Дзяржсакратар ЗША выказаўся пра «выбары» ў Беларусі: «Рэжым Лукашэнкі баіцца ўласнага народа»

Заява Энтані Блінкена была апублікаваная на сайце Дзярждэпартамента ЗША.

Дзяржсакратар Злучаных Штатаў заявіў:

– Ва ўмовах рэпрэсій прэзідэнцкія выбары 2025 года ў Беларусі не могуць быць свабоднымі і справядлівымі. Сістэматычныя намаганні рэжыму Лукашэнкі па падаўленні любога іншадумства вызначылі вынікі выбараў задоўга да пачатку галасавання, пазбавіўшы беларускі народ магчымасці выбіраць сваіх лідараў і вызначаць сваю будучыню.

Злучаныя Штаты далучаюцца да многіх нашых еўрапейскіх саюзнікаў у ацэнцы таго, што ва ўмовах поўнай цэнзуры і адсутнасці незалежных СМІ; ва ўмовах, калі ў выбарчыя бюлетэні могуць трапіць толькі кандыдаты, ухваленыя рэжымам, а прадстаўнікі апазіцыі знаходзяцца ў зняволенні альбо ў выгнанні, вынікі выбараў не могуць быць вераемнымі.

Няздольнасць рэжыму своечасова запрасіць АБСЕ для назірання за будучымі выбарамі падкрэслівае яго пагарду да празрыстага выбарчага працэсу, а таксама да сваіх абавязкаў як дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ.

Злучаныя Штаты асуджаюць кампанію рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і яго спробы легітымізаваць выбары, якія не могуць быць свабоднымі і справядлівымі.

Падаўляе слабы, а не моцны. Беспрэцэдэнтныя меры па падаўленні любых праяў нязгоды сведчаць аб тым, што рэжым Лукашэнкі баіцца ўласнага народа. Смеласць беларусаў як унутры краіны, так і за яе межамі мае значэнне.

Злучаныя Штаты прызнаюць надзвычайную стойкасць беларускіх грамадзян і арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія працуюць над тым, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці.

Мы працягваем памятаць і выступаць у падтрымку амаль 1300 палітычных зняволеных, якія застаюцца за кратамі ў Беларусі. Злучаныя Штаты падтрымліваць беларускі народ, які патрабуе празрыстасці, дэмакратыі і свабоды.