Беседка

Джордж Крол: «Ваша здольнасць хутка аднаўляцца — сапраўдны беларускі цуд»

Напрыканцы ліпеня Мінск пакіне самы шчыры беларус сярод замежных дыпламатаў —амерыканскі амбасадар Джордж Крол вяртаецца ў Вашынгтон, дзе ў бліжэйшы год будзе працаваць выкладчыкам ва Універсітэце Узброеных сілаў ЗША. Педагагічныя здольнасці Джорджа Крола не выклікаюць ніякіх сумненняў — ніхто з замежнікаў яшчэ не дасягаў такіх поспехаў у навучанні беларусаў іх роднай мове. «Калі я вандрую па краіне, вяду гутаркі з людзьмі цалкам па-беларуску. Спачатку яны здзіўляюцца, а праз пятнаццаць хвілін пачынаюць размаўляць на адной мове са мной», — на развітанне дыпламат не стаў утойваць сакрэтаў адмысловай методыкі навучання.

Джодж Крол спадзяецца, што ягоная бібліятэка беларускай літаратуры будзе найвялікшай у ЗША, а калегі па дыпламатычным корпусе ў Беларусі і пасля ягонага ад'езду не забудуцца на ўведзеную амерыканскім амбасадарам практыку чытаць афіцыйныя прамовы на беларускай мове.

Вось што думае Джордж Крол пра сённяшні і заўтрашні дзень Беларусі.

Пра «чорны» спіс

— Мэта санкцый, уведзеных ЗША і Эўразвязам, —прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да таго, што адбываецца ў Беларусі. Да таго ж, людзі, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях супраць сваіх суайчыннікаў, цяпер ведаюць, што такія дзеянні не застануцца без пакарання. Санкцыі павінны стрымліваць тых, хто пакуль яшчэ не трапіў пад іх.

Пасля вынясення прысуду экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Аляксандру Казуліну ЗША пашырылі спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронена наведваць Злучаныя Штаты. Пад забарону трапілі суддзя Аляксей Рыбакоў і пракурор Сяргей Бортнік, — паведаміў Джордж Крол.

Ён не выключае, што «чорны» спіс у далейшым будзе пашыраны.

Пра «супрацьамерыканскую кааліцыю»

22-24 ліпеня прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі наведае з афіцыйным візітам Беларусь. За некалькі дзён да таго міністр абароны Беларусі Леанід Мальцаў вернецца з Кубы, дзе будзе гасцяваць па запрашэнні Рэвалюцыйных Узброеных сілаў. Гэта дае падставы меркаваць, што Беларусь яднаецца з краінамі Лацінскай і Паўднёвай Амерыкі супраць ЗША.

— Я не бачу такой кааліцыі. Ёсць краіны, якія нельга аднесці ў шэраг сяброў ЗША. Але, што датычыць Беларусі, мяне больш турбуе нелегальны гандаль зброяй з Суданам і Блізкім Усходам, — адзначыў Джордж Крол.

Пра еўрапейскі шлях Беларусі

Джордж Крол упэўнены, што краіна далучыцца да агульнаеўрапейскіх працэсаў інтэграцыі:

— Гэта справа часу. Беларуская моладзь усё больш набліжаецца да еўрапейскай культуры, а эканоміка Беларусі — да эканомікі Еўропы. Але сённяшняя сістэма каштоўнасцей, дзяржаўнага кантролю і эканомікі Беларусі нагадвае савецкую, якая з'яўлялася бесперспектыўнай. Яе знікненне — гэта не вынік палітыкі ЗША ці НАТА, а сведчанне сацыяльных, палітычных і эканамічных недахопаў самой сістэмы. Зараз у Беларусі ідзе барацьба паміж савецкімі і еўрапейскімі каштоўнасцямі, — лічыць Джордж Крол. — Але беларускі народ за сваю гісторыю змог пераадолець мноства цяжкасцей. Ваша здольнасць хутка аднаўляцца — сапраўдны беларускі цуд! Гэты народ павінен быць часткай Еўропы.

Пра Саюзную дзяржаву

— ЗША не прызнаюць вынікі рэферэндуму па стварэнні Cаюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, — паведаміў Джордж Крол. — У Беларусі шляхам плебісцыту цяжка даведацца пра адэкватнае меркаванне народа. Існуе таксама заклапочанасць у адносінах да таго, што аналагічны рэферэндум у Расіі будзе дэмакратычным.

Пра сюжэты БТ

— Крытыка палітыкі ЗША — гэта справа нармальная, — лічыць Джордж Крол. — Але калі я чую з экрана тэлевізара відавочную хлусню! Калі візіт да дзетак Дзеда Мароза па тэлебачанні называюць чарговай сустрэчай амерыканскіх дыпламатаў з апазіцыяй — гэта абурае.

Пра паслядоўніка

— Прызначэнне новага кіраўніка дыпмісіі ЗША — справа часу. Гэта няпросты працэс — амбасадара прызначае прэзідэнт ЗША, затым зацвярджае сенат, — патлумачыў Джордж Крол, адказваючы на пытанне, ці не паўплываюць уведзеныя супраць чыноўнікаў санкцыі на дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і ЗША.

Пра самае яскравае ўражанне

— 25 сакавіка, калі я назіраў за мітынгам у скверы Янкі Купалы, я адчуваў атмасферу свабоды, подых свежага паветра, якія я памятую з тых часоў, як быў у Беларусі ў пачатку 1990-х. Гэта было пачуццё еднасці і павагі да людзей. Нават да тых, якія мелі іншы пункт гледжання.

Запісала Марына Загорская

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)