Политика
Алена ЯКЖЫК

Дзяржаўныя медыі “працавалі” толькі на бацьку

Сёння, 10 сакавіка, Беларуская асацыяцыя журналістаў распаўсюдзіла чарговы маніторынг сродкаў масавай інфармацыі “Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2006 года у беларускіх медыях”. У справаздачы падсумоўваецца, як рэпрэзентаваліся ў электронных і друкаваных СМІ кандыдаты і асвятляліся іх выбарчыя кампаніі ў перыяд з 21 лютага па 5 сакавіка.

Як канстатавалі эксперты, час, які прызначыў для выступаў кандыдатаў у прэзідэнты Цэнтрвыбаркам не спрыяў таму, каб значная колькасць выбаршчыкаў змагла пазнаёміцца з іх праграмамі. Да таго ж тэлевыступ Аляксандра Казуліна быў скарочаны на 1 хв. 20 сек, радыёвыступ Аляксандра Мілінкевіча — на 58 сек. Кандыдат Лукашэнка, у сваю чаргу, ад выступаў адмовіўся. Замест аднаго з іх Першы нацыянальны канал зрабіў паўторную трансляцыю фільма “Теория заговора. Управляемый хаос” (21.02.2006), у якім беларуская апазіцыя і яе лідэры былі рэпрэзентаваныя ў надзвычай адмоўным святле. Разам з тым, 2 сакавіка тры гадзіны ў наўпроставым эфіры ўсіх дзяржаўных тэле і радыёканалаў доўжылася прамова Лукашэнкі на Трэцім Усебеларускім народным сходзе. Пазней яна паўтаралася ў напалову скарочаным варыянце ў прайм-тайм падчас выхаду ў эфір праграм навінаў. У той жа дзень у газетах “Советская Белоруссия” і “Звязда” на першых палосах з вялізнымі фотаздымкамі была надукаваная перадвыбарчая праграма Лукашэнкі, якая ўтрымлівала аднолькавыя палажэнні з тымі, што прагучалі ў тэлевыступе. Для параўнання, 7 сакавіка “СБ” надрукавала праграмы Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Казуліна на 14 і 15 палосах з “пашпартнымі” фотаздымкамі.

Перадвыбарчую дзейнасць альтэрнатыўных кандыдатаў праігнаравалі і дзяржаўныя друкаваныя СМІ. У гэты перыяд “Звязда” нічога не пісала пра Гайдукевіча, Казуліну дасталася 0,02%, Мілінкевічу — 0,03% (Лукашэнку ж 30,86 % параўнальна з астатнімі суб’ектамі маніторынгу). Недзяржаўныя ж газеты пісалі пра дзейнасць практычна ўсіх кандыдатаў. 

“Дзяржаўныя электронныя і друкаваныя медыі фактычна “працавалі” на карысць толькі аднаго кандыдата, рэпрэзентуючы яго станоўча ці надзвычай станоўча. Астатнія кандыдаты характарызаваліся пераважна негатыўна ці ніяк не характарызаваліся”, — такую выснову робіць БАЖ, падсумоўваючы вынікі маніторынгу.

  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)