Экономика

Эканаміст: «Працяглы спад, падзеньне ВУП і даходаў насельніцтва. І гэта аптымістычны варыянт»

Эканаміст Зьміцер Крук у інтэр’ю Радыё Свабода апісвае некалькі сцэнароў разьвіцьця эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, прадказвае, на чым улады паспрабуюць эканоміць, і заяўляе, што зьніжэньне даходаў насельніцтва можа скласьці да 10 працэнтаў.

Зьміцер Крук

— Наколькі глыбока можа ўпасьці беларуская эканоміка ў 2020 годзе з улікам другой хвалі каранавірусу і палітычнага крызісу?

— Важна акрэсьліць пэрспэктыву, якую мы аналізуем. Калі казаць толькі пра 2020 год, то тут на першы плян сапраўды выходзяць наступствы COVID і палітычны крызіс. Пытаньне толькі ў тым, наколькі глыбока і як хутка зьнізяцца даходы людзей.

Калі цяперашняя ўлада будзе захоўваецца, то гэта кірунак на доўгатэрміновую дэпрэсію. У такім разе самым аптымістычным сцэнаром будзе працяглы спад, а потым стагнацыя.

— Палітычны крызіс таксама можа залежаць ад падзеяў у эканоміцы, калі, напрыклад, у выніку спаду ўзроўню жыцьця ці спыненьня нейкіх прадпрыемстваў могуць пачацца страйкі на заводах. Наколькі імаверна, што гэта можа адбыцца ўжо ў найбліжэйшыя месяцы?

— Самы імаверны варыянт — будзе працягвацца і паглыбляцца паступовае падзеньне. Вельмі магчыма, што гэта будзе праяўляцца ў значным і істотным пагаршэньні фінансавага становішча прадпрыемстваў, найперш дзяржаўных.

У другім квартале, на піку эпідэміі COVID, дзяржаўная палітыка зьвялася да таго, каб усімі сродкамі падтрымліваць аб’ёмы вытворчасьці, нягледзячы на зьніжэньне попыту. І гэта прывяло да таго, што фінансавыя паказьнікі прадпрыемстваў пачалі вельмі істотна ціснуць на бягучую дзейнасьць.

А цяпер да гэтага дадаліся праблемы, зьвязаныя з палітычным крызісам. У канцы жніўня — пачатку верасьня зьявілася моцная напружанасьць на фінансавым рынку. І ўлады проста перанакіравалі назапашаныя праблемы на банкі, каб тыя гасілі іх уласнымі сіламі, і ў рэальную эканоміку, на прадпрыемствы. Прадпрыемствы, якія і так былі ў цяжкім фінансавым становішчы, зараз сутыкнуцца з шэрагам новых выклікаў — немагчымасьцю перакрэдытаваньня, няздольнасьцю выконваць свае абавязкі ў заробках.

Таму зараз ключавое пытаньне — наколькі хутка будзе паглыбляцца эканамічны і фінансавы спад, ці здолеюць прадпрыемствы захоўваць і аб’ёмы вытворчасьці і жыцьцяздольнае фінансавае становішча.

— У выніку рэпрэсіяў улада пазбавіла сябе магчымасьці знайсьці фінансавыя і інвэстыцыйныя рэсурсы на Захадзе. Наколькі гэты чыньнік істотны, ці, як любіць сьцьвярджаць дзяржаўная прапаганда, гэта мала на што ўплывае?

— Гэта вельмі істотна. Банкі ў канцы жніўня часткова стабілізавалі становішча на валютным рынку, залучаючы замежныя рэсурсы. Хутчэй за ўсё, гэта былі рэсурсы з Расеі.

Але тэндэнцыя адтоку дэпазытаў захоўваецца, таму банкам трэба залучаць новыя грошы. Ці гатовыя расейскія банкі зноў і зноў даваць гэтыя грошы? Вельмі сумнеўна. Але іншых альтэрнатываў для Беларусі сёньня ўжо няма.

Другая праблема — гэта неабходнасьць бюджэту ў новых пазыках. Бо ўпершыню за доўгі пэрыяд мы сутыкаемся з бюджэтным дэфіцытам. Пакуль Міністэрства фінансаў заяўляе, што мае назапашаныя сродкі зь мінулых гадоў, але зь вялікай імавернасьцю ў выніку гэтага году большая частка гэтых сродкаў будзе растрачаная.

— Пачала працу сэсія Палаты прадстаўнікоў, якая мае, акрамя ўсяго, разгледзець бюджэт на наступны год. Сярод іншых лічбаў прагучала, што будуць павялічаныя выдаткі на сілавыя структуры. Ці гэта азначае, што ўлада бярэ курс на мілітарызацыю эканомікі?

— Можна адназначна сказаць, што ў цэлым павелічэньне выдаткаў на што б ні было немагчымае пры відавочным скарачэньні даходаў у краіне.

Рост выдаткаў — гэта рост дэфіцыту бюджэту, чаго дзяржава зараз дазволіць сабе ня можа, бо гэта і рост рызыкі інфляцыі і фінансавага крызісу. Калі дзяржава вырашыць павялічыць выдаткі на сілавыя ведамствы, то гэта азначае, што будуць памяншацца расходы на іншыя галіны.

Гэта могуць быць капітальныя выдаткі, то бок фінансаваньне школаў, шпіталёў, дарог. І гэта могуць быць сацыяльныя расходы — заробкі, пэнсіі, сацыяльныя выплаты.

— Каго найперш можа тычыцца скарачэньне выдаткаў? Бо рашэньне павялічыць выдаткі на сілавыя структуры — яўна не эканамічнае, гэта палітычнае і ідэалягічнае рашэньне.

— Я мяркую, найбольш імаверны варыянт — будзе замарожаны рост заробкаў у бюджэтнай сфэры. У мінулыя гады, калі ўзьнікала неабходнасьць эканоміі, то ўлады зьніжалі капітальныя выдаткі. У першым паўгодзьдзі яны былі павялічаныя, таму ў другой палове году відавочна будуць зьменшаныя, адбудзецца абмежаваньне ўнутраных інвэстыцыяў у будаўніцтва, рамонт і гэтак далей.

— Вы апісалі даволі «аптымістычны» варыянт — павольнае падзеньне эканомікі і даходаў. Але ж існуе і больш нэгатыўная вэрсія разьвіцьця падзеяў — рэзкі імклівы спад. З улікам сьвядомых паводзінаў значнай часткі беларусаў, якія забіраюць свае грошы з банкаў і байкатуюць тавары беларускіх вытворцаў, зьвязаных з уладай. Ці такія паводзіны могуць рэальна паўплываць на эканамічны стан гэтых прадпрыемстваў?

— Могуць паўплываць вельмі істотна і значна. Пытаньне ў тым, як хутка. Так, вы маеце рацыю: я пакуль апісаў больш «аптымістычны» сцэнар мяккага падзеньня. Але пытаньне ў тым, што яно можа адбывацца хутка і глыбока. У кожны момант сытуацыя на фінансавым рынку можа зьмяніццца даволі хутка, літаральна за некалькі дзён.

Напрыклад, нейкае буйное прадпрыемства аказваецца ня ў стане выконваць свае абавязкі ці то перад банкамі, ці то перад супрацоўнікамі. А банк і так мае праблему адтоку дэпазытаў насельніцтва. Зараз назапашаныя банкамі і прадпрыемствамі даўгі маюць вялікі патэнцыял для фінансавых стрэсаў. У крытычнай сытуацыі можа быць дадзены палітычны загад надрукаваць грошы.

— І ўсё-такі — як у лічбах можа выглядаць «пэсымістычны» варыянт? «Аптымістычны» — гэта відаць, падзеньне на 3-4 працэнты ў выніках году?

— Пагаршэньне эканамічнай сытуацыі будзе праяўляцца праз падзеньне рэальных даходаў, падзеньне ВУП, рост даўгоў (толькі за 8 месяцаў сёлета дзяржаўны доўг вырас на 29 працэнтаў). Улады будуць усяляк імкнуцца не вяртацца да практыкі дэвальвацыі і высокай інфляцыі, таму хутчэй будуць зьніжацца даходы.

Мяркую, зьніжэньне будзе да 10 працэнтаў. Урэшце, калі сытуацыя з COVID у Беларусі і сьвеце пойдзе таксама паводле самага кепскага сцэнару — то падзеньне можа быць і большым.

— Перад выбарамі Лукашэнка замяніў урад. Для чаго, чаму ўмоўна лібэральны ўрад Румаса стаў непатрэбным? Ці праявіў урад Галоўчанкі нейкае сваё стаўленьне да эканамічных праблемаў, у чым яно выяўляецца?

— Я лічу, што эканамічныя матывы ў сьпісе прычынаў зьмены ўраду былі на 10-20-м месцы. Галоўная прычына зьмены ўраду — палітычная ляяльнасьць у час выбараў. Ніякага эканамічнага крэда новага ўраду я не бачу.

Можна сказаць, што ён накіраваны на большую дырэктыўнасьць, схільнасьць да ручнога кіраваньня эканомікай — але нельга сказаць, што такога не было ў мінулым урадзе.

Казаць, што значна зьмяніліся падыходы да эканамічнай палітыкі, я б ня стаў. Я думаю, што ад асобы не чале ўраду ў нас ня так шмат залежыць. Нехта параўнаў пасаду беларускага прэм’ер-міністра з кіроўцам тралейбусу: маршрут пракладзены — і едзь па ім.

Эксперт: «Заимствования при неработающей экономике — медленное приближение коллапса»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)