Политика
Валер Каліноўскі, ”Радыё Свабода”

Дзяржаўныя СМІ Беларусі скардзяцца на перашкоды

Прадстаўнікі дзяржаўных СМІ Беларусі скардзяцца на перашкоды ў асьвятленьні сустрэчы прэм’ераў у Маскве. Першы канал Беларускага тэлебачаньня заявіў пра дыскрымінацыю прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ Беларусі прэсавымі службамі ўраду Расеі і Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю ў часе перамоў пра ўрэгуляваньне нафтавага крызысу.

Прынамсі, Першы канал паведаміў, што прэсавая служба ўраду Расеі не дала магчымасьці зьняць уступны выступ Сяргея Сідорскага на пачатку перамоў зь Міхалам Фрадковым. БТ назвала гэта нонсэнсам і непаразуменьнем.

У прэсавай службе расейскага Белага дому патлумачылі, што спадар Сідорскі, адрозна ад Міхаіла Фрадкова, скарыстаў магчымасьць публічнага выступу па прылёце ў аэрапорт.

Другім выпадкам дыскрымінацыі дзяржаўнай беларускай прэсы БТ назвала інцыдэнт у Мінэканамразьвіцьця Расеі, калі журналістаў дзяржаўных СМІ ўвогуле не пусьцілі на выніковы брыфінг пасьля перамоў Германа Грэфа і Андрэя Кабякова. Так паведаміла сёньня дыктарка БТ.

Дыктарка БТ: “Хоць такія паводзіны з боку чыноўнікаў і іх прэсавых службаў не зьдзіўляюць. Скампрамэтаваныя ў пляне надзейнасьці як партнэраў на перамовах, яны, хутчэй за ўсё, наўмысна ўхіляюцца ад адказаў журналістам”.

У прэсавай службе Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі былі зьдзіўлены такімі прэтэнзіямі БТ. Гаворыць супрацоўніца прэсавай службы Анастасія Зімоніна.

Зімоніна: “На ўсіх журналістаў першапачаткова пропускаў не выпісвалі. Таму што ніхто ня ведаў, будзе ці ня будзе брыфінг. І таму мы, прэсавая служба, пад сваю адказнасьць папросту заводзілі ўсіх журналістаў за руку. І мы беларусаў спыталі: ідзеце? Не, – адказалі -- чакаем беларускую дэлегацыю, каб узяць камэнтар з вынікаў сустрэчы. Ну, а потым яны ўжо не прайшлі праз ахову. Бо ўсе нашы супрацоўнікі на прэсавай канфэрэнцыі былі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)