Калі ў краіне не да законаў, якія законы могуць прымяняцца на міжнародным узроўні?

Закручваньне гаек і высылку амбасадараў можна ацэньваць як адзіночныя дзеяньні, але зразумела, што гэта выбудоўваецца ўжо ў сыстэму.

А сыстэма базуецца на тым, што рэжым, па сутнасьці, абвясьціў вайну свайму народу. А пасьля гэтага гатовы абвясьціць вайну ўсім тым, хто знаходзіцца побач зь Беларусьсю.

Беларусь, па сутнасьці, жыве ў ваенным становішчы, калі няма ні палітычных, ні сацыяльных правоў, калі закрыты выезд за мяжу, калі няма справядлівых судовых працэсаў.

Гэта вайна рэжыму з уласным народам. Ахвярамі гэтай вайны становяцца і замежныя дыпляматы, што можна ацаніць як дастаткова лягічны працяг вайны на ўнутраным фронце на фронт зьнешні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(45)